Парасткі надзеі



„Не сумуйце, як тыя, што надзеі не маюць…”

А як жа цяжка яе, гэту надзею, мець. Сабраўся нядаўна адзін наш знаёмы мастак беларус з Вільні на сваю Бацькаўшчыну. На жаль, слова „Бацькаўшчына” у наш час мае дваякі сэнс і вынікі кіравання „бацькі” відны на кожным кроку.

І вось едзе наш мастак сваім самаходам па Беларусі; сваякоў раскідала жыццё па ўсёй тэрыторыі. Наведвае вёскі. мястэчкі, гарады, могілкі… Адна сваячка аказалася ў шпіталі. Пайшоў туды, распытаўся, дзе, у якой палаце. І чуе, як сёстры гукаюць – „Ніканораўна, там к цібе кто-та з Польшы прыехал!” Для іх знаёмы дзве мовы – руская і „ніруская”, значыць, польская. Едзе чалавек далей, ужо пад Берасце. Спыняе мент, бо заўважыў літоўскія нумары. Дзівіцца –  „Странна, вы жывёце ў Літве, а акцэнт у вас украінскі!”  Тут ужо мастак узарваўся – „Вы, чалавек на дзяржаўнай службе, не толькі не ведаеце другой дзяржаўнай мовы, а нават не ў стане яе адрозніць!”. Пашанцавала нашаму сябру – добры мент трапіўся. Прамармытаў нешта і адпусціў з мірам. А мог бы і правы забраць ды штрафу ўляпіць за „прэрэканія і аскарбленія”.

Размовы са сваякамі таксама не цешылі. „Ну, как там вашы балційскія фашысты? Ціха сідзят? Нічаво, скора наш Пуцін прышлёт туда сваі танкі, то-та ані папляшуць! А то аддзялілісь і, панімаіш!” „А чаму Пуцін – ваш, чаму „фашысты?”  Замест адказу толькі злосныя позіркі.

Наведаў чалавек Радзіму, набраўся сілаў, як Антэй. Аджыў душой. І зарокся больш ніколі туды не вяртацца без вострай патрэбы. Што ж, мабыць, не тымі дарогамі ездзіў. А трэба было папярэдне параіцца з Севярынцам – той дакладна ведае, дзе ў Беларусі богаабраны народ жыве.

І нават у такой пустыні здараюцца сенсацыі. Ужо на што ў вайсковых вучэльнях вытручваецца ўсё беларускае, проста хлоркай, калі не кіслатой, і вось – на табе! Як гром з яснага неба група кадэтаў дэманстратыўна фатаграфуецца не з сярпом і молатам, і нават не з Пуціныму чорных акулярах, а з нашай Пагоняй! І ўздымаецца па ўсёй Беларусі хваля падтрымкі!  Так можа дайсці й да таго, што самы славуты на Беларусі Коля апране такую кашульку!

Так, беларуская мова апынулася на мяжы знікнення. Тым не меньш у апошнія гады з ёй адбываецца істотная метамарфоза – гэта ўжо не мова „дзеравеншчыны”, а мова інтэлектуальнай эліты. Размаўляць на ёй паступова становіцца прыкметай належнасці да шэрагу выбранных верхняга слою грамадзтва. Можна назваць гэта модай. Што ж, мода –  вялікая сіла. Яна завалодвае самымі рознымі сферамі жыцця. Бывалі моманты, калі пасля нечаканай смерці якогась куміра запаноўвала нават мода на самагубствы… Цяпер жа па ўсім свеце мацнее модны трэнд на этнічнае адзенне – насіць самыя розныя вышыванкі не толькі прыгожа, але і прэстыжна. І мода на беларушчыну, на вышываныя кашулі, на мову – адна з самых радасных тэндэнцый апошняга часу.

Паступова сціхаюць спрэчкі вакол Нобелеўскай прэміі для Алексіевіч. І мы не заўсёды задумваемся, што сярод нас жывуць іншыя творцы, годныя гэтай узнагароды. Вось, напрыклад, у 1996 годзе Нобеля атрымала польская паэтка Віслава Шымборска. Неслабы аўтар, што й казаць. Але раю зрабіць эксперымент – чытаць паралельна польку Шымборску і нашага Алеся Разанава. І вы пераканаецеся, што наш паэт на ўсю галаву, па ўсіх параметрах, вышэй польскай лаўрэаткі!

Дык давайце ж цешыцца таму, што не перавяліся на нашай зямлі сапраўдныя таленты. А значыць, будуць і новыя ўзнагароды, і сама Беларусь як жыла, так і будзе жыць. І некалі ўрэшце рэшт стане сапраўднай Бацькаўшчынай!

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ