Новая хваля канфрантацыі пагражае накрыць рэгіён



У Вялікабрытаніі зроблена спроба забіць былога супрацоўніка ГРУ расейскай арміі Сяргея Скрыпаля. Гэты чалавек быў двайным агентам які працаваў на ангельскія спецслужбы, асуджаны да 13 гадоў турэмнага зняволення і выменены на групу расейскіх агентаў, затрыманых на Захадзе.

Як гэта не цынічна, але прычынай крызісу стала ня сама спроба забіць С. Скрыпаля, а спосаб, якім гэта спрабавалі зрабіць: у выніку выкарыстання баявога атрутнага рэчыва «Навічок» пацярпелі выпадковыя людзі, у тым ліку і брытанскі паліцэйскі. Была рэальная пагроза атручвання значна большай колькасці нявінных людзей. Помста здрадніку – гэта адно, але выкарыстанне зброі масавага паражэння на тэрыторыі іншай краіны, нават калі ахвяра твой уласны грамадзянін – гэта мяняе справу.

Брытанскі ўрад дэманструе упэўненасць, што за замахам стаяць улады Расеі. Праўда, пакуль не дэманструе доказаў гэтага. А таму ўяўляецца неабходным пералічыць усе базавыя версіі. Іх тры.

Першая, як было сказана вышэй, загад аб забойстве выдала кіраўніцтва Расеі. У такім выпадку можна гаварыць аб мякка кажучы своеасаблівай карціне свету, якая прысутнічае як мінімум у частцы галоваў расейскага кіраўніцтва. І пра пачуццё поўнай беспакаранасці. Што азначае непрадказальнасць дзеянняў Расеі ў будучыні.

Другая версія заключаецца ў тым, што нейкія сілы ў расейскіх вярхах вырашылі правесці аперацыю без санкцыі вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва краіны. У дадзеным выпадку прычыны не важныя. Важны будзе факт, што Крэмль не цалкам кантралюе ўласныя спецслужбы і зброю масавага знішчэння.

Трэцяя версія – правакацыя трэцяй сілы з мэтай не дапусціць нармалізацыі стасункаў Расеі з Захадам. Але пакуль ні Захад, ні Расея не дэманструюць жадання ісці на сустрэчу адзін аднаму. А ў выпадку раскрыцця правакацыі наступствы для ініцыятараў могуць быць катастрафічнымі. Ды і для правядзення падобнай аперацыі патрэбныя арганізацыйныя і тэхнічныя магчымасці, якімі валодаюць толькі некалькі краінаў. Наколькі вядома, акрамя Расеі, тэхналогіі вытворчасці атрутнага рэчыва «Навічок» могуць быць вядомыя ЗША. І тое не факт.

Таму ў якасці працоўных можна разглядаць толькі першыя дзве версіі. Прычым першая выглядае найбольш праўдападобнай.

Лондан ужо зрабіў шэраг жорсткіх заяваў. І проста спусціць на тармазах сітуацыю не атрымаецца. Брытаніі прыйдзецца рэагаваць не толькі вербальна, але і практычна. А Расея будзе рэагаваць на крокі брытанцаў і іх саюзнікаў. Канфрантацыйная спіраль можа пачаць раскручвацца вельмі хутка. Уладзімір Пуцін ужо даўно выкарыстоўвае лозунг «Вакол ворагі!» дзеля канцэнтрацыі ўлады і падаўлення апазіцыі. З іншага боку, ура-патрыятычная мабілізацыя электарату можа быць прывабнай і для брытанскага ўрада. А значыць, жорсткія дзеянні Лондану ў адказ на замах, цалкам заканамерныя і могуць дыктавацца шырокім колам меркаванняў, не толькі жаданнем «пакараць» Крэмль.

Для Беларусі, як для краіны на разломе, любая канфрантацыя ў рэгіёне стварае дадатковыя выклікі як у сферы нацыянальнай бяспекі, так і ў знешнепалітычнай сферы. Таму ў Менску будуць уважліва і з трывогай назіраць за развіццём сітуацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ