Магільшчыкі ці каталізатары?



Не сціхае медыйная бура, выкліканая нябачаным наплывам сірыйскіх ды іншых бежанцаў у Еўропу. Выказваюцца самыя розныя думкі – ад песімістычнай, што гэта крах еўрапейскай цывілізацыі, прадказаны яшчэ Освальдам Шпенглерам, да аптымістычных пераконванняў, што Еўропа і не такія навалы перамагала.

Адзін з найбольш яркіх тэкстаў на гэту тэму – „Хоронить заказывали?” Міхаіла Веллера на сайце „Эхо Москвы”. Веллер – пісьменнік таленавіты і папулярны, чаго яму не могуць прабачыць калегі па цэху. Пісьменнікі, як, зрэшта, і іншыя творцы, могуць прабачыць калегам па рамяству амаль усё, проч фінансавага поспеху. Магчыма, яшчэ і таму гэты тэкст, які, па сутнасці з’яўляецца канцэнтратам поглядаў, выкладзеных Веллерам дзесятак гадоў таму ў кнізе „Касандра”, так бязлітасна крытыкуецца. Нехта нават прыгадаў, што Веллер калісьці апраўдваў фашызм, – у што цяжка паверыць, прыгадаўшы „пяты пункт” аўтара.

Тым не менш, аргументы аўтараў, нязгодных з тэзай пра гібель Еўропы, выглядаюць таксама пераканаўча. Пераказваць погляды адных і другіх не мае сэнсу – кожны можа пазнаёміцца з імі самастойна. Гэта тым больш карысна, што абодва бакі прадстаўлены людзьмі таленавітымі, якія валодаюць словам і ўмеюць абгрунтоўваць свае пазіцыі.

Застаецца паспрабаваць уставіць свае „тры капейкі”, абапіраючыся на зусім ужо бясспрэчныя праўды. Не хочацца прыпадабняцца „канапным палітыкам”, якія ведаюць вырашэнне ўсіх праблем – ад украінскага крызісу да глабальнага пацяплення.

Я ж, уважліва прачытаўшы ўсё, што было даступна на гэту тэму, прыйшоў да нечаканай высновы – што рацыю маюць абодва бакі. Куды павернецца сітуацыя, невядома нікому. Можа быць так, а можа іначай. Справу можа вырашыць выпадак, або славуты „чалавечы фактар”. Сапраўды – калі б не было ні Напалеона, ні Гітлера, ні Сталіна, – ці ж гэтаксама выглядала б еўрапейская гісторыя? Цяжка не пагадзіцца з думкай, што праблема не столькі ў саміх ісламскіх мігрантах, колькі ў паралічу волі еўрапейскіх палітыкаў, няздольных рашуча паставіць на месца не такіх ужо і шматлікіх радыкалаў і проста бандытаў, што тэрарызуюць насельніцтва еўрапейскіх гарадоў, прыкрываючыся сваімі „правамі”. Гэта як у школе  – у бяздарнага і слабавольнага настаўніка любы клас у рэшце рэшт разбэшчваецца і выходзіць з-пад кантролю.

Няма сумненняў, што сярод бежанцаў, што наваднілі Еўропу, мноства тых, хто не збіраецца пераймаць мясцовыя парадкі і звычаі, а намерваецца проста соладка жыць коштам мясцовых падаткаплацельшчыкаў, не даючы нічога ўзамен. Але ж успомнім такія імёны, як Элі Сааб, Зухайр Мурад – сусветнавядомых ліванскіх дызайнераў, якія пакарылі сэрцы не толькі еўрапейскіх модніц, таленты якіх, аднак, раскрыліся менавіта на еўрапейскай глебе. А геніяльная жанчына архітэктар Заха Хадзід, якая развіла і падняла на новы ўзровень традыцыі еўрапейскай архітэктуры!  Або  – ці ж можна ўявіць сабе амерыканскі культурны краявід без джазу, класікамі якога сталіся чорнаскурыя выхадцы з Афрыкі! І ўвогуле, для культуры найбольш карысныя памежныя сітуацыі, узаемапранікненне самых розных уплываў, „генны вінегрэт”. Італьянскі габрэй Мадыльяні, беларускія габрэі Шагал і Суцін, беларус Кастравіцкі, што стаўся Апалінэрам – сталіся гонарам французскай культуры, краіны, якая ўвогуле не надта ахвотна вітае чужаземцаў. Ці ўзяць Расею  – мулат Пушкін, нашчадак немцаў фон Візен, вядомы, як Фанвізін, нашчадак шатландцаў Лермантаў, скандынаў Даль, і так далей…

Пагэтаму падаецца бясспрэчнай такая выснова – цяперашняя сітуацыя можа вырашыцца дваяка, як на карысць Еўропы, так і на яе бяду. У любым выпадку гэта гісторыя не праміне бясследна, і праз дзесяцігоддзі Стары кантынент будзе выглядаць іначай. Можа горш, а, можа, і лепш – яскравей, рознастайней. Падсілкаваны новай энергіяй, новымі ўплывамі. Хто будзе там жыць – пераканаецца.

А пакуль што можна сабе ўявіць, як сярэднестатыстычны еўрапеец разгублена выглядвае ў вакно, дзе на колісь такой ціхай і чыстай вулачцы віруе натоўп нябачаных раней прышэльцаў. Ягоная сяброўка нерашуча хавае ў шафу міні-спадніцу, у якой намервалася сёння красавацца. „Тутэйшы” жыхар не знаходзіць у мясцовых крамах ані шнапсу, ані піва, ці свіных сасісак, – цяпер гэтага тут не прадаюць, каб не зневажаць пачуцці мусульманаў…

І гэта не выдумка – якраз цяпер у Нямеччыне мусульмане распачалі кампанію за адмену традыцыйнага піўнога фестывалю Oktoberfest, бач, іслам не дазваляе ўжыванне пеністага алкагольнага напою! Баюся, яшчэ не раз захочацца перачытаць старога мудрага Веллера…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ