Неабходна аднавіць рэпутацыю арміі. Але як?
Падзенне аўтарытэту арміі – праблема, якую ігнараваць проста небяспечна. Аднак, кіраўніцтва ваеннага ведамства не дэманструе здольнасці кардынальна палепшыць сітуацыю.
У Беларусі скончылася комплексная праверка арміі падчас якой на ваенныя зборы было па афіцыйных дадзеных заклікана каля 2000 чалавек. Па паведамленнях ваеннага ведамства мерапрыемства прайшло паспяхова, прызваныя на зборы ваеннаабавязаныя праявілі адказнасць пры выкананні пастаўленых задач. Між тым, тыя, хто вярнуўся з ваенных збораў, пачалі дзяліцца асабістымі ўражаннямі ў Інтэрнэце. Якія далёкія ад казённага энтузіязму дзяржСМІ. Рэакцыя на паведамленні удзельнікаў комплекснай праверкі ў сетцы ў цэлым далёкая ад жаданай: негатыўныя або паблажлівыя каментары на адрас войска пераважаюць. Што было чаканым на фоне складанасцяў, з якімі сутыкнуліся ваенныя камісарыяты пры прызыве ваеннаабавязаных на зборы. Пад адным з матэрыялаў ўдзельніка збораў – больш за 1000 каментароў! Я бегла прагледзеў іх: працэнтаў 60 – гэта адкрыта негатыўныя для войска каментары; яшчэ працэнтаў 20 – паблажлівыя. Пазітыўных або нейтральных – у лепшым выпадку 20%.
19 красавіка 2018 Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы па факце гібелі вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Раней, рэакцыя Мінабароны на смерць салдата выклікала грамадскае абурэнне і патрабаванне адстаўкі Міністра абароны Андрэя Раўкова. Па выніках расследавання траім вайсковаслужбоўцам часткі, дзе праходзіў службу А. Коржыч, прад’яўленае абвінавачванне ва злоўжываннях паўнамоцтвамі, якія фактычна давялі яго да самагубства. Высновы следства ня выклікалі даверу грамадскасці і справакавалі вал крытыкі ў Інтэрнэце. Ізноў ваеннае ведамства атрымала порцыю негатыву ў свой адрас.
Беларуская армія сутыкнулася з сур’ёзным крызісам даверу. Існуючая сітуацыя ўяўляе непасрэдны выклік ўсёй сістэме нацыянальнай бяспекі. Але як аднавіць гэты давер? Спачатку па загадзе савецкіх зампалітаў, што акапаліся ў кіраўніцтве Мінабароны Беларусі з ведамаснага сайту выдаляюць матэрыялы пра герояў нашага народа. На абурэнне адказваюць: маўляў, ідзе мадэрнізацыя сайта, потым усё вернем. Прайшло больш за два гады. Нічога не зроблена. Палкоўнікі зманілі. Прычым, зманілі публічна. Потым палкоўнікі і генералы хлусілі (зноў публічна), што ў войску закон і парадак, а Аляксандр Коржыч павесіўся сам і без прычын. Пад грамадскім ціскам улады былі вымушаныя правесці праверку. У выніку ўзбуджана амаль паўсотні крымінальных спраў. Ведамасную газету чытаць немагчыма: такое адчуванне, што Брэжнеў да гэтага часу жывы. Афіцыйныя паведамленні супярэчаць таму, што расказваюць непасрэдныя сведкі падзеяў.
Для таго, каб грамадства зноў пачало давяраць арміі, войска павінна мяняцца. Але на гэта кіраўніцтва Мінабароны пайсці не гатовае ці не здольнае (апошняе больш верагодна). З улікам надыходзячага выбарчага «мегацыклу» (выбары прэзідэнта і Нацыянальнага сходу) можна чакаць непасрэднага ўмяшання ў сітуацыю Аляксандра Лукашэнкі і прыняцця жорсткіх кадравых рашэнняў у кіраўніцтве ваеннага ведамства.