Перамены



   Учора ў тралейбусе насупраць мяне сеў ружовашчокі літоўскі жаўнер з „Пагоняй” на берэце. Гледзячы на гэты знак, прыгадалася даўняя гісторыя.
 Калі я быў студэнтам Віленскага мастацкага інстытута, мне прапанавалі для сціплага заробку папрацаваць для Літоўскай пошты – маляваць партрэты для канвертаў, прысвечаных выдатным асобам з гісторыі Літвы. Сярод іншых, у асноўным савецкіх дзеячаў, такім чынам мелі ўшанаваць і гісторыка ВКЛ Тэадора Нарбута. Лагічна было размясціць побач „Пагоню”. Што я і зрабіў, добрасумленна скапіраваўшы яе з нядаўна выдадзенай у Беларусі „Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага, ілюстраванай Яўгенам Куліком.
   Малюнкі прымаў мастацкі савет, які засядаў на камбінаце „Dailė” ( „Мастацтва”). Убачыўшы майго Нарбута з „Пагоняй”, сябры рады пераглянуліся і замоўклі. А потым галоўны мастак камбіната жэстам выклікаў мяне ў калідор і напаўголаса растлумачыў, што сваім учынкам я магу паставіць сабе пляму ў біяграфіі да канца жыцця. Я ніяк не мог даўмецца, у чым мой „грэх” –  „Пагоня” ж была надрукавана ў кнізе, выдадзенай дзяржаўным выдавецтвам…
„Тое. што можна ў Беларусі, немагчыма ў нас” – быў адказ. Так і быў надрукаваны той канверт з кнігай на гербе замест „Пагоні”. І думаеш – як жа многа змянілася ў нашым жыцці з тых часоў” Сёння за „Пагоню” можна мець непрыемнасці якраз у Беларусі, у Літве яна красуецца на кожным пашпарце, кожнай манеце, нават калі гэта агульнаеўраейскае „еўра”.
   Калісь у Літоўскай ССР строга сачылі, каб нідзе і ніколі, нават выпадкова, не трапляліся спалучэнні жоўтага, зялёнага і чырвонага колераў. Сёння такі сцяг мы бачым на вежы Гедыміна, а ў часы дзяржаўных святаў ці спартыўных спаборніцтваў – усюды, дзе толькі можна. А ў Беларусі нацыянальны бел – чырвона – белы пад забаронай.
 Гледзячы на абедзве „Пагоні”, Яўгена Куліка і Арвідаса Каждайліса, я думаю – нашым народам пашанцавала, што ў адпаведны момант у краінах знайшліся мастакі, здольныя годна справіцца з такой задачай. Бо калі б гэты герб трэба было б ствараць сёння, калі ў цяперашняй Літоўскай мастацкай акадэміі ўжо практычна не вучаць маляваць, вынік быў бы значна горшы.
 Але ж я пра перамены, да якіх мы так прызвычаіліся, пра якія не думаеш, якія сталі штодзённасцю, бытам. Як паветра, якога не заўважаеш, калі яго дастаткова, і яно чыстае.Колькі ж рэчаў, звыклых сёння, яшчэ не так даўно выглядалі недасяжнай марай. На аўтамабіль збіралі грошы паўжыцця і столькі ж на ім потым ездзілі. Сёння многія маюць па некалькі і мяняюць іх праз
два – тры гады.Цяжка паверыць, але былі выпадкі забойстваў за джынсы і красоўкі. Пустыя бутэлькі з пад кока – колы і бляшанкі ад піва выстаўляліся на ганаровым месцы.
  Мы марылі хоць адным вокам глянуць на Захад – сёння мы маем яго ў Літве за вокнамі, хай сабе й далёка не такі заможны, як той, сапраўдны.
 Паводле савецкага друку партыя і ўрад дзень і ноч клапаціліся пра дабрабыт грамадзянаў. Толькі вось крамы чамусь былі паўпустымі. Сёння, калі пачытаць літоўскія газеты – Літва мае нікуды не варты ўрад, які клапоціцца толькі пра сябе. А супермаркеты трашчаць ад масы самых розных тавараў. Цяпер праблема не у тым, дзе купіць, а за што. Псіхолагі раяць, як устрымацца ад набыцця рэчаў, без якіх можна абыйсціся.
  Пры Саветах на кожным кроку былі малочна – таварныя фермы. А сыру ў краме або не было зусім, або адзін – два гатункі. Сёння фермы – рэдкасць, а сыроў – заваліся. Значыць,праблема была не ў фермах, а ў партыі з яе „клопатам”.
  Не ўсе перамены на лепшае. Калісь людзі стаялі начамі ў чэргах, каб падпісацца на збор твораў Хемінгуэя ці Томаса Мана. Сёння гэтыя кнігі можна ўбачыць зваленымі ля смеццевых кантэйнераў, ці ў лепшым выпадку набыць за лічаныя цэнты ў букіністаў.”Тоўстыя”літаратурныя часопісы, якія фармавалі густы чытачоў, практычна вымерлі. Кнігі чытаюць адзінкі. Гэта ўсё трывожыць, калі
ўсведамляеш, што наша цывілізацыя створана „чытачамі”. Што створаць тыя, хто цяпер бавіць час, уткнуўшыся ў „айфоны” і „фэйсбукі” – пытанне адкрытае.
  Усё гэта сказана мною для таго, каб пераканаць : уражанне, што час спыніўся, што перамены немагчымыя – ілюзія. Нават у самыя безнадзейныя і змрочныя часы.
  Так, цяпер цяжка ўявіць, што ў Беларусі калісь не стане дыктатуры, што яна стане звыклай еўрапейскай дзяржавай, з усімі плюсамі і мінусамі. Сёння гэта мара, якая выглядае нерэальнай. Але прыйдзе час, калі яна стане рэчаіснасцю.
   Бяда вось толькі, што жыццё наша абмежаванае. І горка ўсведамляць, што Яўген Кулік, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, і як жа многія іншыя так і не прычакалі вольнай Беларусі, на карысць якой самааддана працавалі.
  Каму ж суджана лёсам дачакацца „залацістага яснага дня”?
Беларускае Радыё РАЦЫЯ