Віцебская гісторыя



16 лістапада 2015 года ў віленскім Доме правоў чалавека адбылася прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча „Родина. Марк Шагал в Витебске”. Кніга мае быць перавыдадзена ў Маскве, у салідным выдавецтве, з ілюстрацыямі, пагэтаму наклад віленскага выдання усяго 20 (!) асобнікаў. Мабыць, для Масквы прызначаўся і відэазапіс імпрэзы – і пагэтаму не было сказана ні паўслоўца па-беларуску, не толькі аўтарам, але і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. „А вдруг московские товарищи не поймут? И обидятся?”

Як жа ўсё гэта па – нашаму, па-беларуску…

Але гэта дробязі. Галоўнае, што сама кніга – бясспрэчная ўдача аўтара. Нядужа вялікая па аб’ёме (каля 170 старонак), кніга чытаецца адным духам, ад яе цяжка адарвацца. Аўтар так пранікся тэмай, над якой працаваў каля 15 гадоў, што піша пра свайго героя, як пра роднага, блізкага чалавека. Калі ж улічыць, што Марціновіч – адзін з самых цікавых сучасных беларускіх літаратараў, то вынік не мог не быць паспяховым.

Кніга прысвечана досыць кароткаму, але як жа істотнаму перыяду ў жыцці Марка Шагала, калі ён, ужо досыць вядомы мастак, жыў і працаваў у сваім родным Віцебску. Аўтар адсочвае ледзь не кожны крок свайго героя ў гэты час, усе ягоныя прыгоды, беды і паразы, якіх лёс яму не шкадаваў. Адначасова разбіваючы і шматлікія міфы, да стварэння якіх прылажыўся і сам Шагал. Увогуле, радаснага ў гэты перыяд было няшмат – крах арганізатарскай дзейнасці, напружаныя адносіны з Казімірам Малевічам, які пераманіў усіх шагалаўскіх вучняў да сябе…

Як жа балюча чытаць, напрыклад, пра тое, як „узброены пралетарыят” заявіўся для рэквізіцыі ў дом бацькоў ягонай каханай Бэлы Розенфельд. Выграблі падчыстую ўсё, што змаглі, не пакінуўшы нават відэльца. А калі няшчасныя агаломшаныя людзі сядзелі, здранцвеўшы ад гора, „рыцары рэвалюцыі” … вярнуліся!  Каб драць падлогу і бурыць сцены ў пошуках нібыта схаваных  скарбаў.

А высяленне сям’і Шагала з кватэры…

Тым не меньш, менавіта ў гэты перыяд у творчасць Шагала на ўсё ягонае доўгае жыццё ўвайшлі „перавернутыя дагары нагамі габрэі, драўляныя хаты, платы, козы, скрыпкі, гадзіннікі з маятнікам, і г. д.” Бясспрэчна, творчасць Шагала цікавая сама па сабе,  і ўсё ж, не меней, а ў некаторых выпадках, магчыма, і болей, цікавы ягоны лёс, як чалавека. Калі б анёлаў ахоўнікаў узнагароджвалі за верную службу медалямі, то анёл ахоўнік Марка Шагала, несумненна, заслугоўвае залатога.

Сын гандляра селядцамі з правінцыйнага горада, не маючы магчымасці ані вучыцца як след, ані падарожнічаць па свеце, стаўся ў рэшце рэшт адным з самых славутых мастакоў ХХ стагоддзя, мастаком, любы эскіз ці эцюд якога сёння каштуе сотні тысяч, а то і мільёны даляраў. І гэта ў жахлівым ХХ стагоддзі, калі асобе ягонай нацыянальнасці проста выжыць, пражыць доўгае жыццё, – усё роўна як удала прабегчы паміж струменьчыкамі пякельнага дажджу… Вядома, жыццё не паскупілася і ў ягоным выпадку на вялікія і малыя трагедыі, – здрады сяброў і вучняў, страту многіх уласных твораў, заўчасная смерць каханай жанчыны… але ж і гэта робіць майстра Майстрам!

І гэта бліскучая кар’ера абумовіла замешанае на зайздрасці ды дзікім, пячорным антысемітызме, цкаванне сусветна вядомага майстра, якое цягнулася ў Беларусі нават пасля смерці мастака.

Віктар Марціновіч прысвячае гэтай ганебнай тэме нямала старонак, тым больш, што гэта гісторыя закранула нават яго самога – ягоная дысертацыя на тэму „Віцебскай школы” не была дапушчана да абароны.

Антысемітызм – праява, якой варта прысвяціць не адзін тэкст. У 70 – 80 гады у Беларусі гэтым вірусам былі заражаны не толькі камуністычныя прапагандысты кшталту аўтараў сумнавядомага”Политического собеседника”, але і самыя шчырыя беларускія „адраджэнцы”. Памятаю, з’явілася тады такое падпольнае выданне „Бурачок”, прасякнутае самым брудным антысеміцкім духам. Мяне гэта так абурыла, што я напісаў ліст да рэдакцыі, у якім выказаў ўсё, што пра іх і іхнюю пісаніну думаю. Тыя ж не знайшлі нічога лепшага, як змясціць мой допіс у наступным нумары пад маім прозвішчам, што было раўназначна даносу. І неўзабаве з Мінска ў Вільню да мяне прыехалі ажно два следчыя – каму перадаваў свой ліст, хто выдае „Бурачок”… Ужо не памятаю, як удалося адбрахацца, не выдаць „кур’ера”. Выдаўцоў жа як тады не ведаў, так і цяпер ведаць не хачу.

Што тычыцца Шагала, Малевіча, і ўвогуле „авангарду” ХХ стагоддзя, – гэта тэма бязмежна цікавая, на якую можна гаварыць бясконца, было б з кім і для каго.

А пакуль можна толькі павіншаваць Віктара Марціновіча з удалай кніжкай!

P.S.  Спадзяюся, што ў маскоўскім выдавецтве знойдзецца добры карэктар, які выправіць „ляпы” з”…тся” і „…ться”. Расейскамоўныя сябры, як жа вы за… прабачце, замучылі з гэтымі канчаткамі!

Гэта ж так проста – „что делаеТ?” – „нравиТся”, „что делатЬ?” – „нравитЬся!”  Эх…

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ