Патрэбны жорсткія кадравыя рашэнні ў дачыненні да чыноўнікаў у пагонах
Рэакцыя Міністэрства абароны Беларусі на самагубства, а хутчэй за ўсё, на забойства вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, якое адбылося ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Барысаве, паказвае ўсю глыбіню маральнага падзення кіраўніцтва ваеннага ведамства. За час, што мінуў з моманту трагедыі, з боку Мінабароны не прагучала ні слова спагады блізкім і родным забітага салдата.
Больш за тое, ваеннае ведамства на працягу апошніх дзён спачатку спрабавала падмануць грамадскасць, распаўсюджваючы ілжывыя паведамленні аб тым, што ў справе А. Коржыча няма крымінальнага следу. А калі праўда стала здабыткам галоснасці і выклікала абурэнне, Міністэрства абароны не прыдумала нічога лепшага, акрамя як заблакаваць інтэрнэт-рэсурс Zvarot.by, праз які накіроўваліся петыцыі з патрабаваннем адстаўкі Міністра абароны Андрэя Раўкова. Сумнеўна, што гэтыя дзеянні былі зроблены бяз ведама кіраўніка абароннага ведамства.
Хлусня, спроба замаўчаць злачынства і заткнуць рот грамадскасці – гэта горш за злачынства, гэта горш за палітычную памылку. Гэта публічнае сведчанне баязлівасці. Што для афіцэра (а тым больш для генерала) абсалютна недапушчальна. Неабходна дэталёва разабрацца і ў тым, хто даваў указанні публічна хлусіць па трагедыі ў Печах, і хто прыдумаў ідэю з блакаваннем сайта інтэрнэт-петыцый. Гэтыя людзі павінны быць як мінімум з ганьбай выгнаныя з вайсковых шэрагаў.
Як бацька сына, як грамадзянін і афіцэр я б хацеў пачуць персанальную пазіцыю Міністра абароны як кіраўніка ведамства і як чалавека. Я б хацеў, каб генерал А. Раўкоў асабіста і публічна растлумачыў грамадскасці сітуацыю са станам дысцыпліны ў воінскіх аддзелах. І каб ён перад маці і людзьмі пакляўся разарваць на кавалкі вінаватых у смерці Аляксандра Коржыча. Але нічога гэтага не адбылося. Магчыма, Раўкоў занадта значная фігура, каб апускацца так нізка. Але войска – не багі, там, умоўна кажучы, гаршкі абпальваюць. І калі кіраўнік абароннага ведамства ўявіў сябе носьбітам боскасці, то яму варта пашукаць занятак у іншай сферы.
Безумоўна ў сваёй пасадзе не можа заставацца і начальнік 72-га АНЦ, у якім і адбылася трагедыя. Сам факт самагубства вайскоўца з прычыны маральнай абстаноўкі ў калектыве – падстава не проста для адсоўвання ад пасады кіраўніцтва вайсковай часткі, а для звальнення з УС РБ па дыскрэдытуючых падставах у сувязі з невыкананнем абавязкаў, прадугледжаных кантрактам (п. 211.2 Палажэння аб парадку праходжання ваеннай службы). Таму і начальнік АНЦ, і ягоны намеснік па выхаваўчай частцы павінны быць звольнены з войска неадкладна.
Аднак, кажучы пра адказнасць ваеннага кіраўніцтва, варта таксама нагадаць пра існаванне яшчэ аднаго ведамства, якое адказвае за падтрыманне дысцыпліны і правапарадку ў шэрагах Узброеных Сіл Беларусі. Я кажу пра Упраўленне ваеннай контрвыведкі КДБ. Барысаўскі гарнізон з’яўляецца адным з найбуйнейшых ваенных гарнізонаў у краіне. Трагедыя ў Печах паказвае, што ваенныя контрвыведнікі не кантралююць сітуацыю ў сябе пад носам. Тады што адбываецца ў аддаленых гарнізонах? І хто за гэта адказвае?
Усе тыя, хто наўпрост датычны да гібелі салдата Аляксандра Коржыча, хто спрабаваў схаваць абставіны яго смерці і хлусіў народу, хто апынуўся няздольным кантраляваць сітуацыю ў 72-ім АНЦ павінны панесці суворае пакаранне. Калі гэтага не адбудзецца, то асклепкі рэпутацыі беларускай арміі ў вачах грамадства канчаткова ператворыцца ў пыл.