Чаму Крэмль хоча мяжу з Беларуссю
У канцы мінулага тыдня першы намеснік міністра ўнутраных спраў Расеі Аляксандр Гаравы заявіў пра тое, што Масква гатовая ўсталяваць часовыя памежныя пасты на мяжы з Беларуссю на час правядзення чэмпіянату свету па футболе летам наступнага года, калі краіны не ўніфікуюць міграцыйнае заканадаўства, не пяройдуць на адзіную міграцыйную карту да сакавіка 2018 года. Урадам РФ папярэдне прапрацавана пытанне аб увядзенні часовых пагранічных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без спынення руху пасажырскіх цягнікоў.
Узмацненне жорсткасці кантролю плануецца з траўня наступнага года. Расейскі чыноўнік сцвярджае, што трафік наркотыкаў шматкроць павялічыўся праз расейска-беларускую мяжу і расейскіх праваахоўнікаў турбуе парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь.
Усё ў гэтай заяве дзіўна. Па-першае, МУС не з’яўляецца органам, вызначаючым памежную палітыку. У Расеі такім ведамствам выступае Федэральная памежная служба ФСБ. Па-другое, не МУС Расеі вызначае і візавую палітыку – гэта прэрагатыва МЗС. Па-трэцяе, наогул гэта Расея выступае краінай-транзіцёрам наркотыкаў у Беларусь, а не Беларусь – у Расею. Так што прэтэнзіі расейскага чыноўніка, мякка кажучы, нечаканыя. Па-чацвёртае, пагранічны кантроль на аўтамабільных трасах ўжо прысутнічае. Больш за тое, расейскія памежнікі з лета гэтага года выйшлі і на ахову «зялёнай мяжы». З новага – атрымліваецца толькі кантроль за чыгуначным злучэннем. Якое пакуль ажыццяўляецца адносна свабодна.
На самай справе мы назіраем шантаж з расейскага боку. Масква імкнецца прымусіць Менск да вядзення агульнай візавай палітыкі. Якая фактычна будзе азначаць перадачу яе пад расейскі кантроль. А значыць, консульская служба Беларусі стане не патрэбнай. А гэта якія-ніякія, але грошы. Ну і кавалак суверэнітэту, які Масква хацела б атрымаць ад Менска. Тут – галоўнае пачаць працэс; спыніць потым перадачу знешнепалітычнай суб’ектнасці ад Беларусі Расеі будзе практычна немагчыма. Відавочна, што часу да сакавіка вельмі мала для ўзгаднення нават падмуркаў сумеснай візавай палітыкі. Не кажучы ўжо пра поўнамаштабнае пагадненне.
У Маскве разумеюць, што Менск на шантаж не прагнецца і адзінай візавай палітыкі не будзе. А значыць, разгортванне паўнавартаснай сістэмы памежнай аховы з расейскага боку – працэс непазбежны. І рана ці позна Беларусі давядзецца рэагаваць сіметрычна. Узнікае пытанне: навошта Маскве спатрэбілася менавіта цяпер дэманстратыўна паніжаць узровень празрыстасці беларуска-расейскай мяжы? Якая ў гэтым ёсць патрэба? Магчыма, такім чынам Расея спрабуе прадухіліць пранікненне на сваю тэрыторыю санкцыйных прадукцыі. Але я думаю, што гэта далёка не галоўная прычына.
Эксклюзіўны характар беларуска-расейскіх адносін – адзіны замежнапалітычны актыў Аляксандра Лукашэнкі. Які, апроч іншага, беларускі кіраўнік рэгулярна падчас прэзідэнцкіх выбараў канвертуе ў фінансавую і палітычную падтрымку сваёй кандыдатуры. Выступаючы безальтэрнатыўным партнёрам для Крамля ў Беларусі. Дык вось, дэмантуючы асаблівы характар двухбаковых адносін, Расея можа даваць выразны знак, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў Крамля можа быць іншы фаварыт.