Паміж Кіевам і Менскам вырастае сцяна
Выкраданне расейскімі спецслужбамі на тэрыторыі Беларусі грамадзяніна Украіны Паўла Грыба чакана справакавала сур’ёзнае ўскладненне беларуска-ўкраінскіх адносін. Кіеўскія чыноўнікі высокага ўзроўню робяць дастаткова жорсткія заявы ў дачыненні да Беларусі. І не толькі ў сувязі з выкраданнем.
Украіна будзе ўважліва сачыць за правядзеннем сумесных расейска-беларускіх стратэгічных вучэнняў „Захад-2017”, так як бачыць магчымасці пагрозы для сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
Расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” нясуць пагрозу як для краін НАТА, так і для дзяржаў постсавецкай прасторы, заявіў начальнік Генеральнага штаба – Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Віктар Муженка. Паводле ягоных слоў, змест вучэнняў „Захад-2017”, склад войскаў, якія прыцягваюцца, дазваляе Расеі разгарнуць як на паўднёва-заходнім, так і на заходнім стратэгічных кірунках магутныя наступальныя групоўкі і стварыць умовы для іх выкарыстання.
Як відаць, агульным лейтматывам з’яўляецца тое, што на думку высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў Беларусь не з’яўляецца надзейным партнёрам, што можа гарантаваць стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. Такім чынам, выказванні з Украіны шмат у чым дэвальвуюць каштоўнасць таго, што ў Беларусі называюць менскай перамоўнай пляцоўкай. Варта нагадаць, што гэта адзіны знешнепалітычны актыў афіцыйнага Менска. “Гандаль” бяспекай складае аснову эўрапейскай палітыкі беларускіх уладаў. Відавочна, што час гэтага ўжо праходзіць. А новага “тавару” на продаж Беларусь не мае.
Ускладненне беларуска-ўкраінскіх адносін – не імгненны працэс. Тое, што ўкраінскія чыноўнікі кажуць адкрыта і публічна зараз, раней яны казалі у кулуарах: «Саюзнік агрэсара не можа быць сябрам ахвяры агрэсіі».
Праблема для афіцыйнага Менска носіць комплексны характар. З аднаго боку – гэта знешнепалітычная праблема. Здольная пацягнуць рэзкае зніжэнне цікаўнасці да Беларусі з боку Вашынгтона і Бруселя. Акрамя таго афіцыйны Кіеў у апошнія гады выступаў у якасці лабіста і паручыцеля афіцыйнага Менска перад Захадам. Таксама варта памятаць, што Украіна з’яўляецца другім гандлёва-эканамічным партнёрам для Беларусі.
Магчымасці для хуткага паляпшэння беларуска-ўкраінскіх адносін не праглядаецца. Грамадская думка Украіны патрабуе ад свайго палітычнага кіраўніцтва жорсткай рэакцыі на выкраданне свайго суайчынніка. Ці, па меншай меры, жорсткай рыторыкі. З іншага боку ў Менску, наколькі можна меркаваць, шакаваныя тым, што адбылося і не ведаюць што рабіць. А таму марудзяць з публічнай рэакцыяй, “цягнуць гуму” і чакаюць развіцця сітуацыі з надзеяй на лепшае. І усё гэта адбываецца на фоне прабуксоўкі адносін з Захадам і крызісу ў адносінах з Расеяй.
Праблема таксама ў тым, што карэнным чынам палепшыць сітуацыю без знешняй дапамогі немагчыма. Патрэбен медыятар, аўтарытэт і ўплыў якога досыць вяліка і на Кіеў і на Маскву. З постсавецкіх лідэраў такім аўтарытэтам валодае толькі прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. З далёкіх краінаў – мабыць, толькі Кітай.