Новыя амерыканскія санкцыі могуць ударыць па беларускім ВПК



Санкцыйная вайна паміж Расеяй і ЗША пашыраецца. Чарговым аб’ектам амерыканскага ціску становіцца расейскі ВПК. Дзярждэпартамент ужо пагражае новымі антырасейскімі крокамі, каб нашкодзіць гандлю расейскімі ваеннымі і разведвальнымі распрацоўкамі. Хоць у Маскве сцвярджаюць, што санкцый не баяцца, пры гэтым і не хаваюць сваю крайнюю заклапочанасць.

З 29 студзеня пачаўся працэс увядзення ЗША новага пакета антырасейскіх санкцый на падставе Закона „Аб супрацьдзеянні супернікам Амерыкі па сродках санкцый”, які Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў 2 жніўня 2017. Гэты дакумент прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці санкцый у дачыненні да Расеі, Ірана і КНДР і перасцерагае амерыканскія і замежныя кампаніі ад заключэння пагадненняў аб супрацоўніцтве або кантрактаў з расейскімі прадпрыемствамі і ведамствамі з „абароннага і выведвальнага сектараў”.

Фактычна ўводзіцца паўнацэнны прынцып экстэрытарыяльнасьці, калі амерыканскія ўлады будуць спрабаваць прывесці санкцыйны рэжым у выкананне ў любой частцы свету. Дзярждэпартамэнт ЗША пакуль не даў выразных крытэраў таго, якія ўгоды падпадаюць пад санкцыі.

Новыя амерыканскія санкцыі будуць накіраваныя пераважна супраць замежных структур (гэта значыць фізічныя асобы, кампаніі і дзяржаўныя ведамствы ў любой краіне), якія ажыццяўляюць буйныя здзелкі з абаронным сектарам і выведкай РФ. Такім чынам амерыканцы спадзяюцца паменшыць расейскі зброевы экспарт на некалькі мільярдаў даляраў у год. ЗША ўжо папярэдзілі ўрады і кампаніі краін, якія вядуць гандлёвыя аперацыі з Расеяй, пра магчымасць увядзення супраць іх амерыканскіх санкцыяў.

Пакуль усе кажуць пра тое, што пад удар падпадае экспарт расейскага ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Але справа ў тым, што ў амерыканскім санкцыйным законе гаворыцца аб транзакцыях і ўгодах, то бок не толькі экспарт з Расеі, але пастаўка ў Расею.

Для Беларусі Расея застаецца асноўным партнёрам у гандлі прадукцыяй ваеннага прызначэння. Мы закупляем на ўсходзе і гатовыя вырабы, і камплектуючыя для патрэбаў нашага ВПК. Аб’ём беларускага экспарту прадукцыі ваеннага прызначэння ў Расею афіцыйна не паведамляецца. Але расейскія спецыялісты называюць суму ў USD 500 млн. Для інфармацыі: звыш 80% аб’ёму экспарту беларускіх «Інтэграла» і «МЗКЦ» прыходзіцца на расейскі рынак. І ў асноўным гэта прадукцыя ваеннага прызначэння.

Пакуль да канца незразумелыя крытэрыі прымянення амерыканцамі новага пакета санкцый. Але разлічваць на тое, што ў Вашынгтоне беларускія кантакты з расейскім ВПК не заўважаць – не даводзіцца. Беларусь уваходзіць у Топ-20 краін-экспарцёраў узбраення. А значыць абавязкова трапіць у поле зроку амерыканцаў. Пры гэтым ЗША не маюць ні інтарэсаў на Беларусі, ні супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам, якія было б варта захоўваць і абараняць. У Амерыкі няма нават амбасадара ў Менску. Яго 10 гадоў таму выгнаў Лукашэнка. Я думаю, што з таго часу ў беларускага кіраўніка не аднойчы былі падставы пашкадаваць аб сваім учынку. І не раз ён пашкадуе пра гэта ў будучыні. Прычым – ужо ў найбліжэйшай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ