Лом як аргумент



У нас тут, у Вільні, нештодзённая падзея – аўтару славутай „скульптуры”, якую ў народзе ласкава завуць „Труба” (бо гэта і ёсць кавалак каналізацыйнай трубы), прысуджана Нацыянальная прэмія Літвы 2015 года. Гэта – самая высокая ўзнагарода дзяржавы, вышэйшай проста няма. Рэдка каму выпадае шчасце яе атрымаць – напрыклад, знакаміты майстар, скульптар Гедымінас Ёкубоніс, аўтар шматлікіх помнікаў , „Маці Пірчупіса”, Майронісу ў Коўне, Міцкевічу ў Вільні, Нацыянальнай прэміі не дачакаўся. Затое яе атрымалі іншыя ягоныя калегі – Дэймантас Наркявіч’юс (аўтар чаравіка, падвешанага за шнурок да вентылятара), ну, і цяпер Уладас Урбанавіч’юс, аўтар „Аркі на набярэжнай”, г. зн. „Трубы”. Дарэчы, пан Дэймантас быў у складзе прэміяльнай камісіі, гэта ўсё адна кампанія, яны сваіх у крыўду не даюць.

Варта нагадаць, што мінулай восенню былі выламаны з Зялёнага мосту і вывезены ў невядомым кірунку соцрэалістычныя скульптуры 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Найлепшых тагачасных літоўскіх скульптароў, між іншым. Цяпер нічога не засланяе віду на „Трубу”, і не наводзіць на непатрэбныя думкі. Што лепш, а што горш, дзе больш мастацтва, а дзе меньш – дылема вырашана з дапамогай лому, супроць якога, як вядома, няма прыёму.

Аўтар „Трубы” атрымаў сваю прэмію, як было акрэслена ў пастанове, за „гармонію формы і думкі”. Іронія лёсу ў тым, што якраз знішчаныя скульптуры найбольш падыходзілі пад гэту фармулёўку – савецкія ідэолагі насаджалі думку, што ў СССР нібыта самыя галоўныя і прывілеяваныя людзі – гэта простыя рабочыя, калгаснікі ды „працоўныя інтэлігенты”. Гэту ідэю з усім магчымым майстэрствам і ўвасаблялі аўтары ліквідаваных твораў. Якую думку хацеў перадаць аўтар „Трубы” – таямніца. Існуе нямала артыкулаў на гэту тэму. У асноўным гэта псеўдаінтэлектуальная дэмагогія, з якой надзвычай цяжка выціснуць штось рацыянальнае. Аказваецца, тое, што труба брудная і іржавая – гэта пратэст супраць кансумпцыйнага грамадства. А яе вартасць пацвярджаецца абурэннем публікі. Затое, цешыцца газета „Lietuvos rytas”, камісія па прэміях навучылася рабіць правільны выбар, не звяртаючы ўвагу на грамадзкую думку. Бо шырокія масы дамагаюцца толькі князёў ды анёлаў. А высокія эстэтычныя вартасці твораў кшталту „Трубы” могуць ацаніць толькі асобы з правільна выхаваным, вытанчаным густам і высокім інтэлектам. І такія якасці трэба узгадоўваць яшчэ ў школе, прывіваць правільнае разуменне сучаснага мастацтва.

Нацыянальная прэмія, якой ушанаваны помнік абсурду і брыдоце – у пэўным сэнсе справа дадатная. Без гэтай прэміі ідыятызм і зацьменне розуму былі нейкімі незавершанымі, няпоўнымі. Цяпер жа вяршыня (як здаецца камісіі, а на самай справе –  дно) дасягнута, і непазбежна пачнецца рух у іншым кірунку. Не, вядома ж, не адразу, – о, цяпер такія „творы” палезуць адусюль, як грыбы, але будзе расці і абурэнне інвазіяй брыдоты.

Цемра прыходзіць часам надоўга – але не навечна.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ