Чаму Пуцін ігнаруе Лукашэнку?



26.12.2017 адбыўся нефармальны саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што рыхтуецца ягоная сустрэча з Уладзімірам Пуціным для абмеркавання важных пытанняў. Аднак, на саміце СНД расейскі кіраўнік знайшоў час для прэзідэнтаў Малдовы і Казахстана, але не для свайго фармальна бліжэйшага саюзніка. Ігнараванне Пуціным Лукашэнкі становіцца тэндэнцыяй. Беларускі кіраўнік заўсёды быў складаным партнёрам для Масквы. Але раней Пуцін падтрымліваў імідж Беларусі, як эксклюзіўнага хаўрусніка Расеі. Што ж памянялася?

У апошнія паўтары-два гады паступова пашыраецца колькасць расейскіх грошаў у беларускай палітыцы і каля палітыцы. Цяпер гаворка ідзе прыблізна аб 1,5 млн даляраў, якія размяркоўваюцца непасрэдна на актыўнасць ўнутры краіны. Можна вылучыць асноўныя сферы, куды ідуць гэтыя рэсурсы: грамадская (але не культурная) актыўнасць; інфармацыйныя фармальна незалежныя рэсурсы; каля палітычныя праекты. Непасрэдна ў палітыку адкрыта грошы пакуль не ідуць. Усе разумеюць, што рэакцыя беларускіх уладаў будзе гранічна жорсткай. Але гэта пакуль. Асобная тэма – гэта тое, што ўмоўна можна назваць «інвестыцыямі ў людзей». Гаворка ідзе пра фінансавую падтрымку тых, хто на думку расейскага боку ўяўляе цікавасць: альбо будучы прама ці апасродкавана звязаным з беларускай дзяржавай, альбо маючы выхад на нейкую аўдыторыю (праз СМІ ці грамадскую арганізацыю), альбо маючы сувязі на Захадзе. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра атрыманне патрэбнай інфармацыі адносна ўнутранай і знешняй палітыкі афіцыйнага Менска і пра распаўсюд выгадных Расеі ідэалагічных установак.

 Гэта прынцыповае змяненне сітуацыі. Раней Масква зыходзіла з таго, што ў яе ёсць Лукашэнка, з якім можна вырашыць любое пытанне. Цяпер яны разумеюць, што вельмі слаба інфармаваныя аб рэальным становішчы ў Беларусі. Г.зн. патрэбныя новыя крыніцы інфармацыі. І патрэба ў гэтым узнікла таму, што ў Крамлі страцілі давер да А. Лукашэнкі. І да звестак, якія атрымліваюць ад беларускіх афіцыйных крыніц. Паўстаў запыт на іншыя, альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Масква падазрае Менск у падвойнай гульні. А значыць ёсць патрэба ў адсочванні беларуска-эўрапейскіх і беларуска-амерыканскіх адносін. Таму ўзнікае цікавасць да людзей, якія маюць магчымасць атрымання Інсайда. І за гэта Масква гатовая плаціць.

А цяпер паспрабуем скласці вельмі просты пазл: збор палітычнай інфармацыі, плюс стварэнне падкантрольных інфармацыйных і квазіпалітычных структураў, плюс ўзаемны недавер, які мяжуе з варожасцю, кіруючых груп. Відавочна, што рана ці позна з гэтай сітуацыі павінен выкрышталізавацца нейкі палітычны суб’ект (у выглядзе арганізацыі або канкрэтнага палітыка), які будзе карыстацца даверам, альбо знаходзіцца пад поўным кантролем, Масквы. Нічога трагічнага ў гэтым няма. Для Беларусі. А вось у Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт можа быць сваё меркаванне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ