Беларускія сілавікі шукаюць грамадскай падтрымкі



Расце ўсведамленне важнасці грамадскай падтрымкі для сілавых ведамстваў Беларусі. Але далёка не ўсе з іх дэманструюць здольнасць такой падтрымкай заручыцца.

На мінулым тыдні КДБ Беларусі адзначаў свой 100-гадовы юбілей. У інтэрв’ю СМІ Валерый Вакульчык – кіраўнік ведамства, якое мае вельмі амбівалентную рэпутацыю, паспрабаваў ачалавечыць вобраз спецслужбы, надаўшы шмат увагі характарыстыкам (выключна станоўчым) сваіх падначаленых. Было прадастаўлена досыць шмат інфармацыі аб выніках і бягучых умовах дзейнасці КДБ, што незвычайна. Прынамсі, ў папярэднія гады такога не назіралася. Асабліва было падкрэслена, што ў апошнія тры гады ў выніку барацьбы спецслужбы з эканамічнымі злачынствамі ў дзяржаўны бюджэт было вернута больш грошаў, чым выдаткавана на ўтрыманне Камітэта. Відавочна, што ва ўмовах эканамічнага крызісу ўзрастае канкурэнцыя за долю бюджэтнага «пірага». Закрытасць спецслужбаў пачынае гуляць супраць іх: падаткаплацельшчыкі не схільныя ўхваляць марнаванні на іх утрыманне, бо не ўсведамляюць характар ​​і значэнне дзейнасці спецслужбы. Умоўныя генералы прайграюць у спаборніцтве за грошы грамадзянаў умоўнай галоднай настаўніцы: настаўніцу сярэдняму абывацелю – шкада, а генералаў – не. Інфармацыя пра «самаакупнасць» КДБ мае на мэце знізіць магчымую грамадскую незадаволенасць узрастаючымі выдаткамі на яго ўтрыманне.

Напярэдадні юбілею на сайце КДБ быў размешчаны віртуальны гід па музеі ведамства. З экспазіцыі вынікае, што спецслужба бачыць свае карані значна раней за СССР: пачынаючы з 11-га стагоддзя і далей у эпоху існавання Вялікага Княства Літоўскага. КДБ імкнецца абвергнуць абвінавачванні ў недастатковай патрыятычнасці з-за залішне цесных сувязей з расейскімі спецслужбамі.

У той жа самы час паводзіны Мінабароны вядуць да яшчэ большай страты даверу да ведамства з боку грамадскасці. Пасля таго, як стала вядома аб абуральных фактах парушэння законнасці ў армейскім асяродку, ваеннаму ведамству былі перададзеныя грамадскія прапановы па выпраўленні сітуацыі. Якія Мінабароны ў традыцыйнай для сябе хамскай манеры адкінула, назваўшы «непрафесійнымі». Пры тым, што прапановы грунтуюцца на досведзе еўрапейскіх і постсавецкіх краін, частка з іх былі прадубляваныя Аляксандрам Лукашэнкам і ўжо выконваюцца (пашырэнне магчымасці для салдат тэрміновай службы падтрымліваць камунікацыю з сем’ямі).

Дактрынальныя дакументы апошніх гадоў у галіне нацыянальнай бяспекі ў якасці пагрозы адзначаюць зніжэнне ўзроўню патрыятызму ў грамадстве. Г.зн. адарванасць грамадства ад сілавых структур, незадавальняючы ўзровень гатоўнасці грамадзян да абароны дзяржавы. Відавочна, перад сілавікамі стаіць задача нарасціць ўзровень даверу і грамадскай падтрымкі. Як бачна на прыкладзе Мінабароны, далёка не кожнае сілавое ведамства здольнае дасягнуць пастаўленых задач. А значыць, з улікам важнасці інфармацыйнай працы, у кіраўніцтве «адстаючых» сілавых структур кадравыя перастаноўкі практычна непазбежныя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ