Вожыкі і хімія



У савецкія часы ў Расеі існавала нямала добрай дзіцячай паэзіі – Самуіла Маршака, Карнея Чукоўскага, Агніі Барто, ды іншых, меньш вядомых аўтараў. Для дзяцей пісаць няпроста – трэба, каб сэнс нейкі быў, але ж неабходна і лёгкасць, гарэзлівасць.

Да найлепшых узораў такой творчасці належыць і вясёлы вершык Юнны Морыц пра гумовага вожыка „с дырочкой в правом боку”. Асабліва ён стаў папулярны, калі бард Сяргей Нікіцін напісаў і выканаў песеньку на гэтыя словы. Юнна Морыц пісала не горшыя вершы і для дарослых. Нават тыя, хто не дужа цікавіўся паэзіяй, запомнілі ейны пераклад па расейскую мову верша В.Кароціча „Переведи меня через майдан”, выкананы, як песня, тым жа Нікіціным.

Але гэта ўсё было ў 70-80 гады мінулага стагоддзя. У наш час яна піша пра Майдан, ужо іншы, кіеўскі, самыя агідныя і брудныя словы, якія толькі могуць знайсціся ў яе пасівелай галаве.

Як жа так магло здарыцца, што чалавек, які колісь у сваіх вершах апяваў свабоду, гонар і годнасць, цяпер ачарняе тых, хто за гэтыя ідэалы не шкадуе жыцця?

Выпадак Юнны Морыц не адзінкавы – у сучаснай Расеі гэта ўжо амаль эпідэмія. Самыя выдатныя і аўтарытэтныя творцы нібы ашалелі на глебе падтрымкі імперскіх памкненняў Крамля. Нават „бацька” іншага ўсенародна любімага вожыка, „Вожыка ў тумане”, Ю.Нарштэйн, нядаўна на ўсю краіну паўтараў дзікія выдумкі крамлёўскай прапаганды, што нібыта, калі б расейцы не забралі Крым, то подлыя бандэраўцы выразалі б усё мясцовае расейскамоўнае насельніцтва.

Так бы хацелася, каб аўтары нашых любімых твораў былі бездакорнымі і як людзі. На жаль, гэта не так. Не заўсёды так.

Любяць прыводзіць цытату, якую прыпісваюць Пушкіну – „гений и злодейство – две вещи несовместные”. Так, гэта напісаў Пушкін, але ён уклаў іх у вусны Моцарту, каб падкрэсліць ягоную наіўнасць. Сумяшчальныя геній і злачынства, ды яшчэ як. Прыкладаў безліч – колькі выпадкаў, калі геніі бязлітасна ламалі лёсы сваіх каханых і блізкіх, пераступалі ў імкненні да сваёй мэты праз усе магчымыя маральныя нормы. Дый сам Пушкін далёка не ва ўсім быў бездакорным. Адзін верш „Клеветникам России” чаго варты – гэта, па сутнасці апраўданне злачынстваў Аляксандра Суворава, які заліў крывёю тысячаў нявінных ахвяраў скораную Варшаву. І гэта паэт, які ганарырыўся тым, што „восславил свободу и милость к падшим призывал”.

Нічога няма больш складанага, чым хімія таленту, а тым больш геніяльнасці. Нікому не ўдалося вывесці іх формулу, растлумачыць прынцыпы і сутнасць гэтай з’явы. Але здаецца, што ў формуле таленту расейскіх творцаў прысутнічае элемент халопства, таго самага раба, якога Чэхаў настойліва раіў „выціскаць па кроплі”. А не ўсім удаецца… Сапраўдная творчасць заўсёды хоць у чымсь, ды апазіцыйная да начальства, улады. Бо калі мастак віляе хвастом, у яго дрыжаць рукі, і такі аўтар няздольны на вялікія рэчы. І творца вымушаны змагацца з рабом у сабе, і не заўсёды атрымлівае канчатковую перамогу. А напрыканцы жыцця так хочацца расслабіцца, адчуць салодкі аргазм поўнага зліцця з „лініяй партыі”. Дасягнуць, няхай пачварных, але спакою і гармоніі з „большасцю”. І вось тыя, хто калісь быў супраць, цяпер з энтузіязмам „адабраюць і падтрымліваюць”. І імя ім – легіён.

Распаўсюджаная рэакцыя нармальных людзей на такія праявы – „ну, не такі ўжо ён і геній!” Нядаўна адзін публіцыст намагаўся раскрыць таямніцу – як гэта сталініст Бортка здолеў зняць геніяльны фільм „Сабачае сэрца”? І – як яму здаецца, усё высветліў. Аказваецца, у 1975 годзе італьянскі рэжысёр Альберта Латуада таксама зняў фільм паводле гэтай самай аповесці. І Бортка проста скапіраваў кожны кадр італьянца. Словам, ягоны фільм – проста звыклы плагіят.

Трэба бачыць той італьянскі фільм (калі хопіць цярпення дагледзець яго да канца), каб зразумець недарэчнасць гэтай тэзы. Італьянскі Шарыкаў, чарнавокі прыгажун і бабнік, не мае нічога супольнага з булгакаўскім. Зрэшты, мабыць, гэта адчуваў і сам рэжысёр – нездарма ён перайменаваў яго ў Бобікава. Вядома, такі талент, як Макс фон Зюдаў, не мог кепска сыграць прафесара Прэабражэнскага, і ўсё ж, усё ж…

Не, не трэба спрашчаць праблему. Талент – гэта праваднік, медыум. Істотны творы, сама ж асоба творцы другасная. Нехта добра параўнаў – калі з крана цячэ чыстая вада, ці ж нас клапоціць, што трубы ў зямлі, па якіх яна цячэ, выглядаюць не надта прыгожа. Трэба вучыцца аддзяляць твор ад творцы. Гэта жыццё – а ніхто нам не абяцаў, што яно калі-небудзь перастане быць складаным і таямнічым.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ