Чаму Трамп хоча перанесці перамовы па Данбасе ў Астану?



Падчас візіту прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў ЗША паўстала пытанне аб пераносе перамоваў па Данбасу з Менска ў Астану. З чым гэта можа быць звязана і якія наступствы будзе мець для Беларусі?

Змена перамоўнай пляцоўкі можа азначаць і перафарматаванне самога працэсу. Назарбаеў заявіў, што ініцыятыва змяніць Менск на Астану зыходзіць ад ЗША. Цалкам магчыма, што Амерыка хацела б уступіць у перамовы па Данбасе ў якасці паўнавартаснага ўдзельніка. Адначасова ў ЗША ёсць сур’ёзныя інтарэсы ў Казахстане. Гаворка ідзе і пра эканоміку, і аб рэгіянальнай бяспецы, Астана аказвае сур’ёзную падтрымку намаганням міжнароднай супольнасці па стабілізацыі афганскай дзяржаўнасці. У тым ліку і фінансамі. ЗША і Казахстан знаходзяцца ў працэсе пашыранага стратэгічнага партнёрства. Назарбаеў даказаў, што ён надзейны і прадказальны партнёр для Вашынгтона. А ў Менску ў ЗША няма нават амбасадара. Які быў высланы па ініцыятыве А. Лукашэнкі. ЗША Беларусі нічога не вінны, у адрозненне ад Казахстана. І перанос перамоў у Астану мог бы стаць своеасаблівай падзякай Н.Назарбаеву.

Для Казахстану гэта пытанне палітычнага прэстыжу з аднаго боку. І палітычных гарантыяў бясьпекі з другога. Назарбаеў не малады, пытанне транзіту ўлады існуе. Расейская палітыка лічыцца непрадказальнай і Крэмль можа ўмяшацца ў магчымы працэс перадачы ўлады. Хачу нагадаць, што Казахстан таксама прымае і перамовы па Сірыі. А раней выступіў пасярэднікам у нармалізацыі расейска-турэцкіх адносінаў. Перамовы з удзелам Расеі і ЗША ў Астане стрымліваюць ў тэорыі пагрозу ціску на Казахстан з поўначы. Тым больш, што відавочна: хуткага прагрэсу па Данбасе не будзе, перамовы будуць цягнуцца гадамі.

Перанос перамоў па Данбасе для Менска будзе мець наступствы як у тым анекдоце: лыжкі знайшліся, але асадак застаўся. Беларусь ужо даўно атрымала максімум магчымага з Менскіх дамоўленасцяў. Таму асаблівых і страт я не бачу. Хоць сама сітуацыя непрыемная з пункту гледжання іміджу дзяржавы.

Тым не менш, у Менску рэагуюць нярвова. Чаму? Таму што перамоўная пляцоўка – адзіны замежнапалітычны актыў афіцыйнага Менску. Калі ён будзе згублены, гэта значна аслабіць перамоўныя пазіцыі беларускіх уладаў з Захадам. Апеляваць да таго, што мы «донар рэгіянальнай бяспекі» будзе недарэчна. Утворыцца пэўная «дзірка» ў палітычнай камунікацыі з Вашынгтонам і Бруселем. Яе трэба чымсьці «закрываць». Варыянтаў няшмат: стан дэмакратыі і правы чалавека ў Беларусі. Абедзве тэмы для нашых уладаў гранічна нязручныя.

Акрамя таго, перанос перамоўнай пляцоўкі з Менска перакрэслівае перспектывы так званага «Менскага працэсу» або «Хельсінкі-2». Відавочна, што гэтая ідэя авалодала А. Лукашэнкам, па распараджэнні якога яе і прасоўваюць дзе трэба і дзе не трэба. А мы ведаем, што беларускі кіраўнік у выпадку правалаў сваіх ініцыятыў любіць займацца пошукам вінаватых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ