IT-рота: пакуль шмат пытанняў
У Беларусі абвясцілі аб стварэнні IT-роты. Падраздзяленне будзе ўкамплектавана жаўнерамі тэрміновай службы, якія маюць адпаведную адукацыю і, галоўнае, досвед працы ў гэтай сферы.
З аднаго боку, тое, што беларускае войска звярнула ўвагу на пытанні інфармацыйных тэхналогій – справа добрая і слушная. Але часам слушныя ідэі ня слушна рэалізуюцца. Інфармацыі аб новым падраздзяленні пакуль мала, каб рабіць канчатковыя высновы. Але яе дастаткова, каб ставіць пытанні.
Ваеннае ведамства па зразумелых прычынах хацела б бачыць у сваіх шэрагах высакакласных спецыялістаў. Але армія – ёсць армія. І патрабаванні да здароўя жаўнераў ніхто не адмяняе. А гэта значыць, што частка тых самых прафесіяналаў проста не пройдзе медкамісію. Пры тым, што ад IT-адмыслоўцаў не патрабуецца цягаць танкавыя тракі або снарады. Іх зброя – мазгі і кампутар. Далей пра грошы: высакакласныя спецыялісты чакаюць адпаведнай ўзнагароды за сваю працу. Сумняваюся, што Мінабароны зможа плаціць шэрагоўцу тэрміновай службы 1500-2000 даляраў, якія добры IT-спецыяліст можа зарабіць у цывільным сектары. А значыць і матывацыя выконваць свой святы абавязак ў такіх прафэсіяналаў будзе невялікая. Хоць ужо абвешчана, што прызваныя на службу змогуць працягнуць удзел у міжнародных праектах па ранейшым месцы працы, гэтая перспектыва таксама выклікае пытанні. Па-першае, за такой схемай бачная прапанова папрацаваць бясплатна на дзяржаву ў асноўны час, а на сябе працаваць у вольныя ад першага занятку гадзіны. Але ці будуць тыя вольныя гадзіны? Па-другое, а як салдат тэрміновай службы будзе атрымліваць аплату за сваю працу ад цывільнага працадаўцы? Бо паводле дзеючага заканадаўства вайсковец можа атрымліваць акрамя грашовага утрымання аплату за вынікі навуковай, педагагічнай, культурнай і медыцынскай дзейнасці.
Асобнае пытанне, з якой мэтай ствараецца IT-рота, куды плануюць набраць менавіта спецыялістаў-практыкаў. Чым гэтыя людзі будуць займацца? Практычнай дзейнасцю ў сферы бяспекі інфармацыйных тэхналогій у арміі займаюцца спецыяльныя структуры. І як раз для іх лішнімі новыя адмыслоўцы не былі б. Ды і для саміх салдат гэта быў бы каштоўны і карысны досвед. Але рота будзе створана ў рамках Ваеннай акадэміі – навукова-адукацыйнай установы. Ужо абвешчана, што за кожным жаўнерам тэрміновай службы, а ўсяго іх плануецца мець 60 чалавек, будзе замацаваны навуковы кіраўнік. Будзем шчырыя: большасць тых маладых спецыялістаў, якія канкурэнтаздольныя на цывільным рынку працы, у бюджэтным сектары (у тым ліку і ў сілавых структурах) не затрымліваюцца. Можа атрымацца такая сітуацыя, калі прызваныя на службу айцішнікі апынуцца большымі прафесіяналамі за іх навуковых кіраўнікоў. І як у гэтых умовах арганізаваць даследчы працэс?
Фармат стварэння IT-роты выклікае шмат пытанняў, на якія адказы можа даць толькі час. Таму нельга выключаць, што як гэта ў нас часта бывае, хутка сама ідэя будзе трансфармавана і перайначаная да непазнавальнасці.