Адмова Лукашэнкі ад паездкі ў Брусель – сур’ёзная памылка



23-24 лістапада ў Бруселі прайшоў саміт Еўразвяза і краін «Усходняга партнёрства». Мерапрыемства прарыўным не планавалася. Адзінай значнай падзеяй стала падпісанне Арменіяй Пагаднення аб усёабдымным і пашыраным партнёрстве з ЕЗ. Для Беларусі галоўнай інтрыгай стала пытанне, ці паедзе Аляксандр Лукашэнка ў Брусель. Куды яго не проста фармальна запрасілі, але дзе ўпершыню за многія гады яго чакалі. Практычна ў апошні момант Лукашэнка вырашыў адправіць замест сябе Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Афіцыйна тлумачыцца, што ў гэты дзень у беларускага кіраўніка была запланавана паездка ў Буда-Кашалёва. Якая ўжо нібыта пераносілася двойчы. Не пераносіць жа яе ў трэці раз. Адмовіўшыся ехаць у Брусель, Лукашэнка зрабіў памылку. Па-першае, тое, што ў Буда-Кашалёве сталі наводзіць парадак літаральна напярэдадні візіту беларускага кіраўніка, сведчыць аб незапланаваным характары вандроўкі. І ўсе зразумелі, што гэта толькі адгаворка.

Па-другое, не паехаўшы ў Брусель на саміт «Усходняга партнёрства» Лукашэнка прадэманстраваў няздольнасць да вядзення перамоў па нязручнай для сябе тэматыцы. Наколькі вядома, з кіраўнікоў высокага ўзроўню з беларускiм лідарам выказаў гатоўнасць сустрэцца толькі Прэм’ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен. Стакгольм вядомы паслядоўнай пазіцыяй па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі на Беларусі. Таму сустрэча для А. Лукашэнкі мелася быць не з лёгкіх. І наколькі можна меркаваць, іншых значных перамоў на вышэйшым узроўні беларускаму боку арганізаваць не атрымалася.

Для параўнання, з кім сустракаўся ўкраінскі Прэзідэнт Пятро Парашэнка: з Прэм’ерам-міністрамі Малдовы, Даніі, Славаччыны, Швецыі, Бельгіі, Грузіі, Фінляндыі, Германіі, Прэзідэнтамі Румыніі і Азербайджана, каролём Бельгіі, кіраўніцтвам ЕЗ і НАТА. На такім тле А. Лукашэнка мог адчуваць, што яго ігнаруюць. Мантры афіцыйнага Менска «мы – цэнтр Еўропы і без нас нічога не вырашаецца» разбіваюцца аб суворую праўду жыцця. Тое, што Лукашэнку запрасілі, не азначае, што яго манера кіравання дзяржавай стала прымальная для Захаду. Відавочна, што для беларускага лідара гэта стала вялікім расчараваннем. І нечаканасцю.

Адмова А.Лукашэнкі ад паездкі ў Брусель – сур’ёзная памылка. Безумоўна, у Бельгіі ён не мог разлічваць на цёплы прыём. І ў цэнтры ўвагі былі зусім іншыя палітыкі. Але яго візіт прадэманстраваў бы Захаду, што Лукашэнка можа быць бокам перамоваў. І здольны весці дыялог па самых праблемных пытаннях. Гэта не значыць – вырашаць гэтыя пытанні. Але хаця б гаварыць. Зараз атрымліваецца, што дамоваздольнасць беларускіх уладаў невялікая. Яны гатовыя дамаўляцца толькі па тых тэмах, якія цікавыя ім. Але не гатовыя да сур’ёзнага дыялогу па непрыемных для сябе пытаннях. Гульня «ў адну браму» 20 год атрымлівалася беларускаму рэжыму ў адносінах з Масквой. Калі за словы і абяцанкі Крэмль шчодра разлічваўся нафтай, газам і грашыма. Але з Захадам такая схема не працуе. Калі афіцыйны Менск хоча, каб яго ўспрымалі як сур’ёзнага партнёра, то і паводзіць сябе трэба сур’ёзна. А не як капрызная кіназорка. Тым больш, што і не зорка зусім.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ