Плюсы мінусаў
У „Філасофскіх аповесцях” Вальтэра ёсць персанаж, які быў перакананы – усё, што ні адбываецца ў нашым свеце, вядзе да лепшага. То давайце й мы паспрабуем пашукаць хоць што-небудзь дадатнае ў рэчах і здарэннях, якія нас апошнім часам заклапацілі, або зусім азмрочылі.
Выпадак, які проста ляжыць на паверхні, – пра што не адзін год плачуць усе шчырыя беларускія патрыёты, – перадача нашай „беларускай Меккі”, Вільні, „ліетувісам”. На гэту тэму найбольш пераканаўча ў свой час выказаўся Алег Бембель, калі ён яшчэ быў паэтам пад іменем Зніч :
Дзякуй Богу, што Вільню забралі,
Бо каб нашай сталіцай была –
У руінах бы храмы ляжалі
На пагосце з бетону і шкла…
І была б Вільня задрыпаным расейскамоўным горадам, з безліччу шэрых вуліцаў імя Чапаева, Катоўскага, Суворава, дзе не было б ніводнай ані беларускай, ані літоўскай, ці польскай школы…
Так, як у Менску, Віцебску, Гародні… Вы такога лёсу хацелі б месту Гедыміна?
І каб у віленскім Паўночным гарадку замест супермаркетаў былі расейскія вайскоўцы, чуўся грукат расейскіх бэтээраў і расейскія мацюкі?
Ці ведаеце вы, якая ў міжваенным Коўне была самая папулярная татуіроўка на грудзях, насупраць сэрца?
MES BE VILNIAUS NENURIMSIME!
МЫ БЕЗ ВІЛЬНІ НЕ СУПАКОІМСЯ!
Шмат было беларусаў з такой наколкай?
А ці вядома, што існавала больш сотні літоўскіх народных песень пра Вільню? Назавіце хоць адну такую беларускую… Можа, і ёсць. Але дзе яны?
Вільня была супольнай сталіцай. І спадчыну атрымаў той, хто больш заслугоўваў. Кропка.
І другая гісторыя – усеагульны плач і заломванне рук з нагоды Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы, якая піша і размаўляе па-расейску.
У 1986 годзе Нобеля па літаратуры атрымаў нігерыйскі пісьменнік Воле Шоінка. Вершы ён пісаў на ёруба, сваёй роднай мове, але прэмію яму прысудзілі за прозу і п’есы, напісаныя па-англійску. Гісторыя не зафіксавала ніводнага выпадку, калі землякі Шоінкі кідалі ў яго какосавымі арэхамі ці іншымі прадметамі за здраду роднай мове. То чаму мы горшыя за нігерыйцаў?
Цікавы факт – у расейскіх нацыяналістаў і патрыётаў, што выліваюць кублы памыяў на Святлану Алексіевіч за „русафобію”, і ў іхніх беларускіх братоў па розуму, якія абвінавачваюць пісьменніцу ў „абплёўванні беларускай мовы і народа”, супадае літаральна ўсё – лексікон, аргументацыя…
Святлана Алексіевіч, як біблейскі Давід, паўстала супраць імперскага чырвона-савецкага Галіяфа. І ў гэтай барацьбе, каб перамагчы, патрэбна найбольш дзейсная, эфектыўная зброя. Такой зброяй у гэтым выпадку і з’яўляецца якраз расейская мова, мова гэтага самага Галіяфа, і ягоных незлічоных прыхільнікаў. Удасца яго знішчыць канчаткова – з’явіцца шанец і для Беларусі.
Тыя, хто змагаюцца супроць Алексіевіч, усведамляюць гэта, ці не, выступаюць на баку чырвонага монстра.
Так, новаму нобелеўскаму лаўрэату, было, – і будзе! – нялёгка. Што ж, такі лёс усіх, хто прыўзняўся над натоўпам. І зноў жа, ніхто не выказаўся на гэту тэму лепш, чым паэт, гэтым разам Еўтушэнка:
Ты думаешь, ты Бог?
Рисковая нескромность.
Гарпун получишь в бок
расплатой за огромность
Огромность всем велит
охотиться за нею.
Тот дурень, кто велик.
Кто мельче – тот умнее.
(„Кладбище китов”)
І трэцяя гісторыя, у якой бясконца складана знайсці хоць штось дадатнае. Маю на ўвазе бясконцае панаванне Лукашэнкі, яго новы пяцігадовы тэрмін.
У Булата Акуджавы ёсць такая песня – „Малітва Франсуа Віёна”, дзе герой просіць – „Дай рвущемуся к власти навластвоваться всласть!” Як жа гэта разумець?
А вось уявім сабе, што ў Беларусі ўжо сёння прыйшоў да ўлады нармальны кіраўнік. А ў спадчыну яму дасталіся руіны эканомікі і неабходнасць праводзіць жорсткія, непапулярныя рэформы. І тут жа пачалося б скавытанне – „А вот пры Лукашэнке жылось лучшэ!” Не, няхай крот гісторыі мае дастаткова часу для сваёй павольнай работы. Дыктатарская ўлада павінна праявіць сябе ва ўсёй красе, каб апошні бомж зразумеў яе сутнасць. І гэта непазбежна адбудзецца, рана ці позна. Хацелася б, вядома, каб як найраней.
Бязмерна шкода страчаных гадоў. Ды што рабіць? Законы гісторыІ, як і законы прыроды адмяніць нельга.
А тым часам, пакуль розныя дзеячы, палітолагі і аналітыкі, беспаспяхова б’юцца над прычынамі таго, што адбываецца ў Беларусі, знайшоўся чалавек, які адным сказам растлумачыў усё.
Чалавек гэты – зорка і надзея нашага новага беларускага Адраджэння, лідар „Маладога фронту”, Зміцер Дашкевіч.
„Так пакіраваў Бог!” – сказаў як звязаў. „Ай малайца!” – як кажуць нашы татарскія сябры.
Дашкевіча – прэзідэнтам!
І будзе нам шчасце.