Інвазія цемры



Трагедыя лайнера Airbus A321 пры ўсёй сваёй жахлівасці можа стаць толькі звяном у ланцужку наступных, не менш подлых.

Так, як у Дрэздэне, Хірасіме ды Нагасакі, за дзеянні сваіх кіруючых колаў спаўна расплаціліся зусім невінаватыя людзі. Неістотна, хто з ахвяраў Дрэздэна падтрымліваў Гітлера, ці не, — лёс для ўсіх быў адзін. Тое ж тычыцца і японцаў, пацярпелых за вайну, распачатую ўласным імператарам.

Гэтую простую, але крамольную ісціну, што аварыя была помстай за расейскае ўмяшальніцтва ў сірыйскія справы, як маглі, стараліся скрыць кіруючыя крамлёўскія колы. Яны да апошняга прытрымліваліся версіі, што сучасны самалёт, які налётаў 15 гадоў пры гарантыйных 20, разваліўся сам па сабе, бы зроблены з гліны, — і ніякі тэрарыстычны акт тут ні пры чым.

Увогуле, ці быў у Расеі хоць адзін тэрарыстычны замах, пра які прапаганда адразу ж не пачала б ілгаць мэтанакіравана і паслядоўна?

Разабрацца ў гэтым клубку ілжы надзвычай складана. Крэмль цвердзіць, што ягоныя дзеянні ў Сірыі скіраваныя супраць так званай „Ісламскай дзяржавы”.

У той жа час, замежныя СМІ сведчаць, што расейскія самалёты бамбяць пазіцыі зусім не ІД, а войска, якое змагаецца з дыктатарам Асадам.

Усё часцей даводзіцца чытаць прызнанні, што і ў Сірыі, як і ва Украіне: высокадухоўная Расея змагаецца ў рэшце рэшт не з кім іншым, як з прагнілым і драпежным Захадам. Сапраўды, навошта Крамлю варагаваць з ісламам?

РПЦ вуснамі сваіх найвышэйшых іерархаў неаднаразова падкрэслівала, што іслам ёй куды бліжэйшы, чым каталіцтва і пратэстанцтва. Няма ніякіх сумненняў, што яны б шукалі хаўрусу і з той жа ІД, калі б не зацяты фанатызм кіраўнікоў гэтай тэрарыстычнай арганізацыі, якія аб’явілі „джыхад” „расейскаму шайтану”. І так Крэмль замест хаўрусніка ў барацьбе з праклятым Захадам, атрымаў заклятага і бязлітаснага ворага, для якога не існуе ніякіх маральных перашкодаў і сумненняў.

У пэўным сэнсе паўтараецца гісторыя з часоў перад Другой сусветнай вайной, калі  СССР намагаўся шчыльна сябраваць з Гітлерам, аж пакуль не давялося змагацца  з ім не на жыццё, а на смерць. Захад тады, няхай сабе не да канца, але разумеў, што такое сталінскі рэжым. Аднак палічыў за лепшае падтрымаць менавіта яго, бо нацызм быў залішне яскравым злом.

Нешта падобнае можа адбыцца і цяпер. Калі сутыкнуцца дзве цёмныя сілы, Расея, якая ўжо натварыла столькі злачынстваў і подласці, і ісламскія фанатыкі, якія найбольш праславіліся нечуванымі зверствамі, ды знішчэннем бясцэнных помнікаў культуры.

У час, калі гэтыя два драконы счэпяцца ў смяртэльнай барацьбе, няма сумненняў, што Захад, сціснуўшы зубы і заціснуўшы нос, усё ж падтрымае менавіта Расею, як меншае зло. Расейцы, пры ўсім тым, што яны натварылі апошнім часам, усё ж належаць да той самай хрысціянскай цывілізацыі, які б знявечаны ейны вобраз яны не адстойвалі.

„Ісламская дзяржава” — зло, хімічна чыстае. Дамаўляцца з імі бескарысна — якія ўмовы можна ставіць фанатыку, што не толькі не баіцца смерці, а ,наадварот, яе прагне, каб хутчэй патрапіць у абяцаны імамамі рай, дзе кожнага муджахеда ўжо чакаюць 72 спакусныя гурыі, бясконцая капуляцыя і ежа – пітво колькі ўлезе.

Нармальнаму чалавеку цяжка ўкладваецца ў галаве, як дарослы свядомы чалавек можа верыць у такую лухту. Гэтыя ж не толькі вераць, а ідуць дзеля такой перспектывы на смерць.

Расейцы ж пры ўсім тым, якія яны ёсць, хочуць жыць, карыстацца нарабаваным багаццем, віламі з басейнамі, банкаўскімі рахункамі, — і то на гэтым свеце, не дужа верачы ў райскія асалоды пасля смерці. Таму дастукацца да рэшткаў іхняга розуму складана, але магчыма.

Каторы раз пацвярджаецца старая ісціна — калі Бог кагось хоча пакараць, дык пазбаўляе яго розуму. Якім жа трэба быць ідыётам, каб перад абліччам рэальна існуючага бязлітаснага ворага, ісламскага фанатызму, замест таго, каб умацоўваць сувязі з аб’ектыўнымі саюзнікамі, — тымі ж Еўропай і Амерыкай, з якімі ва ўсіх нас столькі супольных гістарычных і культурных каштоўнасцяў, — усялякім чынам псаваць з імі адносіны, абвяшчаць іх ворагамі „высокадухоўнай Расеі”.

Ніякі прарок не скажа, чым усё гэта скончыцца, асабліва, калі ўзяць пад увагу, што і Захад перажывае не лепшыя часы, — дэфіцыт разумных і рашучых палітыкаў,культурны ўпадак, інвазію чужаземцаў… Расея ж, чым далей, тым больш пагружаецца ў нейкі эрзац Сярэднявечча, і не бачна той сілы, якая магла б змяніць гэты вектар развіцця.

Не так даўно спадзяваліся: дастаткова разбурыць уладу КПСС, даць волю праваслаўнай веры, — і пачнецца маральны ўздым і росквіт. Атрымалася ж з дакладнасцю да наадварот. РПЦ замест крыніцы духоўнага адраджэння сталася рассаднікам самага прымітыўнага цемрашальства. Дайшло да таго, што нядаўна найвышэйшы іерарх, патрыярх Кірыл, заклікаў цаніць у бальшавіцкіх лідарах, нягледзячы на іх злачынствы, тое, што яны зрабілі краіну магутнай і мадэрнізаванай. Гэта значыць, кошт і метады гэтай „мадэрнізацыі”, не маюць значэння. Калі рыба гніе з галавы, то што казаць пра ўвесь клір і вернікаў?

Скажуць: чаго хацець ад РПЦ, якая за Саветамі фактычна кіравалася КГБ, і гэтак жа верна служыць уладзе і цяпер. Але калі РПЦ была прагрэсіўнай, светлай і чыстай? Уцарскія часы? Пачытайце тагачасную літаратуру, прыгледзьцеся да твораў мастакоў-перасоўнікаў пра духавенства… Няўжо яны ўсе паклёпнічалі?

Нельга спадзявацца, што хтось добр, вялікі і мудры, возьме нас за ручку, і выведзе да святла. Кожны мусіць шукаць свой шлях з цемры самастойна, хай сабе памыляючыся і спатыкаючыся. Істотна абраць правільныя арыенціры.

І гэта ёсць галоўная наша задача.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ