Беларусь-НАТА: што перашкаджае супрацоўніцтву
На гэтым тыдні ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі знаходзілася дэлегацыя Міністэрства абароны Беларусі. Такія падзеі здараюцца не кожны дзень і вартыя згадкі. Але чамусьці ні НАТА, ні Мінабароны Беларусі пра візіт не паведамляюць. А таму тым больш варта пагутарыць пра перспектывы адносінаў паміж Менскам і Альянсам.
7-8 чэрвеня ў Бруселі праходзіла сустрэча міністраў абароны краінаў НАТА. Мне пашанцавала знаходзіцца ў штаб-кватэры Альянсу ў гэтыя дні. Падобныя мерапрыемствы – унікальная магчымасць лепш зразумець, як змяняецца сітуацыя ў сферы бяспекі ў нашым рэгіёне. І даведацца пра тое, што рэдка трапляе ў поле зроку СМІ. Напрыклад, погляды Альянсу на будучыню стасункаў з Беларуссю.
Вынікам агрэсіўнай палітыкі Расеі стала кансалідацыя НАТА і ягоная гатоўнасць змагацца за кожнага свайго сябра. Атака на краіны Балтыі стане вайной Расеі з усім Альянсам. Разлікі Масквы на тое, што пагроза прымянення ядзернай зброі паралізуе волю НАТА да барацьбы – бесперспэктыўныя.
Чыноўнікі НАТА ў прыватных размовах даюць зразумець: з вядомых прычынаў Беларусь знаходзіцца ў зоне ўвагі разведак краінаў Альянсу.
У Бруселі пакуль ўважліва прыглядаюцца да Беларусі. Там заўважылі розніцу ў падыходзе да вучэнняў «Захад-2017» з беларускага і расейскага бакоў. Але НАТА мае патрэбу ў пацверджанні здольнасці і гатоўнасці афіцыйнага Менска выступаць у ролі самастойнага фактара бяспекі, а не дадатка расейскай ваеннай машыны (гэтае меркаванне зараз, на жаль, пераважае). Пры гэтым Альянс не імкнецца да проціпастаўлення Расеі і Беларусі. Адносінам Беларусь-НАТА ёсць куды расці. Хоць бы да ўзроўню адносінаў НАТА з Арменіяй, Казахстанам і ўласна з Расеяй. Так што развіццё ўзаемадзеяння Менска з Альянсам не ўяўляе аб’ектыўнай праблемы для беларуска-расейскага супрацоўніцтва.
Унутрыпалітычная дынаміка ў Беларусі таксама важная для развіцця адносін нашай краіны з НАТА. Альянс будуецца на базе агульных каштоўнасцяў і стандартаў. Часткай якіх з’яўляюцца вяршэнства права, арганізацыя дзяржаўнай ўлады з дапамогай дэмакратычных працэдур, абарона правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Гэта падмурак. І развіваць адносіны з Беларуссю, заплюшчваючы вочы на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў нашай краіне, Альянс не гатовы.
Уплыў каштоўнасных пытанняў на перспектывы развіцця супрацы Беларусь-НАТА ў бягучых умовах з’яўляецца сур’ёзным стрымліваючым фактарам. З улікам надыходзячага выбарчага цыклу ў Беларусі (прэзідэнцкія і парламенцкія выбары) відавочна, што прыкметныя зрухі ў адносінах Менска і Альянсу будуць рэальна магчымыя не раней за другую палову 2020 года. І тое пры ўмове пазітыўных зменаў ва ўнутранай палітыцы беларускіх уладаў.