Новы самалёт для расейскага спецназу



Расея распрацавала для спецыяльных аперацый версію свайго новага транспартнага самалёта Іл-76МД-90А. Адна з такіх машын (а магчыма, адзіны прататып) была заўважана над Чорным морам у верасні 2017 года. Гэтая мадыфікацыя, відаць, мае удасканаленую электроніку, якая дазваляе лётаць пры любым надвор’і на нізкай вышыні. Навігацыйнае абсталяванне было мадэрнізавана, як і сувязь. Акрамя таго, з’явілася новая сістэма абароны ад ракет з цеплавой галоўкай навядзення (асабліва ПЗРК). Па сутнасці, мадыфікацыя Іл-76МД-90А для спецаперацый, прызначаная для канкурэнцыі з амерыканскімі МС-130 і С-17, якія існуюць не першае дзесяцігоддзе. Расея была не ў захапленні, калі Індыя, якая доўгі час з’яўлялася заказчыкам расейскіх транспартных самалётаў, нядаўна замовіла амерыканскія C-130J-SOF. Гэта экспартная версія MC-130J з узмоцненымі фюзеляжам, шасі і крылом для большай нагрузкі (напрыклад, пасадкі на грунтавых аэрадромах). Асноўны бачны дадатак – з’яўленне дадатковага радару і навігацыйнага абсталявання, якое робіць магчымым выкарыстанне самалёту ў любое надвор’е. Існуюе таксама магчымасць размяшчэння дадатковага экіпажа (напрыклад, спецыялістаў парашутнага забеспячэння для дэсантавання людзей і грузаў або некалькіх дадатковых спецыялістаў-радыёэлектроншчыкаў). Іншыя дапаўненні ўключаюць падкрылавыя кропкі падвескі для ўзбраення і кантэйнераў з абсталяваннем, пашыраны спектр радыёэлектроннага абсталявання, магчымасць выкарыстоўваць самалёт у якасці паветранага запраўшчыка.

Цікава адзначыць, што амерыканскія спецыялісты параўноўваюць Іл-76МД-90 спецыяльнага прызначэння (які называюць МС-76, не зразумела, праўда, чаму з’явілася менавіта такая назва мадыфікацыі) з С-130J-SOF. Апошняя машына можа ажыццяўляць разведку, назіранне, псіхалагічныя аперацыі, місіі забеспячэння, перавозку падраздзяленняў спецназа. З даданнем спецыяльнага абсталявання самалёт можа выконваць агнявую падтрымку наземных войскаў. Напрыклад, ужываючы звышмагутныя боепрыпасы аб’ёмнага выбуху. Варта, праўда, адзначыць адну дэталь: усё гэта магчыма ва ўмовах адсутнасці ў праціўніка сродкаў СПА больш сур’ёзных за ПЗРК.

Узнікае пытанне: калі мадыфікацыя МС-76 распрацоўвалася па замове расейскіх вайскоўцаў, а не выключна для экспарту, дзе менавіта падобныя машыны могуць быць ужытыя расейскімі войскамі?

У цяперашні час Расея вядзе дзве вайны: ва Ўкраіне і ў Сірыі. Украіна валодае істотнай сістэмай СПА. Вайна ў Сірыі па словах расейскіх генералаў падыходзіць да завяршэння. Такім чынам, падобныя новыя самалёты плануецца задзейнічаць на іншых патэнцыйных тэатрах ваенных дзеянняў. Найбольш перспектыўным з якіх пакуль уяўляецца Лівія. Расея ўжо пастаўляе ўзбраенне і аказвае палітычную падтрымку аднаму з бакоў лівійскай грамадзянскай вайны (фельдмаршалу Халіфе Хафтару). Цалкам верагодна, што расейскае ўмяшанне ў лівійскія падзеі ў будучыні будзе нарастаць. Вось тады і спатрэбіцца новы МС-76 для падтрымкі расейскага спецназу ў лівійскай пустэльні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ