Прыцяжэнне зла



Амерыканскі рэжысёр Вудзі Ален не так даўно зняў фільм, галоўны герой якога з сучаснага Парыжа магічным чынам пераносіцца ў Парыж 30–х гадоў, і, зачараваны ўбачаным, марыць патрапіць туды зноў і зноў.

Многія чыталі адну з лепшых кніг пра тую эпоху –“Свята, якое заўсёды з табой” Хэмінгуэя. У 60 – 70 гады яна была настольнай для савецкай інтэлігенцыі. Па-гэтаму асабіста мне не дае спакою загадка – як жа так здарылася,што з такога месца, у такі час, вялікая паэтка Марына Цвятаева добраахвотна пераехала ў сталінскі СССР, зламаўшы гэтым самым лёс сабе і сваім дзецям?

Вядома, тагачасны Парыж не для ўсіх быў раем, але што сталінскі СССР быў пеклам, несумненна. Другі падобны прыклад. Князь Дзімітры Святаполк–Мірскі, прадстаўнік даўняга арыстакратычнага роду. Яшчэ падлеткам валодаў ці не тузінам замежных моваў, у ранняй маладосці выдаў кнігу вершаў. Падчас грамадзянскай вайны змагаўся на баку “белых”, потым эміграваў у Англію, што не дзіўна, бо ягоны бацька быў  “англаманам”, і англійская мова была ў іх сям’і другой роднай. У Лондане Святаполк–Мірскі стаў прафесарам літаратуры, напісаў па–англійску гісторыю расейскай літаратуры, якую пазней Уладзімір Набокаў назаве найлепшай сярод кніг такога роду.

І вось гэты эрудыт, паліглот, касмапаліт,  уступае ў кампартыю, а потым пераязджае ў СССР, дзе яго чакае праз пару гадоў стандартнае абвінавачванне ў “шпіянажы”і смерць у ГУЛАГУ.

Як гэта растлумачыць? Чаму людзям найвышэйшай культуры і эрудыцыі не перашкодзіла здзейсніць гібельны ўчынак элементарная грэблівасць? Гэта ж варта было ўсяго толькі пазнаёміцца з газетным стылем тых часоў, з “аглабельнай” крытыкай, з пошукамі “ворагаў народа”… А яны ж павінны былі быць такімі чуткімі да слова! Якая прычына мораку, што зацямніў розум такіх выдатных людзей?

А можа, існуе нейкае звышнатуральнае прыцяжэнне татальнага, інфернальнага зла? Так была зачаравана эстэтыкай ранняга гітлерызма Лені Рыфеншталь, Дз.Меражкоўскі захапляўся Мусаліні. У свой час Ясенін і Маякоўскі сябравалі з чэкістамі і апявалі ў сваіх творах Леніна. Нездарма Міхаіл Казакоў назваў свой фільм пра парыжскі перыяд Цвятаевай “Чары зла”. Зло прыцягвае, як падсвядома цягне да сябе гібельная бяздонная прорва.

Прыцягвае таямніца чорных характараў. Фільмы здымаюць пра бандытаў Боні і Клайда, а не пра паліцэйскіх, што паклалі канец іхнім штукарствам. Нядаўна па кінаэкранах пракаціўся вобраз паталагічнага маньяка – забойцы Ганібала Лектэра.”Думаю, што мы патаемна ім захапляемся”, — сказаў Энтані Хопкінс, выканаўца ролі Лектэра.

Сёння такім цэнтрам, што нібыта магніт, прыцягвае да сябе – не, на гэты раз не лепшых, а, наадварот, усю чалавечую набрыдзь,  з’яўляецца Усход Украіны. Здзіўляе выказанае пісьменнікам Дзімітрыем Быкавым меркаванне, што туды імкнуцца рамантыкі, якія хочуць стварыць на данецкай зямлі новую, справядлівую Русь. Можна сабе толькі ўявіць, як бы рагаталі ўсе гэтыя “апалчэнцы”, аматары беспакарана пастраляць і парабаваць,калі б пачулі такое тлумачэнне сваіх дзеянняў. Што ж, выдатнікі і эрудыты, да якіх, несумненна, належыць Дз. Быкаў, заўсёды млелі перад адпетымі двоечнікамі і забіякамі. Тыя і не баяцца нікога, і дзяўчаты да іх ліпнуць гронкамі! А сціплыя ды працавітыя так часцяком і дажываюць свой век у самоце… Кожны з нас можа прыпомніць такія выпадкі са свайго атачэння.

Тое, што ў наш час ніяк не ўдаецца поўнасцю выкараніць фашызм, што ягоныя рытуалы і свастыка адраджаюцца ва ўсё новых варыяцыях, якраз і тлумачыцца сатанінскай прыцягальнасцю зла. А блатны “шансон”, які слухаюць нават тыя, хто ніколі не ўкраў ні капейкі і нават мухі не пакрыўдзіў…

Ці можна супрацьпаставіць чарам зла рамантыку дабра? Вядома, можна. Толькі, на вялікі жаль, мала каму гэта ўдаецца…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ