Страх, надзея і рэальнасць



„Наша Ніва” апублікавала сапраўды жахлівыя факты тэмпаў русіфікацыі Беларусі. Так, надзеі на добрае амаль не застаецца. Амаль…  Быў у гісторыі КПСС, якую мы мусілі вывучаць, такі раздзел – „Трыумфальнае шэсце Савецкай улады”. Ну, і дзе цяпер тая Савецкая ўлада? То мо так будзе і з „трыумфальным шэсцем” русіфікацыі?

Ці ж не бывае гэтак, што чалавек перамагае хваробу, якая лічылася невылечнай?

А я вось, разбіраючы старыя паперы, натрапіў на ўласны верш, напісаны дваццаць гадоў таму, які ніколі нікому не паказваў. Не тое,што ён мае нейкія надзвычайныя паэтычныя вартасці, проста цяпер ён набыў пэўную гістарычную цікавасць – ён перадае тагачасныя пачуцці чалавека, які сам параўнальна нядаўна далучыўся да свядомай беларушчыны.

Не ведаю, ці напісаў бы падобны верш цяпер. Як і не ведаю, што можна сёння ў ім змяніць…

Перад кожным з нас паўстае пытанне – што ж рабіць? Адказ просты – рабіць тое,што можаш і ўмееш канкрэтна ты на сваім месцы – выхоўваць дзяцей, набываць ім і сабе беларускія кнігі, спяваць беларускія песні, проста быць беларусам,у рэшце рэшт. І няхай будзе, што мае быць.

ПРАРОКУ

Три славянские ветви – русский, украинский и белорусский народы

сольются в одно целое…

Павел Глоба

 Так, ты маеш рацыю, прарок

чарнабароды і высока –

ганарарны. Мой народ,

як статак палахлівы і бездапаможны,

што паслухмяна йдзе наперад за казлом – правадніком

да згубы ўласнай – у разніцу, бойню,

каб знікнуць, стаць прадуктам, масай, мясам,

біяэнергіяй, што будзе сілкаваць

чужыя арганізмы, целы,

чужынскі дух, намеры, планы, мэты –

каб гноем стаць, кампостам, глебай бруднай,

той тлустай глебай, на якой

чужая моц узыдзе, расцвіце і стане

пладаноснай.

Так, няхай усе зліюцца – цяжар лёсу

непасільны. Адзінкам

не адолець, не пераламаць, не здужаць

волю Творцы.

Але я

ў тым брудным акіяне,

дзе маюць зліцца й перагніць

усе, усе, усе

не растваруся.

Кропелькай бензіну

заззяю, бы вясёлка, на паверхні,

і ўспыхну – стану зоркай.

і, можа, нават

не самотнай…

Травень 1995, Вільня

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ