Чаму «Менскі працэс» — мёртвая ідэя
Афіцыйны Менск імкнецца замацаваць і развіць свой адзіны на бягучы момант знешнепалітычны актыў – статус перамоўнай пляцоўкі. Пасля поспеху, звязанага з менскімі перамовамі па вайне на Данбасе, беларускія ўлады прыступілі да раскруткі ідэі арганізацыі глабальных перамоў па новай архітэктуры рэгіянальнай, ці нават шырэй — глабальнай, бяспекі («Хельсінкі-2», «Менскі працэс»).
Неабходнасць новай сістэмы міжнароднай бяспекі відавочная. А Менскія пагаднення па Данбасу як бы ствараюць перадумовы для таго, каб менавіта беларуская пляцоўка была абраная ў якасці перамоўнай. Але ёсць шмат «але».
Правядзенне падобнага мерапрыемства з’яўляецца відавочным прывілеем. І здольнае памножыць сімвалічны капітал краіны-гаспадыні. А значыць, з’яўляецца своеасаблівым падарункам ад краін-удзельніц перамоваў. Для атрымання якога варта было б мець роўныя і партнёрскія адносіны з асноўнымі ўдзельнікамі перамоў. Перспектывы палітычных адносінаў Беларусі з краінамі Захаду дагэтуль знаходзяцца ў нявызначаным стане. А з Украінай і Расеяй — пагаршаюцца.
Краіна-гаспадыня павінна валодаць адпаведнай рэпутацыяй, г.зн. быць аўтарытэтным і паважаным сябрам міжнароднай супольнасці. Рэпутацыя Беларусі, на жаль, — недэмакратычны рэпрэсіўны рэжым.
Прымаючы бок павінен быць нейтральным як дэ-юрэ, так і дэ-факта. Беларусь — саюзніца аднога з бакоў канфлікту. Непаслядоўная, своеасаблівая — але саюзніца.
Краіна-гаспадыня павінна мець давер асноўных удзельнікаў перамоваў. Беларусь усё часцей чуе абвінавачванні з боку Масквы ў фактычнай здрадзе Расеі. А з боку Ўкраіны пасля кожнага антыўкраінскага галасавання беларускіх дыпламатаў у ААН раздаюцца ўсё больш жорсткія характарыстыкі на адрас афіцыйнага Менска.
У рэшце рэшт, усе бакі супрацьстаяння павінны выказваць цікаўнасць да дасягнення дамоўленасцей. Ні Ўкраіна, ні Захад не маюць намеру дамаўляцца з Расеяй на расейскіх умовах. У адрозненне ад 70-х гадоў мінулага стагоддзя, Масква не валодае ні вагой, ні ўплывам, ні патэнцыялам СССР. Узмацненне жорсткасці амерыканскіх санкцый супраць Расеі з’яўляецца выразным маркерам стратэгіі Вашынгтона, накіраванай на ізаляцыю і «ўдушэнне» Крамля. Ні адна еўрапейская сталіца не дэманструе сур’ёзнага сумневу ў слушнасці амерыканскай палітыцы ў адносінах да Расеі.
Актыўнасць беларускіх уладаў па прасоўванні ідэі «Менскага працэсу» як мінімум у Кіеве і ў Вільні разглядаюць як дзеянні ў інтарэсах Расеі. Вынікам пагадненняў у Хельсінкі стала замацаванне зоны ўплыву і тэрытарыяльных набыткаў СССР падчас Другой сусветнай вайны. А таму і «Менскі працэс» успрымаецца як спроба новага падзелу кантыненту і замацавання за Расеяй прамых (Крым) і ўскосных (Прыднястроўе, Данбас, Абхазія, Паўднёвая Асеція) тэрытарыяльных набыткаў. Ідэя анексіі адной краінай частцы тэрыторыі іншай краіны абсалютна непрымальная для заходніх элітаў. Пра што неаднаразова і прама заяўлялася. Але чамусьці ў Менску гэтага не чуюць.