Ізаляцыя Расеі паглыбляецца
Замах на былога расейскага разведчыка Сяргея Скрыпаля, які пражывае ў Вялікабрытаніі, застаецца асноўнай палітычнай падзеяй Еўропы.
Лондан займае гранічна жорсткую пазіцыю. І мяркуючы па тым, што з Брытаніяй салідарызуюцца хаўруснікі па НАТО і ЭЗ, аргументы брытанцаў вельмі пераканаўчыя. Так, пасля азнаямлення з высновамі брытанскіх спецыялістаў, Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падтрымаў Лондан і дэманстратыўна адмовіўся наведваць расейскую экспазіцыю на міжнародным кніжным кірмашы. У выніку Брытанія, ЗША, Нямеччына і Францыя выступілі з сумеснай заявай, у якой ацанілі замах на С. Скрыпаля як «… напад на суверэнітэт Вялікабрытаніі, парушэнне Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі і міжнароднага права. Гэта пагражае бяспецы ўсіх нас». Цалкам верагодна, што ўслед за заявай асноўных краін Захаду будзе сфармаваная нейкая сітуатыўная кааліцыя, якая можа разгарнуць сілавую канфрантацыю з Расеяй у трэціх краінах. У той жа Сірыі ці Судане і Лівіі. У двух апошніх краінах расейская вайсковая прысутнасць пакуль носіць неафіцыйны, але пашыраючыся характар.
Ультыматыўныя патрабаванні брытанскага Прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй могуць быць праявай крайняга абурэння дзеяннямі Расеі. І адсутнасцю усялякіх сумненняў у Лондане ў тым, што за нападам стаіць менавіта Масква і ніхто іншы.
Нягледзячы на гнеў і жорсткую рыторыку, агучаныя брытанскімі ўладамі меры адплаты ў дачыненні да Расеі пакуль не вельмі ўражваюць. Аднак, усё не так проста. Па-першае, гэта толькі стартавы пакет санкцый брытанскага ўрада супраць Масквы. Па-другое, Брытанія не збіраецца ў адзіночку ўступаць у жорсткую канфрантацыю з Расеяй. Для гэтага Лондан, наколькі можна меркаваць, заручыцца падтрымкай саюзнікаў. Пасля чаго будуць прынятыя дадатковыя, на гэты раз калектыўныя, рашэнні. Па-трэцяе, адносная мяккасць агучаных мер можа суправаджацца суворасцю іх выканання. Ужо агучана, што брытанскі ўрад гатовы апублікаваць дадзеныя аб карупцыйных схемах вышэйшага кіраўніцтва Расеі. І раздаюцца меркаванні, што ў выпадку выяўлення несправядліва нажытай маёмасці расейскіх грамадзян, гэту самую маёмасць можна канфіскаваць. Па-чацвёртае, і самае галоўнае: чатыры найбуйнейшыя краіны Захаду афіцыйна абвінавацілі Расею ва ўжыванні зброі масавага знішчэння супраць некамбатантаў на тэрыторыі адной з вядучых эўрапейскіх краін. Падобныя рэчы ў найноўшай гісторыі дапускалі Паўночная Карэя і Лівія часоў кіравання Кадафі. Якія ў выніку сталі нерукападатнымі і апынуліся ў ізаляцыі. Адзін з сенатараў ЗША ўжо прапануе разгледзець пытанне аб прызнанні Расеі спонсарам тэрарызму. Пакуль гэта толькі гучная заява. Але сам факт, што яна прагучала – дрэнны знак для Масквы.
Відавочна, што ізаляцыя – гэта тое, што пагражае Расеі па выніку гісторыі з «Навічком». І наступствы будуць самымі сур’ёзнымі, прычым даволі хутка. Нашага ўсходняга суседа ўжо пачалі адрэзаць ад свету сучасных тэхналогій, фінансаў, глабальнай палітыкі. І ў будучыні гэты працэс будзе паскарацца. Што аўтаматычна паставіць пытанне «З кім быць?» перад усімі фармальнымі саюзнікамі Расеі. Уключна з самым галоўным, які «са знакам якасці».