VIVA BELBABVE!
Беларусь перажывае цяжкія часы. „Пятая калона” – усе гэтыя шушкевічы, статкевічы, някляевы ды франакі вячоркі з прымкнуўшай да іх Вольгай Мікалайчык, шчодра аплочаныя грантамі Дзярждэпа ЗША, – здолелі падтачыць, падгрызці беларускую эканоміку, якая так квітнела і ў савецкія часы, і яшчэ зусім нядаўна. Ледзьве дыхае МАЗ, склады забіты трактарамі „Беларус” і нагадваюць клады, нават беларускіх равароў, і тых не стала!
Крызіс, сябры, не цётка. І не дзядзька.
Хто вінаваты, мы ўжо сказалі. Засталося пытанне – што рабіць?
Тое,што робіць увесь свет, – аб’ядноўвацца!
„Гуртом і бацьку біць лаўчэй!” – кажуць у народзе. З братняй Расеяй мы ўжо і так аб’яднаныя па самыя памідоры, а толку, як з казла малака. Значыць, трэба шукаць іншых партнёраў, яшчэ больш блізкіх па ўсіх прыкметах.
І такая краіна ёсць! Зімбабвэ.
Ну і што, калі яна далекавата? У эпоху авіяцыі ды інтэрнэту гэта нічога не значыць. Істотная духоўная ды ўсякая іншая блізасць. Негры, кажаце? Дык беларусы – тыя ж негры, толькі цёмныя не звонку, а знутры. Мова іншая? Але гісторыя паказвае, што беларус з лёгкасцю асвойвае любую мову, абы яна не была беларускай. Затое як падобны дзяржаўны лад – Рэспублікай Зімбабвэ ўжо больш 30 гадоў кіруе ўсенародна выбраны Прэзідэнт Роберт Мугабэ. А фінансы – беларусы прывыклі да мільёнаў і мільярдаў „зайцоў”, а ў Зімбабвэ ў 2009 годзе была выпушчана ў абарот банкнота наміналам у сто трыльёнаў зімбабвійскіх даляраў, на якую цяпер па ўсім свеце палююць калекцыянеры. Інфляцыя ў тым жа годзе дасягнула 321 000 000 % (нулі напісаны правільна, гэта не памылка друку). Адзін амерыканскі даляр тады ж каштаваў 50 мільёнаў зімбабвійскіх. Дык не ў Польшчу на шопінг трэба ездзіць, а ў Зімбабве! Уяўляеце, калі там наша звыклая беларуская кабеціна выцягне з панчохі ці яшчэ з якога-небудзь інтымнага месца хоць дзясятку „зялёных” – кім яна пачуецца! Праўда, невядома, што там ёсць у крамах і ці ёсць крамы ўвогуле. То для таго і трэба аб’яднацца, каб даведацца!
А якія выгоды для эканомікі, для навукі, у прыватнасці, для селекцыянераў! Гэта ж калі скрыжаваць нашу беларускую свінаматку з зімбабвійскім гіпапатамам, то на адных пастаўках сала свінапатамаў у суседнюю Украіну можна ўваскрасіць беларускую эканоміку! А клімат: калі ў нас зіма, то ў Зімбабвэ – лета. І беларусу будзе круглы год цёпленька. Ані дроў не трэба, ані вугалю. Купіў білет на самалёт – і сагрэўся.
І праблема ўлады вырашаецца проста. Прэзідэнт Мугабэ ў мудрасці сваёй выдаў дэкрэт, паводле якога не павінна быць пасля яго ніякіх зімбабвійскіх прэзідэнтаў. А яму ўжо за 90. Значыць, у будучай аб’яднанай Белбабве Прэзідэнтам стане Мбвана Лукашэнка! Тым больш, што самалёт у яго ўжо ёсць, злётаць у тую іх (а потым стане і нашай!) Харарэ – не праблема. А рэзідэнцыю там мы таксама збудуем, досвед ёсць. І, як практыкуючы хрысціянін, Лукашэнка не будзе там самотны: паводле статыстыкі, 85% мясцовых жыхароў якраз спавядаюць гэту веру.
А як будзе цікава Міколку! Зебры, леапарды, сланы, кракадзілы, муха цэцэ…
А ўзаемаабмен турыстамі ды рабочай сілай! Уяўляеце, колькі ў нашу Сінявокую хлыне маладых гарачых зімбабвійскіх хлопцаў! Гэта вам не ачмурэлыя ад вечнага піва з цыгарэтамі мясцовыя дзецюкі. Адразу паправіцца дэмаграфія, з’явіцца мноства дзетак, „прыемна смуглявых”, як марыў адзін літаратурны герой. А якія будуць белбабвійскія лёгкаатлеты, футбалісты… ды і хакеісты таксама, калі іх апрануць цяплей, у валёнкі ды ватоўкі!
Купала марыў калісьці, што Беларусь зойме „пачэснае месца між народамі”.
Тое, што не ўдалося Беларусі, удасца Белбабве.
Жыве Белбабве!