Прэмія за мужнасць
Гэтага трэба было чакаць – Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч надала імпэту спрэчкам, хто ж яна такая? Беларуская пісьменніца, ці не, калі піша не па-беларуску? Расейскія патрыёты таксама засумняваліся – не, не наша, бо не прызнае імперскіх каштоўнасцяў, жыве не ў Расеі, і ўвогуле русафобка!
А вось цытата з аднаго свежага „шчыра беларускага” тэкста на гэту тэму: „Адам Міцкевіч – беларускі літаратар, Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Марк Шагал – беларускія мастакі. Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка – беларускія кампазітары. Нобэлеўскія ляўрэаты Шымон Пэрэс, Мэнахем Бегін і Сайман Кузьнец – беларусы, а Чэслаў Мілаш і Генрык Сянкевіч – нашчадкі беларусаў.”
Аўтар тлумачыць – беларусам з’яўляецца любы аўтахтонны жыхар Беларусі. Словам, калі ты верабей, але нарадзіўся і жывеш у канюшні – маеш права лічыць сябе канём.
Гэта яшчэ нічога – існуе кніга аднаго ўкраінскага навукоўца, у якой ён на 700 старонках пераканаўча даказвае, што Хрыстос быў украінцам. Зрэшты, усе гэтыя спрэчкі не вартыя зламанага шэляга, пасля таго, як навукоўцы армянскія высветлілі, што Адам быў армянінам!
Але досыць пасмейвацца – бо няма літаратуры, больш далёкай ад гумару, чым трагічныя кнігі Святланы Алексіевіч. Якія маглі быць напісаны толькі на той мове, на якой напісаны. Бо яны прысвечаны, як неаднаразова падкрэслівала сама аўтарка, даследаванню сутнасці „чырвонага” савецкага чалавека. А вядома, на якой мове ён гаварыў і гаворыць. Нават, калі б яна валодала беларускай мовай, і перакладала аповяды сваіх суразмоўнікаў, ці надало б гэта яе творам большую вартасць? Не, бо пераклад заўсёды саступае арыгіналу. Страцілася б аўтэнтычнасць, якая так істотная ў дакументальнай прозе.
Кнігі Алексіевіч – гэта літаратурна-сацыяльная шокавая тэрапія. Яна, як хірург, не жахаецца бруду, гною і крыві. Цяжка сабе ўявіць, што можа адчуваць чалавек, які прапусціў праз сваю свядомасць столькі гісторый пра боль, крыўду, вялікія і малыя трагедыі звыклых, шараговых людзей. Гэта вельмі цяжкое чытво, а што казаць пра напісанне, пра суперажыванне, – зрэшты, гэта ўсё адбілася на абліччы Святланы Алексіевіч, вобліку чалавека, які зазірнуў у пекла, і знайшоў у сабе сілы не заплюшчыць вочы, не адвесці позірк…
Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч – гэта яшчэ і рэабілітацыя самой узнагароды. Бо пасля таго, як яе атрымала Эльфрыда Елінэк, стварылася ўражанне, што яе можна даваць першаму лепшаму прафесійнаму літаратару. А кнігі Алексіевіч нагадалі, што высокая літаратура – гэта не гульня з тэкстам, не інтэлектуальная забава.