Пекін рыхтуецца да новай ролі?



З 1 студзеня 2018 года Народная ўзброеная міліцыя Кітая знаходзіцца пад кіраўніцтвам ЦК КПК, Цэнтральнага ваеннага савета. Г.зн. у асабістым распараджэнні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Да гэтага Народная ўзброеная міліцыя КНР, якая з’яўляецца аналагам Унутраных войскаў Беларусі, падпарадкоўвалася кітайскаму ўраду.

Здавалася б, пры чым тут Беларусь? Як гэта можа паўплываць на беларуска-кітайскія адносіны? На маю думку – можа. Прычым самым рашучым чынам. Эканамічныя вынікі адносін з Пекінам магчыма і не ўражваюць. Але адносіны ў галіне ВПК і бяспекі развіваюцца вельмі дынамічна. Вынікам чаго з’яўляецца тая ж РСЗА «Паланэз». І іх далейшае развіццё можа падштурхнуць трансфармацыя палітычнага рэжыму ў Пекіне. Прыкметай такой трансфармацыі якраз і з’яўляецца перападпарадкаванне Народнай ўзброенай міліцыі.

Праблема Беларусі ў тым, што ў нас няма ні аднаго спецыяліста па кітайскай палітыцы. Таму пакуль мы можам абмяркоўваць кітайскую праблематыку павярхоўна і абапіраючыся на меркаванне замежных экспертаў. Большасць з іх сыходзяцца ў думцы, што Сі Цзіньпін прыступіў да канцэнтрацыі ўлады ў сваіх рукох. Кітай адмаўляецца ад прынцыпу рэгулярнай і поўнай ратацыі кіруючых вярхоў і адкочваецца да правадырскага тыпу кіраўніцтва краінай. Далей, эканамічны рост у КНР чакана запавольваецца. А праблемы ў эканоміцы, фінансах і сацыяльнай сферы – назапашваюцца. Для разумення сітуацыі: сукупны доўг КНР (дзяржавы, прадпрыемстваў і фізічных асоб) – каля 27 трлн даляраў. Г.зн. 20 тыс даляраў на кожнага кітайца. Абсалютна астранамічная сума. У выпадку росту ўнутранага палітычнага напружання, вялікая верагоднасць, што Пекін паспрабуе кампенсаваць праблемы ўнутраныя дасягненнямі на міжнароднай арэне. А пра тое, што праблемы ўнутры краіны нарастаюць, ускосна сведчыць перападпарадкаванне ўзбраенай народнай міліцыі КНР наўпрост вышэйшаму кіраўніцтву краіны. Г.зн. Старшыні Сі. Можна чакаць, што знешняя палітыка Кітая стане больш актыўнай, часам – агрэсіўнай. І ўсё большае значэнне для Пекіна будзе мець сімвалічны капітал. Напрыклад, публічнае прызнанне кітайскага лідарства, выразы павагі да Кітаю і гатоўнасці рухацца ў рэчышчы ягонай палітыкі з боку іншых дзяржаў.

І вось тут перад дарагім Аляксандрам Рыгоравічам адкрываюцца новыя магчымасці: можна трасануць даўніной і ўспомніць вопыт 90-х, калі Масква мяняла грошы на публічныя абяцанні любові і братэрства. У дадзеным выпадку для Менска важныя не грошы, а нейкія палітычныя гарантыі з боку Пекіна, што ў выпадку спробаў знешняга ўмяшання ва ўнутраную палітыку Беларусі або ціску на нашу краіну, можна будзе схавацца за спінай Старшыні Сі. Г.зн. Кітай будзе для Менска выконваць ранейшую ролю Расеі: асноўнага гаранта знешняй бяспекі. І ў першую чаргу – супраць Масквы.

У цэлым варыянт кітайскіх гарантый бяспекі для Беларусі быў бы на бягучым этапе аптымальным.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ