Пра “Паланэз” які не таньчыць



12 снежня прайшоў з’езд навукоўцаў Беларусі. На якім з прамовай выступіў А. Лукашэнка. Пад час выступлення ён некалькі разоў прывёў у якасці прыкладу прарыўнага нацыянальнага навукова-тэхнічнага праекта стварэнне ўласнай сістэмы ракетнага ўзбраення – рэактыўную сістэму залпавага агню «Паланэз», якая працягвае развівацца. На перспектывах «Паланэзу» спынімся падрабязней.

Пад час міжнароднай выставы ўзбраенняў MILEX-2017 у траўні гэтага года ў якасці перспектыўнага сродка паражэння для РСЗА «Паланэз» была прадстаўлена ракета М20 кітайскай вытворчасці. Якая з’яўляецца экспартнай мадыфікацыяй адносна «свежага» аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу DF-12, прадстаўленага шырокай публіцы восенню 2013 года. Заяўленая далёкасць ракеты -280 км, г.зн. у межах, устаноўленых рэжымам кантролю за ракетнымі тэхналогіямі. Маса ракеты – 4 тоны, у тым ліку баявой часткі – 480 кг. Баявая частка: аскепкава-фугасная, фугасная, кінэтычная, аскепкава-бранябойная касетная. Ракета мае камбінаваную сістэму кіравання (інерцыяльная / спадарожнікавая). М20 здольная да манеўравання дзеля пераадолення сістэмы СРА / СПА праціўніка. На пускавой ўстаноўцы РСЗА «Паланэз» могуць быць размешчаныя 2 ракеты М20 ў транспартна-пускавых кантэйнерах.

Наколькі можна меркаваць, пастаўка М20 ў нашу краіну – пытанне альбо ўжо вырашанае, альбо ў высокай ступені гатоўнасці рашэння. У выпадку лакалізацыі вытворчасці ракет М20 на Беларусі на яе базе магчыма стварэнне ўласнай ракеты «зямля-зямля» з далёкасцю пуску ў 400 і больш км.

Акрамя таго, скончана інтэграцыя ў комплекс ўзбраення РСЗА «Паланэз» ракеты з далёкасцю пуску ў 300 км. Яна размяшчаецца ў тым жа ТПК, што і ракета з далёкасцю прымянення ў 200 км і толькі на 20 см даўжэй апошняй.

У цяперашні час маецца як мінімум адзін экспартны кантракт на пастаўку РСЗА «Паланэз». Хоць першы пакупнік і не называецца, высокая верагоднасць, што гэта Азербайджан.

Нагадаю, што з моманту пачатку доследна-канструктарскіх работ да пастаўкі першых камплектаў ўзбраення ў войска прайшло 3 гады. Дзякуючы вывучэнню і абагульненню замежнага вопыту вытворчасці падобнага ўзбраення, распрацоўшчыкамі закладзены значны патэнцыял развіцця сістэмы. РСЗА «Паланэз» адрознівае высокая ступень аўтаматызацыі. Што дазваляе ў выпадку неабходнасці падрыхтаваць аператара комплексу для прымянення ўзбраення на працягу некалькіх гадзін.

У РСЗА «Паланэз» па-ранейшаму значная частка вузлоў і камплектуючых замежнай вытворчасці. Што мае тэхнічныя і эканамічныя прычыны. Так, вытворчасць ракетных рухавікоў мае эканамічны сэнс пры аб’ёме выпуску ад 20-ці адзінак у год. Аднак сістэмы кіравання і навядзення «Паланэзу» – беларускія.

Цікава адзначыць, што ў якасці ударнага элемента ракеты РСЗА можа выкарыстоўвацца не толькі баявая частка, але і рухавік. Які можа скідацца на ворага з вышыні ў 42 км на аддаленні ад 22 да 92 км.

Закладзены распрацоўшчыкамі тэхнічны патэнцыял РСЗА «Паланэз» дазваляе выкарыстоўваць шэраг элементаў комплексу пры стварэнні нацыянальнага зенітна-ракетнага комплексу. Паводле непацверджанай інфармацыі, вытворцам ўжо вядзецца пэўная дзейнасць у гэтым кірунку. Ўзор беларускага ЗРК абяцалі паказаць да канца гэтага года. Але хутчэй за ўсё прадэманструюць у наступным 2018-м бліжэй да 3-га ліпеня.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ