Патрыятычны вандалізм
У Вільні, на 15 годзе ХХІ стагоддзя, стала меней на адзін гістарычны аб’ект, які мог бы прыцягваць увагу турыстаў. Маю на ўвазе Зялёны мост, з якога пару тыдняў таму паводле распараджэння новага мэра Вільні Рэмігіюса Шымаш’юса прыбралі ўсе скульптуры. Патрыёты і змагары з савецкім ладам, якіх, чым далей, тым робіцца больш, трыумфуюць. „Дэбалванізацыя” – так названы тэкст у адной з газет. Са здымку глядзіць аўтарка, якой ад сілы гадоў 25. Ну вядома, ёй асабліва дапякла савецкая ўлада…
Прымітыўным народам уласціва “татэмнае мысленне” – калі вораг недаступны, то прынамсі паздзекуйся з ягонага пудзіла. Бальшавікі ў свой час скінулі скульптуры з віленскай Катэдры. І паставілі свае – на Зялёным мосце. Новыя ўлады вярнулі скульптуры святых на Катэдру і скінулі чыгунных рабочых і сялян з Зялёнага маста. Зуб за зуб.
Змаганне з помнікамі – улюбёны занятак усіх патрыётаў. Выйсці супраць узброенага салдафона – боязна, калі ён жывы, а вось, калі ён з бронзы… Як толькі Літва вярнула незалежнасць, пасыпаліся прапановы, што рабіць з савецкімі помнікамі. Адзін палымяны патрыёт прапанаваў такое рашэнне: выкапаць на пляцы Лукішкі вялікі дол, зваліць туды ўсіх камуністычных ідалаў, перакрыць яму тоўстым шклом, каб людзі Літвы маглі па іх таптацца і на іх пляваць.
Шчасце, што знайшоўся змыслы прадпрымальнік, які беражліва сабраў усе помнікі ў адным месцы, парку Грутас, і выратаваў іх ад знішчэння.
Жаданне ачысціць гарады і краіну ў цэлым ад сімвалаў часоў савецкай акупацыі зразумелае. Праблема ў тым, што ўсё гэта – гісторыя, якую змяніць не ў стане ніхто. а гістарычныя аб’екты маюць такую ўласцівасць. што яны – усе, без выключэння! – з цягам часу толькі набываюць, а не трацяць вартасць. І тут гарачка і паспешлівасць толькі шкодзяць.
Чалавек, які сарваў чырвона – зялёны сцяг з дзяржаўнай установы, – сапраўдны патрыёт. Асоба, якая выкінула такі ж сцяг з музея – злачынец.
А Вільня і ёсць горад – музей.
Вядома ж, не павінны красавацца на сваіх месцах помнікі Сталіну ці Леніну. Але ўявім сабе, што дзесь знойдзена скульптура Аляксандра Македонскага. Ці ж каму ў галаву прыйдзе з яе здзекавацца, а тым больш знішчаць? Між тым, калі прачытаць ягоны жыццярыс, то высветліцца, што гэта быў душагуб, не лепшы за тых жа Сталіна з Гітлерам!
Зялёны мост быў самым нейтральным помнікам савецкай эпохі. Вядома, там сярод каласнікаў, рабочых і студэнтаў былі і дзве скульптуры жаўняроў у форме Чырвонай арміі. Але ж, у рэшце рэшт, у складзе той арміі была і Літоўская дывізія.
Мы цудоўна ведаем, якое месца на самай справе ў СССР займалі простыя рабочыя і сяляне. Але сама ідэя узвысіць чалавека працы і дазволіла так распаўсюдзіцца камуністычным уплывам па ўсім свеце. Кепская не сама ідэя, а тое, што яна стала толькі і выключна дэмагогіяй.
Але ўсе гэтыя ідэалагічныя моманты за 20 з лішнім гадоў выпарыліся, як камфора. А вось як цэласны ўзор стылю пад назваю „сацрэалізм”, Зялёны мост заставаўся б на доўгія гады. Тым больш, што ён быў спраектаваны і выкананы першакласнымі літоўскімі інжынерамі і скульптарамі таго часу. Тое, што яны былі вымушаны прытрымлівацца пануючых ідэалагічных канонаў, не іх віна.
Паўбяды было б, каб на месца знішчанага прыйшло штось лепшае. А то непадалёк знявечанага Зялёнага моста тырчыць дзіўны іржавы аб’ект, што выклікае недаўменныя погляды турыстаў – не то шыбеніца, не то ўкапаная вертыкальна каналізацыйная труба… А гэта, аказваецца, сучасная „скульптура”, за якую аўтар нават вылучаўся на Нацыянальную прэмію Літвы ў галіне мастацтва!
Яшчэ адзін прыклад. У Вільні ёсць такі помнік сталінскай архітэктуры – былы Палац культуры чыгуначнікаў, збудаваны ў гэткім грэка – рымскім стылі. Знесці яго не адважыліся, рэстаўраваць не захацелі, вырашылі зганьбіць. І прыляпілі на франтон гіганцкі мярзотны жалезны крук (дарэчы, таксама „шэдэўр” іншага рэнамаванага скульптара). Так „святая інквізіцыя”, здзекуючыся з ерэтыкоў, змушала іх насіць ідыёцкія папяровыя каўпакі…
Аддзяліць мастацкія вартасці твора ад ідэалагічных не так проста. Аўтарамі савецкіх помнікаў былі часта аднымі з самых таленавітых мастакоў свайго часу.
Рана ці позна гэтыя праблемы паўстануць і перад Беларуссю, як толькі яна даможацца сапраўднай незалежнасці. Наўрад ці тады ўстаіць помнік Леніну перад Домам Урада. Між тым, гэта ўзор ідэальнага дапасавання скульптуры да атачэння. А вось бронзавы Якуб Колас аж просіцца ў іншае месца – кудысь у парк, на бераг вадаёму…
Кожны сапраўдны лекар памятае асноўнае правіла свае прафесіі – „Не нашкодзь”!
Ці ж не датычыць гэта і тых, ад каго залежыць выгляд нашых гарадоў і ўсяе краіны?