„Фатограф”
У сувязі са справай Аляксандра Літвіненкі ў масавай свядомасці зноў усплыла злавесная абрэвіятура KGB. Літары цяпер памяняліся, сутнасць – не.
А мне прыгадалася даўняя гісторыя уласных дачыненняў з гэтай „канторай”. Цяпер усё выглядае досыць забаўна, тады так не здавалася.
… Была вясна 1990 года. Я сядзеў надвячоркам адзін у нашай двухпакаёўцы – ані швагра Андрэя, ані Крысціны дома не было. Пазванілі ў дзверы. Я адчыніў. У вочы кінуліся велізарныя чаравікі, метры са два над імі віднеўся пануры твар. „Вам павестка. Распішыцеся”. І гігант уручыў мне паперчыну, якая загадвала мне ў акрэслены час з’явіцца ў ваенкамат для праходжання вайсковых збораў. Вясёлага было мала, але што зробіш, – шмат хто з маіх знаёмых ужо пабываў у „партызанах”, як тады называлі такія „зборы”.
У ваенкамаце афіцэр зірнуў на маю павестку і абыякава паказаў рукою на суседні кабінет. У азначаным месцы сядзеў вусаты чалавек у цывільным. Звярнулі на сябе ўвагу залатыя запінкі з рубінавымі каменьчыкамі, тады ніхто такіх не насіў. Прыязна ўсміхнуўшыся, ён прывітаўся і прадставіўся: „Вальдэмар, можна – Уладзімір.” І паказаў чырвоную кніжачку з усім вядомымі трыма літарамі. Я так разгубіўся, што не запомніў ні прозвішча, ні звання, – зрэшты, хутчэй за ўсё, на гэта і быў разлік.
І пачалася досыць доўгая размова – аб перабудове, аб пераменах, але большай часткай пра мяне. Які я добры, як станоўча праяўляю сябе ў асабістым і грамадзкім жыцці, – якраз такія асобы найбольш ім, КГБ, найбольш патрэбны, каб мець аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што робіцца ў народзе. Без гэтага партыі цяжка прымаць правільныя рашэнні. Зрэшты, размовай гэта цяжка было назваць, агаломшаны, я маўчаў. Вальдэмар і не настойваў на разгорнутых адказах. Урэшце сказаў, што яму будзе прыемна сустрэцца яшчэ раз, але ён сам паведаміць, дзе і калі. А пакуль я вольны, але, вядома ж, пра гэту размову нікому ані паўслоўца.
Вечарам таго ж дня я паехаў у „Лясную хатку”. Лявон Луцкевіч успрыняў маю гісторыю сур’ёзна. Ён здаўна жыў „пад каўпаком” спецслужбаў, яго імя ўзгадвалі ў мярзотных артыкулах кшталту „Людзі з мінулага”, мы не маглі зрабіць яго сябрам новастворанага клубу „Сябрына”… Цяпер выглядае абсурдна – магутная, да зубоў узброеная імперыя баялася трох пажылых людзей, што жылі ў сціплай глінабітнай хатцы пасярод лесу. Але ў той вечар галоўным пытаннем было – як мне сябе паводзіць? Дзядзька Лявон раіў быць асцярожным. І прыгадаў пра аднаго дзеяча, што канфліктаваў з „камітэтчыкамі”, і яго аднойчы знайшлі на дне кар’ера, п’янага, і з праламанай галавой, а было вядома, што чалавек гэты не піў увогуле. І Лявон Луцкевіч сказаў, што мне варта пагадзіцца на гэтыя сустрэчы, каб даведацца, чаго яны хочуць. „Чаго ж яны хочуць?” – падкрэсліў.
Наступным вечарам я апавёў свае клопаты яшчэ и свайму найлепшаму сябру, В.С. Сустрэча адбылася па ўсіх правілах канспірацыі – у прыцемках, пасярод дзіцячай пляцоўкі з пясочніцамі, грыбкамі і конікамі. Але сябар нічога мне не змог параіць.
І так пачаліся „сустрэчы”. Я знаходзіў у паштовай скрынцы цыдулку з прызначаным месцам і часам. „Вальдэмар – Уладзімір” пад’язджаў на сціплым „Масквічы”, я сядаў побач, і мы ехалі кудысь у бязлюднае месца.”Кум” гаварыў не змаўкаючы. Аб ворагах перабудовы, якія распаўсюджваюць ману аб нейкіх „сакрэтных пратаколах” да дамовы Молатаў – Рыбентроп. Пра небяспеку нацыяналістаў, што пішуць на сценах – „Каланта, вярніся!” Можа, я дзесь бачыў такі надпіс? (Ромас Каланта – хлопец, які самаспаліўся ў знак пратэсту супраць савецкай акупацыі). І так далей, і таму падобнае. Можа, мне патрэбна матэрыяльная дапамога, у іх вялікія магчымасці. Не, не патрэбна, я добра зарабляю.
Вечарам я ехаў са „справаздачай” у „Лясную хатку”. Так цягнулася ўсё лета. На псіхіку гэта дзейнічала страшэнна. Увесь час увага была напружанай. Бо тактыка была такая. Размова магла быць пра што заўгодна – пра дарогі, пра парэчкі, і, раптам, бы незнарок – „А NN бывае ў Луцкевіча?” Не, не бывае. Хоць, вядома, пазаўчора там жа яго і бачыў…
Шмат пазней я размаўляў з адным гісторыкам з Беларусі, які меў досвед падобнага „сяброўства”. Уразіла, што і ягоны, і мой „кум”, гаварылі амаль аднолькавымі фразамі, ужывалі гэткія самыя прыёмчыкі. Адна школа…
„Вальдэмар – Уладзімір” сказаў, што ён часам можа зазірнуць і да мяне дахаты. „А вы скажыце, што гэта знаёмы фатограф”. І прыходзіў адзін раз, але мяне не застаў. Крысціна яго адразу пазнала, бо я перад гэтым намаляваў па памяці ягоны партрэт, і не пусціла ў кватэру.
Усе гэтыя рандэву і гульня ў кошкі-мышкі апрыкралі мне як горкая рэдзька. А тут якраз у газеце „Советская культура” з’явіўся гнеўны артыкул пра тое, як ФБР змушае бібліятэкараў у Амерыцы даносіць на сваіх чытачоў. І я напісаў не меньш палымяны ліст – як жа так, мы крытыкуем імперыялістаў, а самі займаемся тым жа! І ўручыў яго „куму”. Той не збянтэжыўся, спакойна паклаў яго сабе ў папачку. Тым не меньш, яшчэ адна сустрэча адбылася, як ні ў чым ні бывала.
А потым усё неяк прыціхла. Была ўжо восень, справы разгортваліся сур’ёзныя, „Саюдзіс” актывізаваўся на ўсю моц. У нашай кватэры таксама адбыліся перамены – швагра Андрэй знайшоў сабе вясёлую дзябёлую сялянскую дзеўку, і тут жа ажаніўся з ёй. Але мы былі ў ад’ездзе, і на іхнім сціплым вяселлі не пабывалі.
„Вальдэмар” некуды знік, я таксама меў па вушы сваіх клопатаў, – працаваў тады ў рэдакцыі дзіцячага часопіса „Лола”, занятак быў цікавы, да таго ж займаўся сваім жывапісам. Гісторыя з „канторай” паступова забывалася.
І вось раптам знаходжу ў паштовай скрынцы паперыну – „Пазваніце фатографу!” І нумар тэлефону. Усё ўва мне пахаладзела – значыць, нічога не забыта…
А тады якраз у Маскве адбываўся славуты З’езд народных дэпутатаў, непасрэдныя трансляцыі якога слухала ўся краіна. Было ўключана радыё і ў мяне. І я чуў, як хтось усхваляваным голасам казаў – што, калі б рэкі крыві, пралітай КГБ, хлынулі на Лубянскую плошчу, то яны б знеслі ўвесь гэты пракляты будынак з усімі злачынцамі. якія там сядзяць!
Гэта было апошняй кропляй – ну, „фатограф”, зараз я табе пазваню! І скажу шчыра ўсё, што думаю пра цябе, і пра тваю „кантору”!
Тэлефон быў у суседкі паверхам ніжэй, яна пакідала ключ і дазваляла карыстацца. Бягом, праз дзве прыступкі, я пабег туды, ухапіў слухаўку, набраў нумар і выціснуў праз зубы – „Я знайшоў вашу запіску…” „Колькі можна чакаць!? – раздаўся крык на тым баку. – Вяселле было месяц таму, а вы ўсё ніяк здымкі не забіраеце!”
Нямая сцэна.
„Вальдэмара” я выпадкова сустрэў яшчэ раз у краме непадалёк Вярхоўнага Савета Літвы. Але ён зрабіў выгляд, што мяне не ведае. Я – таксама.
Яшчэ і дзеля гэтай гісторыі мы з такім імпэтам кінуліся ў вір віленскіх падзеяў трывожнай зімы 1990 – 1991 года. Але гэта – асобная тэма.
Цяпер, прыгадваючы мінулае, лаўлю сябе на тым, што ўва мне няма на гэтага чалавека ані асаблівай злосці, ані крыўды. Звычайны дробны чыноўнік, які яўна кар’еры не зрабіў, вось і даручылі распрацоўваць такіх дробных „ворагаў”. З іншага боку – калі б ён атрымаў загад адправіць мяне на дно кар’ера?…
І яшчэ пытанне – калі „Вальдэмар” ведаў пра кожны мой крок перад сустрэчай, то нехта ж з майго атачэння яму пра ўсё дакладваў?..