Беларуска-расейская мяжа: Лукашэнка адыходзіць у бок



Зніжэнне празрыстасці беларуска-расейскай мяжы з’яўляецца раздражняльнікам для вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Дзеянні расейскага боку ў памежнай сферы за апошнія два гады сведчаць пра хутчэй кепскія перспектывы двухбаковых адносін. Асабліва насцярожвае Менск той факт, што расейскі бок матывуе свае аднабаковыя дзеянні меркаваннямі бяспекі, намякаючы на​​магчымую пагрозу для Расеі з тэрыторыі Беларусі.

11.01.2018 Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу гэтага года вырашыць усе пытанні з Расеяй у пагранічнай сферы. Што, мяркуючы па яго словах павінна прывесці да аднаўлення раней існаваўшага ўзроўню празрыстасці беларуска-расейскай мяжы. Пры гэтым А. Лукашэнка ўсклаў адказнасць за ўрэгуляванне сітуацыі на Урад і галіновыя міністэрствы. Беларускім чыноўнікам даручана абмеркаваць усе існуючыя рознагалоссі з расейскім бокам і вызначыцца са шляхамі іх вырашэння. Сам жа беларускі лідар ад удзелу ў урэгуляванні праблемнай сітуацыі фактычна самаўхіліўся.

Цікава адзначыць: А. Лукашэнка заявіў, што ў цяперашні час на беларуска-расейскай мяжы расейскімі памежнікамі праводзіцца суцэльная праверка пашпартоў пры ўездзе ў Расею. На самай справе, гэта не зусім так: беларусам дастаткова толькі прад’явіць расейскім памежнікам пашпарт. Даты ўезду і выезду ніхто не фіксуе. Гэта значыць праверка пакуль носіць досыць павярхоўны характар. Як мне распавядалі мясцовыя жыхары, расейскія памежнікі пускаюць беларусаў на сваю тэрыторыю і па ксеракопіі пашпарта. Але словы А. Лукашэнкі могуць апынуцца не памылкай, а агаворкай: беларускім уладам магчыма вядомыя далейшыя планы расейскага боку адносна ўзмацнення кантролю на мяжы. І тады пашпарты сапраўды будуць правяраць як след і ва ўсіх.

Варта нагадаць, што на працягу мінулага года сітуацыя вакол беларуска-расейскай мяжы не раз была ў поле зроку А. Лукашэнка. Ён выказваў СМІ незадавальненне дзеяннямі расейскага боку па разгортванні сістэмы памежнай аховы. У ліпені пытанне аб сітуацыі на мяжы Беларусі і Расеі разглядалася на нарадзе А. Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета бяспекі Беларусі.

А. Лукашэнка традыцыйна пазбягае асабістага удзелу ў тых пытаннях, дзе пазітыўныя рашэнні не праглядаюцца. Відавочна, што зніжэнне празрыстасці мяжы Беларусі з Расеяй – гэта менавіта такая, невырашальная, праблема. Дзеянні Масквы з’яўляюцца эпізодам шырокіх беларуска-расейскіх супярэчнасцей. Сітуацыя на мяжы можа быць урэгулявана толькі ў рамках агульнай нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Расеяй. З улікам арганізацыйных намаганняў і матэрыяльных затрат, зробленых расейскім бокам для разгортвання памежнай аховы з Беларуссю, змякчэнне расейскай пазіцыі магчымае толькі пасля істотных саступак беларускага боку. Самаўхіленне А. Лукашэнкі ад вырашэння сітуацыі – ускосная прыкмета непрымальнасці для яго расейскіх патрабаванняў. А значыць, беларуска-расейская мяжа і далей будзе набываць рысы паўнавартаснай міждзяржаўнай граніцы, уключаючы розныя механізмы кантролю на ёй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ