Іскры ў попеле
Думаю, не ў аднаго мяне часам бязвольна апускаюцца рукі, калі думаеш, або чытаеш пра стан сённяшняй Беларусі. Надзеі на добрае амаль няма – татальная русіфікацыя амаль завершана, чужынцы будуюць свае базы на нашай зямлі, а галоўнае – поўная апатыя насельніцтва да ўсяго, да мінуўшчыны, да цяпершчыны і будучыні.
Поўным ходам ідзе будаўніцтва АЭС, якая можа ў будучыні знішчыць усё жывое на нашай зямлі.Ужо няма сумненняў, што неўзабаве адбудуцца „выбары”, што распад і гніенне пасля іх будуць такімі ж, як і перад тым. Перамены будуць толькі ў знешнасці Пераемніка, Мікалая Аляксандравіча, – неўзабаве ў яго праклюнуцца першыя вусікі, потым не выключана чарговая папраўка ў Канстытуцыю наконт зніжэння ўзросту кандыдата ў Прэзідэнты…
„А ці ёсць цяпер беларускі народ?” – спытала нас калісь Зоська Верас. Не памятаю, што мы тады напісалі ў ейны размоўны сшытак (яна ж нічога не чула…). Бадай што нешта суцяшальна-абцякальнае…
Сёння б я адказаў адназначна – не, няма. І на месцы нацыянальнай самасвядомасці – папялішча. Зрэшты, я ніколі не хварэў народапаклонствам, сам выйшаў з гэтага самага „народа”, з самых што ні на ёсць нізоў, і не маю наконт яго ніякіх ілюзій. Народ – гэта гліна, бетон, цэгла, у руках моцных гэтага свету. І не толькі беларускі, кожны. Самы лепшы будаўнічы матэрыял застанецца бясформеннай кучай, пакуль не прыйдзе рашучы будаўнік, – архітэктар з дасведчанымі мулярамі. Так будавалі свае імперыі Чынгіз-хан, Цэзар, Напалеон, Гітлер, Сталін. І народы са ззяючымі энтузіязмам вачамі здзяйснялі сваім коштам іхнія ідэі, хай сабе і самыя вар’яцкія.
Ідэальныя якасці народа ў вачах любога тырана – сабачая адданасць, конская працавітасць, і курыныя мазгі. Яскравы прыклад – хоць у Палату эталонаў занось, – вясковы ансамбль „Крынічанька” з лізаблюдзкай „песняй” пра свайго мясцовага тырана. Як жа за яе ўхапілася ўлада, як стала „раскручваць ” – тут табе і тэлевізія, і падтанцоўка, і слава! А як жа, – народ спявае, сам, ад усяго сэрца, без прымусу! Цікава было б параўнаць падобнага тыпу опусы ў гонар Сталіна, Гітлера, Пілсудскага ці Чаўшэску, – напэўна ж такія былі!
Характэрная рыса – нянавісць вядучага да беларускай мовы была такой, што яму нават не прайшла праз зубы назва „Крынічанька”, і ён аб’явіў – „Перед вами ансамбль „Криница”!
У сваім бясконца сумным тэксце „Як я слухаў Купалу”(„Дзеяслоў” 2 ’ 15) Мікола Гіль піша, што „адзіная надзея на народ”.
Не, спадар Мікола, не той цяпер час, калі можна спадзявацца на народ. Народ не вытрымаў соцень гадоў здзеку, уціску і прыгнёту. Гэта ўжо не народ – насельніцтва. Так гіне, засыхае дрэва, хоць яшчэ й стаіць, і зелянеюць пакуль нешматлікія галінкі, ды кволыя парасткі адрастаюць ад кораня.
Што там казаць пра нашыя часы – успомнім евангельскія. Колькі Хрыстос прапаведаваў, навучаў натоўпы, – а ці ж выступіў хоць хтось у Яго абарону ў адпаведны момант? Дружна крычалі – „Распні яго!”
Але ж Ён усё гэта прадбачыў, і надзею ўскладваў не на „народ”, а на „соль зямлі”, Апосталаў!
Тое ж і ў нас. Пакуль яшчэ тлеюць – успыхваюць на беларускім папялішчы асобныя іскрынкі – не гасне надзея, што разгарыцца Полымя. Іскрынкі гэтыя – усе мы, хто гаворыць, піша, думае па-беларуску, якімі б сціплымі магчымасцямі ні быў надзелены. Рабі, што ў тваіх сілах, да чаго здатны: можаш пісаць кнігі – пішы, маеш талент да музыкі – іграй і спявай, расчульвай душы вершам… А калі ты проста добры гаспадар – будуй гаспадарку на карысць сабе і людзям! Маеш адвагу і палымянае сэрца – ідзі на Плошчу, заві за сабой іншых, нясмелых.
І трэба раз і назаўсёды выкінуць з галавы бальшавіцкія казкі пра „народ”, які ніколі і ні ў чым не памыляецца. Гэтыя погляды выгадны толькі тыранам, гэта яны падкідваюць ідэйку, што народ – гэта тыя, хто махае віламі і рыдлёўкай, доіць і пасе кароў, горбіцца ля канвеера, або падмятае вуліцы. Гэта як бы настаўнік ламаў шапку і ганарыўся не тымі выпускнікамі, што сталі інжынерамі, архітэктарамі і навукоўцамі, а былымі троечнікамі, цяперашнімі землякопамі, сантэхнікамі і дворнікамі ды бамжамі.
Нашу будучыню, наша жыццё вырашаюць адзінкі, таленты, – гэта яны вынаходзяць новыя тэхналогіі, ствараюць навуковыя тэорыі і творы мастацтва. Няма і быць не можа ніякага „народнага” мастацтва. Мастацтва – песні, музыку, вершы, заўсёды ствараюць адзінкі, самаадданыя і ўпартыя таленты. „Народнымі” ж яны становяцца толькі тады, калі робяцца папулярнымі. а імя аўтара забываецца. Ці ж мы самі, выйшаўшы з кінатэатру, заўсёды памятаем прозвішча рэжысёра, а тым больш – сцэнарыста?
Тое ж і з народнымі песнямі. Народ, як марская вада, здольны толькі абкатаць, адшліфаваць тое, што ўжо існуе ў прыродзе, створанае іншымі. Стадыён можа сабрацца паслухаць шлягер. Але ніякі стадыён шлягеру не створыць.
Народ не творыць – народ падхоплівае створанае, калі яно закранае нейкія ягоныя запаветныя струны.
Тыраны і захопнікі заўсёды гэта ведалі. Пагэтаму яны, крывадушна ўсхваляючы „народ”, старанна і мэтанакіравана вынішчалі сапраўдных творцаў. Каб заставаліся толькі „Криницы” з сабача адданымі вачыма і курынымі мазгамі.
Так, мы жывём на папялішчы.
Але іскрынкі ў попеле не згаслі.
І іх становіцца ўсё больш.
І надзея на тое, што полымя ўспыхне – разгараецца.