Штрэйкбрэхерства? ТаК!
Ёсць рэчы, пра якія няёмка гаварыць даросламу здароваму чалавеку. Ці варта траціць час, даводзячы, што ў „напарстачніка” выйграць нельга. Або такая сітуацыя – маладая дзяўчына збіраецца замуж за чалавека, пра якога вядома, што ён жэніцца пяты раз, прычым ранейшых сваіх жонак трымаў у чорным целе, біў іх, здраджваў, а дзве ўвогуле зніклі без весткі. Вядома ж, такую будуць пераконваць, адгаворваць, а калі дзеўка заўпарціцца – ён мяне кахае, кляўся, што зменіцца! – махнуць рукою: маеш курыныя мазгі, дык ідзі насустрач свайму лёсу.
Пра беларускія „выбары” ўсё было зразумела даўным-даўно. Асоба, якая ўзурпавала ўладу, парушыла ўсе і ўсялякія правілы і законы цывілізаванага свету, даўно страціла легітымнасць. І „выбары” ёй патрэбны толькі для таго, каб стварыць прынамсі ілюзію законнасці. Іншай задачы няма, пагэтаму ўсё абстаўлена так, што іншыя прэтэндэнты не маюць аніякай магчымасці гэта спаборніцтва выйграць. Усё вельмі проста, да прымітыўнасці – як вучыў вялікі правадыр і кумір усіх дыктатараў І. В. Сталін, неістотна, хто і як галасуе, найважней, хто лічыць галасы. А ў Беларусі галасы падлічвае заўсёды адна і тая ж кампанія самых верных і адданых „вінцікаў” сістэмы.
То ці ж трэба быць геніем паліталогіі, каб гэты няхітры расклад зразумець? І ці хтось са здаровым розумам згодзіцца ўдзельнічаць у гэткай гульні? А вось жа знаходзяцца такія – ужо пяты раз. Быць такога не можа, каб яны не разумелі сваіх шанцаў. Разумеюць, і цудоўна, – а, значыць, маюць нейкія іншыя мэты. „Трэба ўдзельнічаць, – кажуць, – бо толькі падчас выбарчай кампаніі мы можам данесці адкрыта і легальна свае погляды”. Што тут „даносіць”, за гэтыя дваццаць гадоў усе, хто хацеў штось зразумець, даўно ўсё зразумелі. А таго, хто раб усёй душой, ніякімі словамі не пераканаеш.
Рэжысёры цяперашніх „выбараў” ужо адкрыта гавораць, што неістотна, як людзі будуць галасаваць, галоўнае, каб прыйшлі на ўчасткі. Так сказала славутая Лідзія Ярмошына, якая ніколі не хавала, чыёй прыхільніцай з’яўляецца, і каму верна служыць.
Прывід байкоту „выбараў”, бадай, як ніколі раней, стаў пагражаць усяму спектаклю. Вядома, ёсць кагорта адданых і верных пенсіянераў, у якіх адна праблема – даклыгаць да ўчастка, каб аддаць голас за „лучшага ў мірэ прэзідзента”. Ім, вядома ж, дапамогуць. У Расеі такіх звозяць аўтобусамі. „О, „дрова” привезли!”– цешацца выбарчыя камісіі. Ну, магчыма, змусяць галасаваць студэнтаў, бюджэтнікаў, пагражаючы рэпрэсіямі. Можа, будуць прадаваць на ўчастках штось прывабнае за бясцэнак – чыноўніцкая фантазія запрацуе на ўсю моц. І ўсё ж запоўніць участкі, стварыць пераканаўчую „карцінку” для ўсяго свету будзе няпроста.
І тут такі падарунак лёсу – сярод зусім ужо махровых фрыкаў – прэтэндэнтаў, – вечнага, ужо практычна прафесійнага „кандыдата”, ды аперэтачнага „атамана” невядомага навуцы „беларускага казацтва”, з’явілася асоба сапраўды прывабная, якая гаворыць уцямныя рэчы, маладая, прыстойная жанчына. Тут жа ўзгадваюцца Маргарэт Тэтчэр ці Ангела Меркель. Чаму б у нас не магло быць кагось падобнага? І сапраўды, сярод усёй абрыдлай кампаніі былых і цяперашніх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнтаў, Таццяна Караткевіч – адна з нямногіх, за каго не шкода было б аддаць голас.
Але, як любіў паўтараць светлай памяці Сяржук Вітушка, істотны не толькі тэкст, а і кантэкст. Істотны не толькі асабістыя якасці таго, хто збіраецца гуляць, а і сама гульня. Калі яна брудная і несумленная, то які сэнс у ёй удзельнічаць? Сама спадарыня Караткевіч пераконвае, што, маўляў, яна не можа падвесці тых, хто паставіў за яе подпіс, да таго ж, Лукашэнка павінен мець дэмакратычную альтэрнатыву. А як жа – не толькі павінен, ён сам яе патрабуе, прагне проста. Каб „выбары” былі „як у людзей”, каб Захад, урэшце, іх прызнаў.
Не веру, што спадарыня Таццяна такіх простых рэчаў не разумее. „Дык чаму ж, чаму?”, як пяецца ў песні? Вядома ж, хочацца даведацца пра свае магчымасці, пра свой рэйтынг. Але ж гэта немагчыма – „намалююць”, колькі захочуць. У лепшым выпадку расшчодрацца на якія-небудзь пяць-шэсць адсоткаў.
Нельга выключаць і такой версіі – спадарыні Караткевіч настойліва параілі „ісці да канца” ветлівыя дзядзькі з адной сумна вядомай канторы. А яны ўмеюць пераконваць. І можа быць так, што ТаК гуляе супраць сваёй волі. І тады фарс можа неўпрыкмет перарасці ў трагедыю. Асабістую.
У любым выпадку палітычная кар’ера Таццяны Караткевіч скончыцца ў дзень „выбараў”. Узнагароды за паслугу яна не дачакаецца – агульнавядома помслівасць Лукашэнкі за малёйшую крытыку, а ёй, няхай сабе абцякальна і замылена, а давядзецца яго крытыкаваць. Апазіцыйныя ж структуры назад не прымуць, памятаючы цяперашняе штрэйкбрэхерства.
Такой бяды. Думаю, што боршч у спадарыні Таццяны будзе атрымлівацца лепш, чым палітычная дзейнасць.
А выбары, сапраўдныя, у Беларусі набліжаюцца няўмольна. І галасаваць будуць не столькі людзі, колькі іх лядоўкі. Пустыя ж лядоўкі ніколі не галасуюць за дзеючую ўладу.
*** Дарэчы, заўважце – „напарстачнікі” зніклі тады, калі нават самыя наіўныя людзі зразумелі сутнасць іх метадаў!