Оптыка нянавісці



Не так даўно памёр знакаміты кінарэжысёр Эльдар Разанаў. Сярод іншых на гэту падзею адгукнуўся і досыць вядомы літоўскі журналіст Андр’юс Ужкальніс. Ніводзін фільм Разанава, піша ён, не быў ані шэдэўрам, ані адкрыццём. Увогуле ўся ягоная творчасць – не больш, чым клаўнада базарнага ўзроўню. Адзін з найбольшых грахоў гэтага рэжысёра – тое, што ён увёў у кінематограф Людмілу Гурчанку, „выскачку, якая толькі і ўмела, што вытрэшчваць вочы і размахваць рукамі, як завадное пудзіла”. Фільм жа „Іронія лёсу…” займае „асаблівае месца ў Пантэоне маёй нянавісці” – патэтычна піша крытык.

Шкода месца далей цытаваць гэты опус. Пра такія тэксты калісь слушна пісалі : „Напісана слінай шалёнага сабакі”. Не мае сэнсу ні каментаваць, ні спрачацца – вакол імёнаў выдатных творцаў заўсёды было, ёсць і будзе мноства бяздарных пігмеяў, якім не дае спакою чужая слава. Аднак фенамен нянавісці шырэй антытэзы талент – бяздарнасць. Існуе мноства прыкладаў, калі самыя таленавітыя творцы люта ненавідзелі адно другога. „Вялікая карова, напоўненая чарнілам” – гэта Гюстаў Флабэр пра Жорж Санд. „Па мойму, ён проста ідыёт!” – Хемінгуэй пра Джойса. А вось як Набокаў ацаніў Томаса Мана: „Мізэрны пісьменнік, які пісаў гіганцкія раманы”. Паэт Бродскі настолькі ненавідзеў паэта Вазнясенскага, што яму рабілася кепска ад аднаго віду вершаў калегі.

У нянавісці асаблівая оптыка – яна робіць для носьбіта агідным і непрымальным тое, што сотням тысяч нясе радасць і задавальненне. Нянавісць выключае ўсякую аб’ектыўнасць. Ужкальніс піша пра Андрэя Міронава, што гэта „найбольш плоскі і аднапланавы актор”. Хаця, як кінакрытык, ён павінен быў бачыць Міронава ў фільмах Авербаха і Германа, дзе гэты актор зусім іншы, чым у камедыях.

Нянавісць – пачуццё настолькі ж моцнае, як і любоў, каханне. Менавіта пагэтаму нянавісцю перапоўнены людзі, якія з нейкіх прычын абдзелены каханнем, або да яго няздольны. Няма кахання – то яны спеляць у сабе, гадуюць нянавісць. Невыпадкова, што такія асобы церпяць крах у сямейным жыцці. Характэрна, што распалася і сям’я Ужкальніса. Чалавек, перапоўнены нянавісцю, адштурхоўвае ад сябе блізкіх, часам  нават падсвядома. Часам такога хочацца нават пашкадаваць – нянавісць паступова разбурае асобу, выпальвае яе знутры. І ніколі не спрыяе таленту. Менавіта нянавісць вадзіла пяром Бродскага, калі ён пісаў самы свой мярзотны верш пра Украіну.

Аднак самае страшнае, калі нянавісць узводзіцца ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Самы яскравы праклад – расейская нянавісць да Амерыкі, Украіны, а цяпер, усё больш, і да Беларусі. „Белорусские националисты выходят из подполья” – тэкстамі такога кшталту запоўнены ад нядаўняга часу расейскі інтэрнэт. Але нянавісцю да беларускай мовы перанасычана і сама Рэспубліка Беларусь. Бадай што няма чалавека, што гаворыць па-беларуску, які б ні разу не сустракаўся з негатыўнай, хамскай рэакцыяй. Ва ўсіх на слыху гісторыя з „крамольным” графіці „Беларусь павінна быць беларускай!” А якой яна павінна быць, на думку суддзяў? Але нянавісць не дазваляе ім бачыць абсурднасць сітуацыі.

Немагчыма пражыць жыццё і быць добранькім да ўсіх без выключэння – хіба можна асуджаць кагось за нянавісць да тырана, забойцы і гвалтаўніка? Праблема аднак у тым, каб самому застацца чалавекам, асобай паўнавартаснай, не даць нянавісці, хай сабе і самай высакароднай, выцесніць усе астатнія людскія якасці.

Свежы прыклад – супольны здымак Міхаіла Хадаркоўскага з пуціністамі, спявачкай Валерыяй і яе прадзюсарам Прыгожыным, за які яму добра дасталося „на арэхі” ад самых блізкіх паплечнікаў за размыванне маральных крытэрыяў. Аргументы крытыкаў пераканаўчыя, але можна зразумець і Хадаркоўскага – ён не хоча быць гэткім сасудам, перапоўненым нянавісцю… Ці не мае ён на гэта права?

Менавіта так: каго любіць і каго ненавідзець – асабісты выбар кожнага з нас.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ