Канец беларускай палітычнай адлігі?



Не магу пагадзіцца з тымі, хто сцвярджае, што апошняе штогадовае пасланне Аляксадра Лукашэнкі было беззмястоўным. Уважлівы назіральнік як раз знойдзе шмат цікавага.

Вось, напрыклад, згадка «Майдана і майданутых» – відавочная агаворка па дзядулі Фрэйду: крайняя тэлефонная размова Лукашэнкі з украінскім Прэзідэнтам Пятром Парашэнка прайшла не проста дрэнна, а вельмі дрэнна.

Або кранальны расповед пра тое, што Лукашэнка любіць раіцца з Уладзімерам Пуціным і Сі Цзіньпінам, і нават кіруецца іхнімі парадамі часта. Таму што, маўляў, яны прымаюць нас (гэта значыць, яго) такімі, як ёсць. І не займаюцца маралізатарствам. Вельмі празрысты намёк, што еўрапейцам у тым выглядзе, у якім ёсць, ён ужо не патрэбны. Вайна на Данбасе прыціхла, уплыў Менска на Крэмль аказаўся рашуча перабольшаным, а інфармаванасць адносна расейскіх планаў – каля нуля. Але гэта было чаканым. Праблема ў іншым: заходнія бюракраты – людзі вельмі простыя і візантыйскіх іншасказанняў не разумеюць. Гэта нам зразумела, што А. Лукашэнка паспрабаваў у сваёй манеры паказаць ЕЗ і ЗША ўзор адносінаў з сабой, які яго б задаволіў. Але асабіста я, маючы такі-сякі досвед зносінаў з заходнімі чыноўнікамі, якія па абавязку службы займаюцца беларускай праблематыкай, упэўнены, што тлумачэнне словаў пра парады з Пуціным і Сі будзе зусім іньшым. Нешта накшталт: «Лукашэнка прызнаў вельмі высокую ступень залежнасці ад Крамля, з прычыны якой ён вымушаны часцяком прытрымлівацца расейскай лініі. Але гэтая сітуацыя яго не задавальняе і ён спрабуе сысці з-пад уплыву Расеі пад заступніцтва Кітая. З прычыны чаго канфліктны патэнцыял паміж РБ і РФ будзе нарастаць». Тым больш, што гэта пацвярджаецца фактамі.

Цікавы і пасаж пра «нас перадушаць па адному». Каго нас – адносна зразумела: постсавецкія аўтарытарныя рэжымы. Але вось хацелася б падрабязней пра хто душыць будзе. Мяркуючы па згадванні каляровых (асабліва блакітных) рэвалюцый, намёк на Захад больш чым празрысты.

Ну а фраза пра падмену важных рэчаў незразумелымі правамі чалавека?

Атрымліваецца цалкам празрыстая сітуацыя: Аляксандр Лукашэнка расчараваны вынікамі нармалізацыі палітычных адносінаў з Захадам. Ён хацеў любові і грошай, а атрымаў маралі пра правы чалавека. І нават няўдзячны Парашэнка паводзіць сябе неяк дзіўна. Хоць, што з гэтага майданутага ўзяць?

Як па мне, то цалкам неадэкватная сітуацыя 30% -га скарачэння цэнтральнага апарату МЗС – адна з праяваў гэтага расчаравання. Дарэчы, цэнтральны апарат МУС скарацілі на 10%. З той жа оперы і крайнія «выбары» у мясцовыя саветы дэпутатаў. Але горшае можа быць наперадзе: перад аматарамі несанкцыянаваных вулічных акцый адкрываюцца перспектывы прысесці на даўжэй, чым 15 содняў; сьпіс палітвязьняў можа зноў папоўніцца; рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў і прафсаюза РЭП і далей застануцца звычайнай практыкай уладаў.

Чарговая кароткая беларуская палітычная адліга падыходзіць да свайго завяршэння. Дарэчы, чаканага.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ