Наўздагон за прагрэсам



Адзін пышнабароды дзядзька яшчэ ў пазамінулым стагоддзі сказаў: „Жыць у грамадзтве і быць ад яго вольным нельга”. У наш час гэту тэзу можна перайначыць і так –  „Жыць у сучасным грамадcтве і быць вольным ад тэхнічных навінак немагчыма.”

Таму чарговы раз апавядаю свае прыгоды з уласным камп’ютарам. Пэўны час гэты мой срабрысты сябар стаў паводзіць сябе як наравісты конь – не слухацца камандаў, або выконваць іх запаволена, бы ў сне. Ці, скажам, друкуеш слова, якое мела быць у канцы сказа, а знаходзіш яго на пачатку папярэдняга… Або клікаеш на спасылку, дзе табе абяцаюць інфармацыю пра вадародныя рухавікі, а на манітор выскоквае цэлы тузін цыцатых красуняў… Яно часам і прыемна, бяда толькі, што потым ад іх ніяк не адкараскацца.

Гэта, вядома, не спрыяе плённай працы. Але куды горш стала, калі аднойчы ён перастаў уключацца зусім. Глуха і беспаваротна. Знаёмыя параілі супермайстра, якому я і аднёс свой апарат. Супер, не быў бы то супер, паабяцаў усё наладзіць за тры дні. І праўда, у абумоўлены тэрмін раздаўся званок. Майстар паведаміў, што рамонт будзе каштаваць каля 500 літаў, і то дапаможа ненадоўга. Лепей, чалавеча, купі новы. А я ў стары ўдрукаваў палову аповесці (адным пальцам, бо друкую я марудна і няўмела). „А тэкст, кажу, хоць можна выратаваць?” „Я паспрабую,” – кажа гэты добры чалавек.

Пакуль тое ды сёе, стаў я ўзгадваць – колькі ж я за сваё не такое ўжо й доўгае жыццё перажыў розных тэхнічных навінак.

Пачалося ўсё з дэтэктарнага радыёпрыёмніка „Комсомолец”. Гэта такі апарат, які складаўся з катушкі, абматанай цененькім медным дротам з медным сардэчнікам унутры. Ну, і слухаўкі да ўсяго. Прыбор настолькі просты, што яго рабілі школьнікі ў радыёгуртках. Ага, яшчэ й антэна – амаль стометровы кавалак дроту, расцягнуты паміж двума слупамі. Лавіў гэты цуд тэхнікі толькі Маскву і Менск. Але аднойчы ў антэну ляснуў пярун, пасля чаго ў слухаўках „Комсомольца” пэўны час быў чуцён выключна „Голас Амерыкі ” без усялякага глушэння!

Але  тэхніка не стаяла на месцы, і хутка ў нас з’явіўся радыёапарат „Новь”, які меў ужо і доўгія, і сярэднія хвалі. Можна было слухаць нават Варшаву, і ў нашай хаце заспявалі „Алі Бабкі” і Ірэна Сантар. Але „Новь” не магла сілкавацца толькі эфірнымі хвалямі, і бацька раз на паўгода прывозіў з Наваградка грувасткія цяжкія батарэі – адна кубічная катодная, і дзве пляскатыя анодна-сетачныя. Слухалі ашчадна, але батарэі ўсё роўна няўмольна „садзіліся”.

Потым была „Родина”, шкала якой абяцала галасы ледзь не з усяго свету, але абяцанняў не спраўджвала. І ўрэшце, калі ўжо ваўсю пачалося пакарэнне космасу, старэйшы брат урачыста прадэманстраваў невялікую белую скрыначку з гнуткім пластыковым восілкам – транзістар „Альпініст”. Гэта была тагачасная вяршыня тэхнікі – лёгкі, на звыклыя круглыя батарэйкі, іграў чыста, голасна… Але сярэдні басякаваты брат пазычыў „Альпініста” з сабой у горад пафарсіць перад дзеўкамі, і больш гэты апарат мы не ўбачылі.

Затое старэйшы, правільны, брат прывёз новы – ВЭФ 12 . Тут ужо можна было слухаць нават „галасы” без дапамогі перуна. Мадэль была такая ўдалая, што служыў ён нам дужа доўга, нават, калі з’явіўся больш новы „Акіян”, перавага якога была толькі ў тым, што ён мог працаваць ад разеткі.

Падобныя гісторыі былі з тэлефонамі. Старэйшыя людзі памятаюць, што ў савецкія часы гэта была раскоша. Нам пашанцавала – стары віленчук Сцяпан Дуж-Душэўскі меў сякія – такія сувязі, і неўзабаве мы займелі бялюткі тэлефон з дыскам. Калі ж тую кватэру давялося прадаць, то на новым месцы ўсё пачалося спачатку. Памятаю грозна – маўклівы натоўп, які чакаў, каму пашчасціць быць падключаным да тэлекому. Нам, вядома, не пашанцавала – але ўжо пачалася эра першых мабільнікаў.

Праўда, за самы танны давялося выкласці тысячу літаў, – а што было рабіць, я тады працаваў у рэдакцыі дзіцячага часопіса і без сувязі ніяк не мог. Затое з якой зайздрасцю на мяне глядзелі дзеці! „Мама! Я па мабільніку званю” – хвалілася малая Міхаліна Мінкіна, папрасіўшы мой апарат. Цяпер у яе самой такі „гаджэт”, які мне й не сніўся, а маю цяперашнюю „Матаролу” брыдзіўся б узяць у рукі любы дашкольнік…

Але вернемся да гісторыі з камп’ютарам. Высветлілася, што як ні выварочвай кішэні, на новы не хапае ніяк. На шчасце, выручылі верныя сябры, пазычылі патрэбную суму. Аднак высветлілася, што купілі мы новы апарат без праграмнага забеспячэння.

Знаёмая камп’ютаршчыца абяцала дапамагчы, забрала „комп” і з’ехала ў камандзіроўку.

Тым часам  пазваніў супермайстру, ці ўдалося ўратаваць тэкст. „Не, – адказаў ён. – Дыск безнадзейна сапсаваны, у прынцыпе можна ўзнавіць, але гэта надзвычай складана, і каштаваць будзе нямала”. „Чорт з ёю, з аповесцю, – падумаў я. – Лепей надрукую занава, заадно і падрэдагую”. І забраў свайго электроннага нябожчыка.

Месца ў нас мала, і так усё валіцца на галаву. Пагэтаму я вырашыў стары апарат аднесці ў спецыяльны кантэйнер. Ужо стоячы на парозе, вырашыў паспрабаваць уключыць яшчэ раз. Пачцівы ноўтбук гарэзліва падміргнуў сінім аганьком, уключыўся…

І працуе дагэтуль, як ні ў чым не бывала. І аповесць мая нікуды не прапала.

Вось такая ў нас хітрая тэхніка і такія „супермайстры”.

Цікава часам жыць на гэтым свеце, панове!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ