Міратворчая аперацыя на Данбасе: чаму я песіміст
Апошнія месяцы мы сталі сведкамі актывізацыі абмеркавання перспектыў правядзення міратворчай аперацыі на Данбасе пад эгідай ААН, якая б спрыяла да аднаўлення міру і ўкраінскага суверэнітэту ў рэгіёне. Ідэя выглядае, безумоўна, прывабна. Але вось перспектывы для гэтай місіі, на жаль, не праглядаюцца. Ды і ці так зацікаўлены ў міратворцах ААН самі канфліктуючыя бакі? Прычым, не толькі Масква, але і афіцыйны Кіеў.
Не прыніжаючы ролі Расеі ў вайне на Паўднёвым усходзе Украіны, варта прызнаць, што карані канфлікту глыбокія. Антыўкраінскія сілы на Данбасе маюць сацыяльную базу і досыць масавую падтрымку.
Колькасць насельніцтва «рэспублік» дакладна невядомая. Максімальныя ацэнкі даюць каля 3,8 мільёна чалавек. Зараз ва Ўкраіне не існуе электаральнай базы для прарасейскай палітычнай сілы. Гэта заканамерны вынік бягучай вайны: дараваць Расеі тысячы ахвяр ўкраінцы не збіраюцца. Але з вяртаннем у палітычнае поле Украіны непадкантрольных зараз тэрыторый Данбаса ў электаральнае поле вернуцца і сотні тысяч, а можа і пару мільёнаў, актыўных аматараў «рускага свету». Прарасейскія дзеячы зноў атрымаюць базу, а Масква – рычагі ўплыву на ўкраінскую палітыку. У Кіеве гэта разумеюць і такой перспектыве асабліва не рады.
Акрамя палітычнага аспекту ёсць і фактар эканомікі. Нягледзячы на сцвярджэнні, што Данбас карміў Украіну, рэаліі некалькі іншыя. Да вайны вугальная галіна рэгіёну атрымлівала да 1,5 млрд даляраў датацый з цэнтральнага бюджэту. Без дзяржаўнай падтрымкі большасць шахт было б асуджана на закрыццё. Што, дарэчы, цяпер і адбываецца: страціўшы грошы з Кіева, вуглездабываючыя прадпрыемствы «рэспублік» масава зачыніліся. Неканкурэнтаздольныя. Акрамя таго, вайна – гэта разбурэнні. З моманту аднаўлення суверэнітэту над непадкантрольнымі тэрыторыямі, уся адказнасць за сацыяльна-эканамічнае становішча там кладзецца на Кіеў. Як гэта ні цынічна, але з кропкі гледжання фінансавых выдаткаў яшчэ незразумела, што для Украіны больш мэтазгодна: браць мяцежны рэгіён на ўтрыманне і займацца яго аднаўленнем, або працяг вайны.
Палітычная мэтазгоднасць і фінансавы фактар аб’ектыўна падштурхоўваюць украінскі бок да таго, каб «замарожваць» сітуацыю. Безумоўна, у Кіеве ёсць цвёрды намер вярнуць свае тэрыторыі. Але не факт, што ўкраінскія ўлады так ужо хочуць паскорыць працэс вяртання.
Поспех любой міратворчай місіі на Данбасе залежыць ад добрай волі Масквы. Але наколькі ўрэгуляванне сітуацыі ў інтарэсах расейскіх уладаў? Правільны адказ: ні наколькі. Па-першае, вайна на Данбасе для Расеі – гэта вайна за знішчэнне ўкраінскай дзяржавы як такой. Дапусціць ліквідацыю «рэспублік» – значыць распісацца ва ўласнай паразе. Па-другое, пасля Данбаса надыдзе чарга Крыма. Працяг вайны дазваляе Расеі сыходзіць ад пытання аб акупацыі паўвострава. Па-трэцяе, на расейскім баку ваявалі дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну. Што з імі рабіць? Ні Украіне, ні Расеі яны па вялікім рахунку не патрэбныя. Пакуль захоўваецца бягучая сітуацыя, вырашэнне гэтага пытання можна адкладаць. А заадно і паціху “ўтылізаваць” г. зв. апалчэнцаў.
Праглядаецца толькі адзін варыянт, пры якім Масква пойдзе на дээскалацыю абстаноўкі на Данбасе: шырокая аўтаномія рэгіёну і дэ-факта прызнанне Крыма расейскім. Але гэта непрымальна ні для Украіны, ні для Захаду. Пра што неаднаразова і выразна было заяўлена з Кіева, Бруселя і Вашынгтона.
Калі глядзець на сітуацыю без эмоцый, даводзіцца прызнаць, што поле для кампрамісу па Данбасу ў цяперашні час адсутнічае. А пакуль няма жадання дамаўляцца, то і мэтазгоднасць самой міратворчай місіі – пад пытаннем.