Словатворчасць



Беларуская мова  ніколі не мела спрыяльных умоваў для развіцця. Бадай што гэтым тлумачацца яе слабыя месцы, якіх не маюць іншыя мовы. Напрыклад, слова „глупства” ёсць, а „глупы” няма. „Рыса” маецца, а „рысунак” – не. Памятаю, як на адной выставе арганізатары мучыліся, перакладаючы назвы карцін –  „Лежащая”, „Идущая”. Пісалі –  „Якая ляжыць”, „Якая ідзе”… Або яшчэ – народ, славуты сваёй бяскрыўднасцю і памяркоўнасцю, які ніколі нікога не захопліваў і не гвалціў, не мае адпаведніка паняццяў „добродетель”, ці па-польску „cnota”!

Не так даўно рэдакцыя беларускага радыё „Свабода” заклікала слухачоў смела эксперыментаваць са словатворчасцю, прыдумляць словы і тэрміны, якіх дагэтуль у беларускай мове не існавала. Пахвальны заклік, толькі вынікі не заўсёды ўдалыя.

Гадоў гэтак пятнаццаць таму мне патэлефанаваў сябар і радасным голасам паведаміў: „Мы прыдумалі, як будзе „бутэрброд” па-беларуску!”  „І як?”  „Канапка!” Няведанне польскай ды іншых суседніх моваў робіць кепскую паслугу „словатворцам”. Чаго вартыя славутыя „філіжанка”, або „выкшталцоны” ў сэнсе „изящный”, у той час як па-польску гэта слова значыць „адукаваны”. І „выкшталцоныя ногі” – проста смех дый годзе.

Было яшчэ й такое – раптоўна кіёскі сталі называць „яткамі”. Між тым, „jatka” – месца на кірмашы, дзе калісь рэзалі скаціну і прадавалі свежае мяса. У Вроцлаве ёсць такое месца, там захаваўся нават равочак для сцёку крыві.

Або яшчэ – раптоўна сталі называць лікёр „лікворам”. Але „ліквор” – гэта фізіялагічная спіннамазгавая вадкасць, і ласавацца ёю можа

толькі людаед, канібал. А слова „лётчык” сталі замяняць польскім „лётнік”, самалёт жа зрабіўся амаль украінскім „лятаком”.

У вышэйзгаданым закліку „Свабоды” аўтар тэксту радаваўся таму, як хораша прыжыліся словы „сеціва” і „сочыва”, у сэнсе „варэнне”.

Наконт „сеціва” – згода, а вось „сочыва”… Расейская Вікіпедыя піша: „Сочиво – сок из семян, употребляемый для приправы вместо масла, а также пища, приправленная этим соком. Словам, посная страва, якую гатавалі на праваслаўныя Каляды. І слова „сочельник” – адтуль. Як бачым, з варэннем мала супольнага.

Увогуле, пра лёсы беларускай мовы ў ХІХ – ХХ – ХХІ стагоддзях можна напісаць філалагічна-прыгодніцкі раман. Нялёгкімі былі лёсы тых, хто закладваў падваліны літаратурнай беларускай мовы – Багушэвіча, Тарашкевіча, Лёсіка, ды іншых, менш знаных. Яны былі першапраходцамі, але не багамі, а людзьмі, і не маглі ўсё прадбачыць і ўсё пралічыць. Да таго ж яны сталелі і дзейнічалі ў кантэксце польскай культуры, што не магло не аказаць на іх уплыву. Жылі б яны дзесь на Віцебшчыне, Гомельшчыне, ці Магілёўшчыне –  тзв. „клясычная” граматыка выглядала б зусім іначай.

Але здарылася так, як здарылася. І, калі ў 60-70 гадах ХХ стагоддзя маладыя энтузіясты паўсталі супроць татальнай русіфікацыі і распачалі зварот да беларускай мовы, яны абвясцілі напрацоўкі Тарашкевіча і Лёсіка сваім ідэалам, а ўсе пазнейшыя рэформы і папраўкі – бальшавіцка-русіфікатарскай, „наркамаўскай” інтрыгай. Усе, хто працягваў карыстацца рэфармаванай граматыкай, былі па ўмаўчанню аб’яўлены калабарантамі і згоднікамі. Абвінавачванні былі настолькі ганебнымі і цяжкімі, што нават самыя салідныя пісьменнікі прыціснулі вушы і пахаваліся ў бульбу, не баронячы новага правапісу.

Праблема аднак была ў тым, што для новых маладых энтузіястаў беларуская мова не была „матчынай”. Калыханкі ім спявалі па-расейску. Беларускую ж яны вывучалі па кнігах, як замежную. Вядома ж, паводле Тарашкевіча і Лёсіка – савецкіх не прызнавалі. Змагаючыся з русізмамі, яны як найшырэй адчынілі вароты паланізмам, нават гэтага не ўсведамляючы.

І яшчэ адзін аспект. Ніводная суседняя мова – ані расейская, ані польская, ані літоўская (пра ўкраінскую не ведаю) не карыстаецца цяпер граматыкай канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Дзе адбыліся змены большыя, дзе меншыя – але адна толькі беларуская мова намагаецца апісваць рэаліі палётаў на Марс слоўнікам часоў сахі і касы. Стаіць, гаротная, у шарачковым андараку сярод суседак у навюткіх джынсах.

Уплывы ж пальшчызны на беларускую мову настолькі значныя, што ім будзе прысвечаны асобны тэкст.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ