ZEITGEIST



Кожная эпоха, час, мае свой твар, дух, не падобны да ўсіх іншых. Часы ніколі не паўтараюцца, хоць можа быць пэўнае падабенства, поўным яно не бывае нідзе. А „часы не выбіраюць, у іх жывуць і паміраюць”, як заўважыў паэт. Цяжка акрэсліць дакладна, што азначае ZEITGEIST, як гэту з’яву акрэслілі немцы, майстры трапных дэфініцый. Дух часу – як клімат, што незаўважальна, але паслядоўна і няўмольна фармуе асяроддзе. І вось з двух Міцкевічаў, Адама і Кастуся, вырастаюць абсалютна розныя творчыя постаці, дзеці сваіх часоў, хоць і той самай зямлі. Але ж і яны самі мелі ўплыў на сваю эпоху – мы кажам: часы Адама Міцкевіча, часы Якуба Коласа… То, можа, гэты дух часу не ўзнікае сам па сабе, а яго твораць найвыдатнейшыя асобы кожнай эпохі? Бадай што гэта нагадвае гісторыю пра курыцу і яйка! Хто сфармаваў стыль барока – архітэктуру, музыку, жывапіс: вядома ж, вялікія творцы. Але ж і яны развіваліся пад чыімсь уплывам, як нехта акрэсліў, стаялі на плячах папярэднікаў.

Нескладана заўважыць, што дух кожнага часу – гэта не толькі яркая, акрэсленая дамінанта, як готыку характарызуе архітэктура, ХІХ стагоддзе – літаратура і музыка, ХХ – тэхнічны прагрэс ды дзве страшныя вайны. Але кожная эпоха мае свае непаўторныя дробязі, якраз найбольш мілыя сэрцу сучаснікаў. Тое, што з тугой узгадваецца ў сталыя гады і ў старасці. І што ніколі не вернецца, як бы гэтага ні хацелася… Нядаўна бачыў бабулю гадоў гэтак пад 70, размаляваную і апранутую па модзе 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Страшнаватае відовішча…

Майму пакаленню выпала жыць на пераломе эпохаў – мы засталі позні савецкі лад, ужо ў стане дэградацыі, якая потым скончылася развалам СССР. (Не поўным, на жаль, метастазы існуюць дагэтуль). Затое ніхто іншы, як мы, можам ацаніць перавагі жыцця ў вольным свеце, бо маем з чым параўноўваць. Тое, што для Захаду даўно стала побытам, для нас усё яшчэ нагадвае цуд – свабода перамяшчэння па свеце, тыя ж славутыя сотні гатункаў сыру ў супермаркеце…

Праўда, гэта я кажу пра жыццё ў Вільні, у Беларусі, на жаль, з гэтым горш. (Хоць і ў нас не ідэальна, калі ён будзе, той „ідэал”?) Беларускія праблемы найбольш звязаны з адсутнасцю свабоды, неад’емнай умовай жыцця ў цывілізаваным свеце. Не так даўно вяліся заўзятыя дыскусіі – што найбольш народу трэба, свабода, ці кілбаса. Ніяк не даходзіла, многія дагэтуль не цямяць, што, калі не будзе свабоды, не будзе і дабрабыту з той жа кілбасой.

Калі ўзгадваеш савецкія часы, то разумееш, што духам таго часу была ўсюдыісная, навязлівая, нахабная прапаганда, ідэалогія. Прымусовае членства адразу ў акцябратах, потым піянерах і камсамоле, а хочаш нейкай кар’еры – уступай у КПСС. Бясконцыя заняткі з- пад палкі ў так званых „універсітэтах марксізму – ленінізму”, траскучыя прамовы і лозунгі. Цяперашняму пакаленню ўжо цяжка гэта ўявіць. (Зноў жа, не кажу пра Беларусь). Сапраўды, як можа нармальны чалавек, зразумець, што, скажам, туалетная папера можа быць дэфіцытам!

Вывернутыя, пачварныя паняцці пра эканоміку, палітыку, культуру, – вось што было духам часу савецкай эпохі. Тады і былі сфармаваны славутыя „масы”, падатлівыя на любыя маніпуляцыі, здольныя прымаць за чыстую манету любую хлусню, любыя зігзагі афіцыйнай ідэалогіі. Што сёння было чорным, заўтра аб’яўлялася белым. Учарашнія камуністычныя героі і куміры ў момант рабіліся „фашысцкімі шпіёнамі”, і „масы” ўсяму верылі. Ці ж не тое самае адбываецца ў цяперашняй Расеі?

Зусім нядаўна настаўнік, заўважаны ў царкве ці касцеле, імгненна траціў працу. Сёння стала вядома гісторыя настаўніцы з 23 – гадовым стажам, звольненая за тое, што… не наведвае храм! Галоўнае пытанне для кожнай асобы – у якой ступені яна здольна фармаваць сябе сама, а не быць проста пасіўнай глінай у чужых руках.

ZEITGEIST – як наравісты конь: адпусціш лейцы, і ён цябе занясе зусім не туды,куды табе трэба!

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ