Яны і смецце



Не буду інтрыгаваць: „яны” – гэта ўсе тыя, хто прысвоіў сабе права распараджацца лёсамі іншых людзей, адносячыся да іх, як да смецця. Так было, так ёсць, і так будзе – пакуль тыя, каго лічаць „смеццем”, не паўстануць, і не дамогуцца права „людзьмі звацца”.

Памятаю з часоў маленства, як камуністам стрэліла ў галаву ідэя сагнаць усіх сялянаў з хутароў у вёскі. Жаданне зразумелае – якая ж „калектывізацыя”, калі хтось жыве недзе асобна, без нагляду? Націск на нашу сям’ю быў страшэнны – запомнілася, як раз за разам прыязджалі мардатыя начальнікі на смярдзючых матацыклах, і з уладнымі мінамі перліся ў хату… Можна сабе ўявіць, што значыць супроць сваёй волі перанесці хату, гаспадарчыя пабудовы, на іншае, не табой абранае месца. Пазбавіцца хоць маленькай, але свабоды, жыць без штодзённага суседзкага падглядвання, спрэчак за межы дзялак і курэй, якія іх, нягодніцы гэткія, не прызнаюць… Даўно ўжо не стала маіх бацькоў, а я так іх і не распытаў, якім жа чынам ім удалося адстаяць сваё права на гэты малюсенькі лапік зямлі, столькі гадоў паліваны ўласным потам…

„Яны” лічылі, што маюць права на ўсё, распараджацца тваёй асобай, як заўгодна, не лічачыся з тваімі жаданнямі і патрэбамі. Якое радыё слухаць, якія кнігі чытаць, верыць у Бога, ці не (вядома, не!), якія святы святкаваць, нават, як апранацца і стрыгчыся! Што там казаць, доўгі час „калхознікі” не мелі нават права мець пашпарт!

Колькі гадоў мінула, а ў Беларусі не змянілася практычна нічога. Зноў „яны” вырашаюць, хто і як, і колькі часу мае кіраваць краінай, з кім яна мае сябраваць, а з кім – не. „Яны” вырашаюць усё – на якой мове грамадзяне маюць размаўляць і вучыць дзяцей, пад якімі сцягамі хадзіць, чыімі імёнамі называць вуліцы. Як зарабляць на жыццё, што купляць, дзе і колькі. Як і за што плаціць падаткі, якімі б абсурднымі яны ні былі.

Але ці толькі „яны” вінаваты ў гэтым? „Іх” жа – меньшасць, хоць за імі сіла, гвалт. Толькі не розум. Яскравы прыклад – эканамічныя праблемы яны тлумачаць падзеннем коштаў нафты. Але ж Беларусь не экспарцёр, а імпарцёр гэтай сыравіны, і чым яна таннейшая, тым лепш! Але дзе там, калі Беларусь, як ракавінка, намёртва прылеплена да іржавага расейскага „Тытаніка”, які якраз ад коштаў на гэту нафту і залежыць!

Не сказаць, каб зусім нічога не адбывалася – нясмела, але пратэстуюць дробныя прадпрымальнікі, патроху да іх далучаюцца рабочыя. І інтэлектуальнае жыццё поўнасцю знішчыць не ўдалося – з’яўляюцца гурткі беларускай мовы, расце якасць і ўзровень беларускіх кніжак. І чуткі – ў каторы ўжо раз! – што Еўропа намерваецца аблегчыць беларусам візавы рэжым…

Не трэба ва ўсім вінаваціць „іх”. Яны выйшлі з нашага асяроддзя.

Трэба стрэсці з сябе, сашкрабсці, ганебны статус „смецця”.

Стацца людзьмі.

Як жа гэта цяжка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ