Супрацьстаянне



Пасля „крывавай пятніцы” ў Парыжы складана аспрэчваць ідэі Самюэля Хантынгтана пра сутыкненне цывілізацый. выказаныя ім яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Супрацьстаянне заходняй і ісламскай цывілізацый набывае ўсё больш зацяты характар. І канца яму не відаць. Як не відаць і простых рашэнняў праблемы.

Часам, гледзячы на маладых мам з каляскамі, што прагульваюцца ў парку, думаеш: які свет гэтыя дзеці пабачаць, з якімі бедамі ім давядзецца змагацца? Бадай што і яны атрымаюць у спадчыну вайну з ісламскімі фанатыкамі.

Здавалася б, пасля нацызму, фашызму і камунізму, з іхнімі Бухенвальдам і Аўшвіцам, Бабіным Ярам, ГУЛАГам і Курапатамі, Катынню і Хатынню, горшых ворагаў быць не можа. Аказалася, што — можа. Магчымасці зла далёка не вычарпаныя.

Нацысты акупавалі Парыж, расстрэльвалі і катавалі ўдзельнікаў Супраціўлення. Але яны не ўзарвалі ні Нотр-Дам, ні Луўр. Камуністы ж, мільёнамі знішчаючы сваіх сапраўдных і ўяўных ворагаў, прынамсі на словах, абвяшчалі сябе спадкаемцамі ўсяго лепшага, што стварыла чалавецтва ў навуцы і культуры.

Ідэолагі „джыхаду” заяўляюць адкрытым тэкстам і пацвярджаюць на практыцы сваю галоўную тэзу: на гэтай Зямлі мае права існаваць толькі і выключна іслам і ягоныя адэпты. Усе астатнія — любыя іншыя рэлігіі, культуры і ўвогуле цывілізацыі, — мусяць быць бязлітасна знішчаныя. Калі камунізм у рэшце рэшт пагадзіўся з мірным суіснаваннем дзвюх сістэм, іслам нават не разглядае такой магчымасці.

Няма сумненняў, што неўзабаве мы ў каторы раз пачуем пераконванні:  маўляў, не трэба атаясамліваць іслам як рэлігію, якая грунтуецца на ідэях дабра, маралі і справядлівасці, з ісламскімі тэрарыстамі, што нават не з’яўляюцца сапраўднымі мусульманамі, бо яны знявечылі ідэі Карана, адступіліся ад яго галоўных праўдаў.

Як усё гэта нагадвае спробы абяліць камунізм. Былі, кажуць, „перагібы”, злоўжыванні, але сама ідэя чыстая і светлая, проста яе няправільна ўвасобілі ў жыццё. Толькі чамусьці любыя спробы гэта зрабіць у самых розных месцах, самымі рознымі дзеячамі, — у СССР і Кітаі, Албаніі, Карэі і Кампучыі, — абарочваліся крывавымі трагедыямі і мільёнамі ахвяраў.

Ці чуў хто пра масавае асуджэнне сваіх адзінаверцаў-тэрарыстаў у мусульманскім свеце? Ці іхнія імамы хоць дзе-небудзь праклялі гэтых вылюдкаў і заклікалі сваю абшчыну змагацца з імі? Ці выказалі спачуванні іх ахвярам, аказалі дапамогу іх блізкім?

Вядома, недзе ў Татарстане які-небудзь муфцій абавязкова скажа дзяжурныя правільныя словы асуджэння, але ці будуць гэтыя словы ад чыстага сэрца? Ці падмацуюцца яны канкрэтнымі дзеяннямі?

Бясспрэчна, што сярод паўтара мільярда мусульманаў ёсць разумныя і добрасумленныя людзі. Нельга забываць, што менавіта прадстаўнікі гэтай цывілізацыі ў свой час далі свету алгебру і астраномію, Улугбека і Авіцэну, Ібн – Сіну, Амара Хаяма і Румі…

Нядаўна, адзін чэшскі журналіст, які доўгі час пражыў у Іране, апавядаў, як стаміліся там звыклыя грамадзяне ад дыктатуры аятолаў. Асабліва жанчыны, змушаныя насіць ненавісныя чорныя мяшкі і быць пазбаўленымі амаль усіх правоў. Але яны пачуваюцца загнанымі ў падполле, да незадаволеных ставяцца, як да здраднікаў.

Гэтаксама, як нацызм і камунізм, ісламафашызм (усё часцей ужываецца гэты тэрмін) прызнае толькі сілу. Альбо яму будзе пераламаны хрыбетнік, альбо яны гэта зробяць з заходняй цывілізацыяй. Барацьба будзе бязлітаснай і доўгай. У адной Францыі мусульман больш за пяць мільёнаў. У іх на ілбах не напісана, хто тэрарыст, а хто не.

Ізаляваць ці дэпартаваць іх немагчыма. Давядзецца так ці іначай суіснаваць побач. І гэта магчыма, што пацвярджаецца досведам ВКЛ, і сучаснай Літвы. Тыя, хто меў справу з літоўскімі татарамі, ведаюць — гэта на рэдкасць сумленныя, працавітыя і добразычлівыя людзі.

А ў Еўропе, на жаль, давядзецца пераглядаць як жа многія падыходы да „мультыкультуралізму”, „талерантнасці” і „правоў чалавека”. Мусульмане ж мусяць зразумець, што іхнія адзінаверцы-злачынцы найбольш шкодзяць ім, іхняй грамадзе.

І зноў думаеш: якой жа подлай у гэтай сітуацыі выглядае расейская агрэсія супраць Украіны, — нож у плечы сваім ( цяпер ужо былым) братам па веры, культуры і гісторыі… Тое, што такая нянавісць скіравана менавіта супраць Францыі і Парыжа, невыпадкова. Бо гэта калыска асветы і свабоднай думкі, тут жылі і дзейнічалі Вальтэр і „энцыклапедысты”, Таксіль, Камю і многія іншыя, хто сімвалізуе прарыў да духоўнай свабоды. Свабоды, на якую рабілі замах як жа многія ворагі. І ўсе яны пацярпелі паразу.

Няма сумненняў, што будзе разгромлена і цёмная ісламская сіла. Пытанне толькі — якім коштам?…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ