Чаму АДКБ не НАТА і ніколі ім не стане
Гэты год адметны тым, што Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Традыцыйна афіцыйны Менск узяў на сябе павышаныя абавязацельствы і паабяцаў вывесці АДКБ на якасна новы ўзровень. У тым ліку і на міжнароднай арэне. Аднак год праходзіць хутка, а абяцанага прагрэсу не назіраецца. Паспрабуем разабрацца, ці быў у прынцыпе ў афіцыйнага Менска шанец падвысіць уплыў і дзеяздольнасць арганізацыі.
АДКБ з’яўляецца тыповай постсавецкай інтэграцыйнай структурай, створанай вакол Расеі і для атрымання выгод і прэферэнцый ад яе. Мяркуецца, што так як ініцыятарам стварэння арганізацыі выступала Масква, то і плаціць за ўсе павінны рускія. У гэтай сітуацыі іншыя краіны-ўдзельніцы зацікаўлены ў тым, каб атрымаць як мага больш, а даць як мага менш. Або па магчымасці наогул нічога не даваць.
Яркай праявай сказанага з’яўляецца памер бюджэту АДКБ. Цалкам відавочна, што для любой маштабнай дзейнасці патрэбныя рэсурсы. Для міжнародных арганізацый крыніцамі такіх рэсурсаў з’яўляюцца ўнёскі краін-удзельніц. Крамлёўская мара — пераутварыць АДКБ у аналаг НАТА на поўначы Еўразіі. Аднак гэтыя мары маюць мала агульнага з рэальнасцю. Гадавы бюджэт АДКБ складае менш за 5 млн даляраў ЗША. Для міжнароднай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 6 не самых маленькіх краін — гэта проста смешная сума. Тлумачэнне адно: ніхто не жадае ўкладвацца ў агульную справу. Таму што ніхто не бачыць сваіх інтарэсаў унутры гэтай арганізацыі.
Зусім іншая сітуацыя з НАТА. Бюджэт Паўночнаатлантычнага альянсу вагаецца ў межах 2,3-2,5 млрд даляраў ЗША. Амаль 60% гэтых рэсурсаў ідзе на ваенныя аперацыі і выдаткі, непасрэдна звязаныя з забеспячэннем бяспекі. Яшчэ каля траціны — гэта выдаткі на падтрыманне інфраструктуры бяспекі, якая мае значэнне для ўсіх краін альянсу. Напрыклад, НАТА пакрывае 50% выдаткаў на мадэрнізацыю ваенна-паветраных баз у краінах Балтыі. Астатнія 10% ад гэтай сумы ідуць на ўтрыманне цывільных структур Альянсу.
З-за розніцы ў бюджэце магчымасці АДКБ і НАТА проста несупаставімыя. Імкнучыся знайсці сваё месца, АДКБ працуе ў сферах, якія наўпрост ваеннай тэматыкі не тычацца. Так, на саміце, які адбыўся ў красавіку 2017 года ў Бішкеку, было прынята рашэнне сумесна процідзейнічаць ўнутрыпалітычнай нестабільнасці ў краінах-удзельніцах. Да гэтага падштурхоўваюць эканамічныя цяжкасці і рост пратэстных настрояў у асноўных дзяржавах арганізацыі.
Уладзімір Пуцін тады пасля сустрэч з лідарамі Казахстана, Кыргызстана і Беларусі заявіў, што Расея будзе садзейнічаць краінам АДКБ у падтрыманні ўнутрыпалітычнай стабільнасці. Аўтакратыі (а такіх 4 з 6 краін-удзельніц) адмаўляюць права і здольнасць сваіх грамадзян на публічны пратэст і змену ўлады, лічачы, што падобнае магчыма толькі калі справакавана звонку. «Каляровыя рэвалюцыі» разглядаюцца як комплексны інструмент знешняй агрэсіі неваеннымі сродкамі.
Відавочна, што АДКБ ператварылася ў сучасны аналаг Святога саюзу еўрапейскіх абсалютысцкіх манархій ХІХ стагоддзя. Разам з гэтым можна канчаткова паставіць крыж на амбіцыях кіраўніцтва арганізацыі набыць міжнародную суб’ектнасць. АДКБ будзе далей ўсё больш канцэнтравацца на пытаннях забеспячэння ўнутранай бяспекі палітычных рэжымаў краін-удзельніц. Ператвараючыся з саюзу вайсковага ў жандарскі.