Генералаў павінны змяніць цывільныя
З савецкіх часоў так павялося, што на чале сілавых ведамстваў Беларусі стаяць людзі ў пагонах, якія аддалі не адзін дзясятак гадоў службе. У Еўропе ж даўно дзейнічае прынцып падзелу палітычнага і спецыяльнага кіраўніцтва. На чале сілавых ведамстваў стаяць цывільныя міністры, якія ведаюць фінансавымі, адміністрацыйнымі і палітычнымі пытаннямі. А генералы займаюцца тым, для чаго іх рыхтавалі: бароняць альбо нападаюць.
Вядома, ёсць і палітычны фактар: у сучасным дэмакратычным грамадстве людзі ў форме знаходзяцца на службе ў падаткаплацельшчыкаў. Якія кантралююць сілавыя ведамствы праз абраных з дапамогай дэмакратычных працэдур кіраўнікоў. Такая сістэма называецца цывільным дэмакратычным кантролем за сектарам нацыянальнай бяспекі. І гэтая сістэма эфектыўная з шэрагу прычын.
Па-першае, яна дазваляе нівеляваць фактар прафесійнай дэфармацыі. Любая складаная сістэма (і сілавыя ведамствы тут не выключэнне) з часам дэградуе. Унутраныя слабасці і праблемы назапашваюцца. Для чалавека з сістэмы гэтыя працэсы могуць працякаць незаўважна, многія рэчы знутры ўспрымаюцца як норма. І толькі з боку бачныя праблемы і кропкі напружання, якія здольныя абрынуць усю канструкцыю сілавога ведамства.
Па-другое, чалавек, які на працягу дзесяцігоддзяў працуе ўнутры сістэмы, набывае не толькі прафесійны досвед. Ён абрастае сувязямі, залежнасцямі і абавязацельствамі. Таму звычайная гісторыя, калі займаючы высокую пасаду, кіраўнік з часам пачынае прасоўваць людзей па прынцыпе сімпатый, а не прафесійна-дзелавых якасцяў. Далей – больш. Кіраўнік пачынае пакрываць правалы, ці яшчэ горш – злачынствы, сваіх набліжаных.
Па-трэцяе, чалавек з боку настроены на тое, каб даказаць сваю паспяховасць у якасці кіраўніка. І не схільны трымацца карпаратывізму ці кланавасці, накіраваных, перш за ўсё, на захаванне ў недатыкальнасці нават таго, што ўжо аджыло і не эфектыўна.
Па-чацвёртае, спецыфіка любога сілавога ведамства – у наяўнасці значнага аб’ёму сакрэтнай дзейнасці. Сутнасць і значэнне працы сілавікоў часта схаваныя або незразумелыя для падаткаплацельшчыкаў. Людзі неахвотна выдаткоўваюць грошы на тое, чаго яны не разумеюць ці што ад іх хаваюць. І ў гэтай сітуацыі крытычна важным становіцца давер з боку грамадзянаў да генералаў. Цывільны кіраўнік сілавога ведамства выступае ў ролі своеасаблівага пасярэдніка, з’яўляючыся давераным прадстаўніком падаткаплацельшчыкаў ўнутры сектара нацыянальнай бяспекі.
Тут пералічаны толькі некалькі асноўных аргументаў на карысць ўсталявання дэмакратычнага цывільнага кантролю над сілавымі ведамствамі. Аднак іх дастаткова для таго, каб сур’ёзна задумацца над рэформай сістэмы кіравання сектарам нацыянальнай бяспекі ў Беларусі. Па гэтым шляху ўжо ідуць суседнія краіны. Да 2020 года ва Украіне Мінабароны ўзначаліць цывільны міністр. А МУС гэтай краіны – ужо узначальвае. Дарэчы, і ў фармальна найбліжэйшай хаўрусніцы Беларусі Расеі ўжо 11 год як Мінабароны ўзначальваюць кіраўнікі не з ліку кадравых вайскоўцаў. Анатоль Сердзюкоў па адукацыі работнік гандлю. А інжынер-будаўнік Сяргей Шайгу нават не праходзіў тэрміновай вайсковай службы.