Беларускія ўлады хочуць пазбавіцца ад любых радыкалаў



Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі абнародавала некаторыя вынікі сваёй дзейнасці ў мінулым годзе. Так, на датычнасць да найміцтва правяраюцца 734 беларускіх грамадзяніна і асобы без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Ужо ўстаноўлена, што 188 чалавек з іх прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. У 2017 годзе па матэрыялах ГУБАЗіК распачата 10 крымінальных спраў, да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя 7 беларусаў. Устаноўлены 22 грамадзяніна трэціх краін, якія пражывалі ў Беларусі і ўдзельнічалі ў вайне на Данбасе. У дачыненні да 5 грамадзян Беларусі, якія падазраюцца ў найміцтве і маюць намер у бліжэйшы час вярнуцца на радзіму, сабраны матэрыялы для іх прыцягнення да крымінальнай адказнасці. На кантроль перасячэння дзяржмяжы пастаўленыя 90 удзельнікаў баявых дзеянняў. У дачыненні да каля 40 чалавек, якія ваявалі ў шэрагах украінскіх добраахвотніцкіх фарміраванняў, распачатыя крымінальныя справы па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса за злачынствы, нібыта ўчыненыя iмi на тэрыторыі Беларусі.

Звернем увагу на неадпаведнасць колькасці устаноўленых удзельнікаў баявых дзеянняў – грамадзян Беларусі колькасці распачатых крымінальных спраў. Таксама нічога не паведамляецца пра тое, ці абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук беларусы-ўдзельнікі вайны на Данбасе і ці звярталіся беларускія ўлады да ўкраінскіх калег адносна выдачы гэтых людзей. Відавочна, што не. Нагадаю, што ў сакавіку 2016 года МУС Беларусі паведаміла пра ўзбуджэнне 135 крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян нашай краіны, якія ваявалі ва Украіне.

Таксама ў 2017 годзе супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй ўсталявалі каля 260 асоб, схільных да экстрэмізму, якія ўчынілі 315 злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасці. Выявілі больш за 20 злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Складзены 71 адміністрацыйны пратакол за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, а таксама 21 пратакол за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Наколькі вядома, асноўная частка асоб, якія падазраюцца ў экстрэмізме – гэта футбольныя фанаты і анархісты.

Беларускае кіраўніцтва занепакоенае магчымасцю радыкалізацыі часткі насельніцтва (нават адносна невялікай) і перспектывамі вяртання ў краіну асоб, якія маюць баявы досвед і ідэалагічную матывацыю. Пры гэтым сама ідэалогія ўлады не цікавіць. Засцярогі выклікае тое, што ў Беларусі з’яўляюцца людзі, якія гатовыя за свае палітычныя погляды ўжываць гвалт і якія маюць досвед дзейнасці ў групе. Мэта ўладаў – раздушыць любыя праявы самаарганізацыі людзей, якія прытрымліваюцца радыкальных поглядаў, не дапусціць вяртання такіх асоб у Беларусь і «выціснуць» з краіны тых, хто ўжо вярнуліся. Крымінальны перасьлед удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў Беларусі носіць не столькі прававы характар, колькі гаворка ідзе аб псіхалагічным ціску на такіх асоб з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад вяртання ў краіну ці пакінуць яе тэрыторыю. І запалохаць астатніх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ