Першы дзень «Захаду-2017» і першыя правакацыі



Пачатак сумеснага беларуска-расейскага вучэння «Захад-2017» адзначыўся хваляй адкрытых інфармацыйных правакацый з боку Расеі.

Так, з раніцы пайшлі паведамленні пра тое, што вайскоўцы Пскоўскай, Тульскай і Іванаўскай дывізій Паветрана-дэсантных войскаў Расеі паднятыя па трывозе. Асабовы склад, выкліканы з адпачынкаў і лячэбных устаноў, рыхтуе парашутныя сістэмы для дэсантавання бронетэхнікі.

Варта нагадаць, што яшчэ месяц таму камандуючы ПДВ Расеі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў заявіў, што, на беларуска-расейскім вучэнні «Захад-2017» Паветрана-дэсантныя войскі будуць дзейнічаць «у складзе дапаможнага пункта кіравання ПДВ і трох дывізій». Г.зн. усяго каля 24 тыс чалавек, што практычна ў два разы перавышае колькасць сіл, якія плануюцца для задзейнічання на «Захадзе».

Пры гэтым у Беларусь ПДВ Расеі накіроўваць не планавалася. Расейскія дэсантнікі «будуць выконваць вучэбна-баявыя задачы на ​​незнаёмых палігонах Заходняй ваеннай акругі Расеі».

Канкрэтная задума вучэнняў расейскіх ПДВ афіцыйна пакуль не выкладзена. Але, мяркуючы па апошніх вучэннях расейскіх дэсантнікаў, гаворка ідзе пра наступальныя дзеянні. У пацвярджэнне гэтага Мінабароны Расеі прыводзіць здымкі бронетэхнікі, якая рыхтуецца да пагрузкі на ваенна-транспартныя самалёты Іл-76, з усталяванымі на ёй парашутнымі сістэмамі для дэсантавання.

Такім чынам, у перыяд правядзення вучэння «Захад-2017» на тэрыторыі Расеі пройдуць маштабныя вучэнні з наступальным сцэнаром. На фоне якіх сам «Захад-2017» і яго абарончая задума проста згубяцца. Але затое «Захад» будзе асацыявацца менавіта з вучэннямі на тэрыторыі Расеі, а не Беларусі. З усімі вынікаючымі палітычнымі і інфармацыйнымі наступствамі. І хоць фармальна вучэнні расейскіх дэсантнікаў да Беларусі дачынення не маюць, ніхто не будзе разбірацца ў дэталях на фоне спускаючыхся з неба на парашутах расейскіх бронемашын паблізу латвійскай і эстонскай межаў. А гэта значыць што і палітычная адказнасць за любыя інцыдэнты з удзелам расейскіх ПДВ, наўмысныя або неасцярожныя, будзе несці не толькі Масква, але і Менск.

Далей, карэспандэнтам вядучых заходніх выданняў, акрэдытаваных пры Мінабароны Беларусі для асвятлення вучэння «Захад-2017», расейскім бокам былі разасланыя запрашэння на наведванне расейскай часткі вучэнняў.

Адначасова Мінабароны Расеі апублікавала інфармацыю аб перакідцы ў Беларусь танкавай брыгады з Падмаскоўя. Пры тым, што там дыслакаваныя танкавыя палкі агульнавайскавых дывізій і мотастралковая брыгада, якія адносяцца да 1-й гвардзейскай танкавай арміі. А 6-я танкавая брыгада дыслакаваная у Ніжагародскай вобласці.

Відавочна, што гаворка ідзе пра спланаваныя правакацыі. Якія стаяць у адным шэрагу з выкраданнем расейскімі спецслужбамі грамадзяніна Украіны Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі ў канцы жніўня. Мэта гэтых дзеянняў — выставіць афіцыйны Менск несамастойным, цалкам залежным ад Крамля ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі і не здольнымі кантраляваць нават уласную тэрыторыю. А беларускую армію прадставіць складовай часткай ваеннай машыны Расеі. Ўскладніўшы, тым самым, адносіны нашай краіны з ЕЗ, ЗША і Украінай.

На жаль, правалы ў інфармацыйным суправаджэнні «Захада-2017» з беларускага боку толькі спрыяюць эфектыўнасці правакацый.

Такім чынам, у бліжэйшы тыдзень Беларусь будзе знаходзіцца ў ролі своеасаблівага палітычнага закладніка Крамля. А перспектывы адносін Беларусі з Захадам і Украінай бліжэйшыя 7 дзён будуць цалкам залежаць ад паводзін Расеі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ