Лукашэнка просіць Ватыкан аб пасярэдніцтве



28 верасня Аляксандр Лукашэнка выступіў перад удзельнікамі Савета каталіцкіх біскупскіх канферэнцый Еўропы. Беларускі лідар не шкадаваў кампліментаў на адрас касцёла.

Акрамя славаслоўя на адрас каталіцкай царквы і традыцыйных слоў аб верацярпімасці, характэрнай для Беларусі, значную ўвагу беларускі кіраўнік надаў пытанням мірскім, палітычным.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, А. Лукашэнка адзначыў, што ў свеце існуе патрэба ў дыялогу. І Менск гатовы прапанаваць паслугі перамоўнай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рашэнні па самых складаных рэгіянальных і сусветных праблемах. І тут жа ўсклаў частку адказнасці за вайну ва Ўкраіне на нейкіх ананімных еўрапейскіх палітыкаў. А потым папужаў біскупаў перспектывай страціць Еўропу наогул з-за канфліктаў ў рэгіёне. Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што з-за Брэксіту Еўразвяз наогул можа разваліцца. Чаго ў Менску не хацелі б. І хоць Беларусь не ўваходзіць у ЕЗ і перспектываў еўраінтэграцыі не мае, беларускае начальства цвёрда ўпэўненае, што Еўразвяз павінен быць рэфармаваны. Як быццам меркаванне Менска па гэтым пытанні кагосьці цікавіць.

А. Лукашэнка чарговы раз выставіў прапанову правесці сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага ў Менску. І выступіў за падвышэнне ролі царквы ў краіне і свеце.

Увогуле, вельмі дзіўная размова атрымалася ў беларускага кіраўніка перад каталіцкімі біскупамі. Па-першае, у Беларусі царква аддзеленая ад дзяржавы. І што там вырашаць біскупы – гэта выключна іх унутраная справа. Па-другое, Беларусь – секулярнае грамадства. Толькі 6% насельніцтва наведваюць царкву хаця бы раз у тыдзень. Што б не вырашылі біскупы, слова пастыраў самой беларускай пастве не вельмі цікавае. Гэта не добра і не кепска, гэта – факты. Аб якіх А. Лукашэнка і тыя, хто пісаў яму прамову, выдатна ведаюць.

На самой справе Менск сутыкнуўся з перспектывай замарожвання адносінаў з Захадам. Ужо мала проста мяняць рыторыку. Патрэбныя канкрэтныя дзеянні па лібералізацыі палітычнага рэжыму ў краіне. Каштоўнасныя пытанні, насуперак спадзяванням менскага начальства, ні Еўропа наогул, ні суседнія краіны ЕЗ паасобку, з парадку дня не здымаюць. І чакаюць ад Менска канкрэтных крокаў у гэтым кірунку. Без якіх прагрэс у беларуска-еўрапейскіх адносінах немагчымы. Беларусі Еўропа патрэбная больш, чым Беларусь Еўропе.

Але беларускае кіраўніцтва хацела б пазбегнуць любых змяненняў палітычнага характару ў краіне. Выступ А. Лукашэнкі перад каталіцкімі біскупамі – гэта зварот наўпрост у Ватыкан. Святы прастол – карлік з пункту гледжання геаграфіі. Але важны суб’ект еўрапейскай палітыкі. Сувязі з сусветнай палітычнай элітай дазваляюць Ватыкану выконваць важныя пасярэдніцкія функцыі не толькі ў рамках еўрапейскага кантынента, але і ў глабальным маштабе. А. Лукашэнка зацікаўлены ў дапамозе граду Пятра дзеля  размарожвання палітычнага дыялогу з Захадам. У Менску ўсё яшчэ спадзяюцца ўсіх перахітрыць, і прымусіць палюбіць беларускае начальства такім, якое яно ёсць: з парушэннямі правоў чалавека, з сімуляцыяй выбараў, з перыядычным рэпрэсіямі ў дачыненні да незадаволеных.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ