Еўропа хоча сумесную абарону
Бяспека Еўропы не можа больш абапірацца на старых саюзнікаў. Важнейшымі партнёрамі становяцца Францыя і Нямеччына. Так лічыць Жан-Батыст Вілмер, дырэктар Інстытута стратэгічных даследаванняў Міністэрства абароны Францыі.
Ён вылучае тры прычыны, па якіх будаўніцтва надзейнага Еўрапейскага абарончага саюза з’яўляецца неабходнасцю. Па-першае, стратэгічнае асяроддзе Еўропы ў апошнія гады змянілася з-за шматлікіх і адначасовых пагроз на тэрыторыі кантынента (расейская ваяўнічасць, кібер- і тэрарыстычныя атакі, інфармацыйныя маніпуляцыі і арганізаваная злачыннасць) і па суседстве (на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы).
Па-другое, гэтыя праблемы пагаршаюць экзістэнцыяльны крызіс ЕЗ, выкліканы няздольнасцю ратыфікаваць канстытуцыю ў 2005 годзе, эканамічны крызіс 2008-2009 гадоў, нядаўні крызіс міграцыі і, найбольш відавочна, Брэксіт.
Па-трэцяе, цяперашняя знешнепалітычная дактрына адміністрацыі ЗША і яе патрабаванні да саюзнікаў прыняць вялікую частку цяжару сумеснай бяспекі, з’яўляюцца дадатковым стымулам для еўрапейцаў ўзяць свой лёс у свае рукі.
ЕЗ павінен прыняць адказнасць як пастаўшчык бяспекі і таму, што гэтага чакаюць 440 мільёнаў грамадзян Еўразвязу: еўрапейцы ўсё больш заклапочаныя сваёй бяспекай, якая ўжо не ўспрымаецца як дадзенасць. 75% грамадзян ЭЗ падтрымліваюць агульную палітыку ў галіне абароны і бяспекі.
Франка-германскія адносіны знаходзяцца ў парадаксальным становішчы: з аднаго боку, яны рухавік еўрапейскай абароны – нічога не адбудзецца без іх згоды; з другога, у дзвюх краін зусім розны падыход да прымянення сілы. Францыя, пастаянны сябра Рады Бяспекі ААН, валодае ядзернымі узбраеннямі, з даўняй традыцыяй інтэрвенцыянізму, цалкам гатовая выкарыстоўваць ваенную сілу, у той час як Нямеччына замест гэтага аддае перавагу выкарыстанню цывільных інструментаў.
Як можна змякчыць такія адрозненні? Сацыялізацыя: пасродкам большай колькасці прыкладаў супрацоўніцтва, сумесныя вучэнні і абмен персаналам, дакументамі, дадзенымі выведкі, досведам і г.д.
Жан-Батыст Вілмер нагадвае, што калі справа даходзіць да палітыкі бяспекі, вайна служыць лепшым стымулам. У апошнія дзесяцігоддзі кароткія фазы паскарэння ў павольным будаўніцтве еўрапейскай абароны супадалі з ўзброенымі канфліктамі. Балканскія войны 1990-х гадоў паказалі дзве рэчы: тыя, хто верыў у пасляваенны мір, былі наіўныя, а таксама межы магчымасцей ЕЗ. Цяперашняе паскарэнне не з’яўляецца выключэннем: яно адбываецца ў перыяд вялікай рэгіянальнай напружанасці, вайны ва Ўкраіне і множання пагроз.
Вілмер прапануе не чакаць наступнай буйной вайны, якая паслужыць падставай для абуджэння. Бо можа быць занадта позна.
Як бачым, у Еўропе на ўзроўні палітыкаў і дзяржаўных даследчых інстытуцый вядзецца дыскусія аб тым, як зрабіць ЕЗ мацней і бяспечней. А ў гэты самы час два фармальна бліжэйшых ваенных хаўрусніка і ўдзельнікі «саюзнай дзяржавы» Беларусь і Расея зноў пачалі малочную вайну: Масква забаранілі ўвоз беларускай малочнай прадукцыі, а Менск паабяцаў адпомсціць.
Параўнанне эўрапейскай і беларуска-расейскай сітуацыі дазваляе дакладна вызначыць, дзе саюз – сапраўдны, а дзе — фэйкавы.