Грамадская думка мае значэнне. Нават у Беларусі
27.02.2018 адбылося пасяджэнне Рады Бяспекі Беларусі, прысвечанае праваахоўнай дзейнасці і вынікам працы МУС. Мерапрыемства не прынесла сенсацый. Тым не менш, на адзін момант варта звярнуць увагу. Выступаючы з уступнай прамовай, Аляксандр Лукашэнка зноў запатрабаваў узмацніць барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеянне наркаманіі. Нягледзячы на меры па барацьбе з наркабізнесам і станоўчую статыстыку МУС, кіраўнік Беларусі абвінаваціў праваахоўнікаў у працы дзеля статыстычных паказчыкаў. У выніку барацьба з нелегальным абаротам наркотыкаў заключаецца ў прыцягненні да адказнасці спажыўцоў і дробных дылераў. У той час як у цені застаюцца буйныя дзялкі наркарынку.
А. Лукашэнка фактычна паўтарыў пазіцыю грамадскага аб’яднання сваякоў асоб, асуджаных за нелегальны абарот наркотыкаў, «Маці 328». Меркаванне, што МУС змагаецца з дробнымі злачынцамі і не чапае буйных, мае і пэўную грамадскую падтрымку. Вышэйшае кіраўніцтва краіны спрабуе «перахапіць» праблему, якую яно ў стане станоўча вырашыць. І ўжо гучалі заявы чыноўнікаў пра магчымасць дэкрыміналізацыі злачынстваў, звязаных з нелегальным абаротам наркотыкаў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Праўда, учора Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адхіліў такую магчымасць, пацвердзіўшы жорсткую пазіцыю МУС па барацьбе з наркабізнесам і наркаманіяй. У дадзеным выпадку важна не тое, як правільна змагацца з наркотыкамі. А сам факт: А. Лукашэнка публічна стаў на бок апанентаў МУС. Аднаго з самых буйных і ўплывовых ведамстваў у сістэме беларускай улады. Безумоўна, гэта гульня на публіку. Але зараз за кратамі знаходзіцца больш як 4 тыс. асобаў, асуджаных за нелегальны абарот наркотыкаў. І яны самі, і іх сваякі, і напэўна многія з сяброў лічаць, што тэрміны пакарання занадта жорсткія. Гэтыя людзі актыўныя, яны пратэстуюць і імкнуцца дамагчыся змякчэння пакарання для сваіх блізкіх. І ўлада іх не можа больш проста ігнараваць.
Ва ўмовах адсутнасці ва ўладаў выразнай і пазітыўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, беларускае кіраўніцтва імкнецца пазбягаць з’яўлення дадатковых грамадскіх раздражняльнікаў. Відавочна, што перад сілавымі ведамствамі краіны стаіць задача нарошчваць грамадскую падтрымку. Што патрабуе большай гнуткасці з боку іх кіраўніцтва, умення працаваць у інфармацыйнай прасторы, ўліку грамадскай думкі (але толькі па пытаннях, не закранаюць палітычны лад у Беларусі). Нават гэтыя абмежаваныя крокі будуць давацца нялёгка: кіраўнікі сілавых ведамстваў занадта прывыклі да працы ва ўмовах поўнай закрытасці ад грамадства.
Уласна, апісаная сітуацыя дэманструе схему таго, як дамагчыся ад улады калі ўжо ня саступкі, то па меншай меры – увагі: аб’ядноўвацца, быць актыўнымі, не баяцца дзейнічаць публічна. І галоўнае – разумець дзеля чаго вы гэта робіце.
Але асабіста ад сябе хачу дадаць – у дадзеным выпадку я лічу, што міністр Шуневіч мае рацыю: нельга змякчаць пакаранне для наркагандляроў. Нават для дробных.