Пра што сведчаць перастаноўкі ў кіраўніцтве спецслужбаў?



11.12.2017 Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі.

Начальнікам ААЦ прызначаны Андрэй Паўлючэнка, які да гэтага ўзначальваў СБП. А ягоны былы намеснік Дзмітрый Шахраеў ўзначаліў апошнюю структуру (Службу бяспекі).

Пры гэтым, адкрываючы нараду з новымі-старымі кіраўнікамі спецслужбаў Лукашэнка пачаў здалёк. Маўляў, у свеце неспакойна, таму трэба мацаваць ўнутраную бяспеку. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае барацьба з карупцыяй. Якую разам з іншымі праваахоўнымі структурамі вядуць ААЦ і СБП. І вось тут першая цікавостка: тое, што ААЦ заняты кантролем над паводзінамі вышэйшага чынавенства ў Менску і кіраўнікоў у рэгіёнах – вядома даўно. Але вось каб СБП таксама займалася нечым падобным – прагучала ўпершыню.

А далей стала зусім цікава. Аказваецца, новы кіраўнік СБП Д. Шахраеў цягам месяца выконваў абавязкі начальніка ААЦ. І настолькі добра справіўся з новай для сябе роляй, што вярнуўся ў Службу бяспекі прэзідэнта ўжо на пасаду кіраўніка.

Патрабаванне А. Лукашэнкі каб ААЦ і Служба бяспекі працавалі ў шчыльнай каардынацыі. Д. Шахраеў спецыфіку ААЦ вывучыў, а працу ў СБП ведаў да гэтага. Цяпер спасцігаць новую для сябе сферу адправілі А. Паўлючэнку. Усё гэта па ідэі дазволіць дабіцца патрэбнага эфекту сінэргіі дзейнасці спецслужбаў.

Усё лагічна, але не ўсё так проста. Па-першае, як ня круці – але СБП найбольш набліжаная да „цела” спецслужба. А значыць і кіраўніцтва яе карыстаецца падвышаным даверам. Атрымліваецца, Д. Шахраеў аказаўся больш годным за безумоўна годнага А. Паўлючэнку.

Па-другое, СБП лічыцца органам дзяржаўнай аховы (уключаючы аператыўнае і сілавое прыкрыццё «нумарных» кліентаў). ААЦ – спецыялізаваны орган у сферы тэхнічнай абароны інфармацыі і аператыўнага кантролю за законапаслухмянасцю/лаяльнасцю адказных службовых асобаў. І ў меншай ступені выконвае аналітычныя функцыі ў галіне ўнутранай і міжнароднай палітыкі.

Па-трэцяе, А.Лукашэнка, як правіла, вельмі негатыўна выказваецца на адрас Інтэрнэту (памыйніца, выграбная яма і да т.п.). Але пры гэтым з’яўляецца яго досыць актыўным карыстальнікам. Неабавязкова непасрэдна, але інфармацыю з сеціва атрымлівае рэгулярна і ў дастатковым аб’ёме. І мае цалкам дакладнае ўяўленне аб велізарным значэнні Інтэрнэту ў сучасным грамадстве як асноўнага канала распаўсюду інфармацыі. А значыць, патэнцыйнага аб’екта дзяржаўнага кантролю.

Па-чацвёртае, сінэргія наогул мае на ўвазе адзінства аж да зліцця. Так што нельга выключаць магчымасці злучэння СБП і ААЦ у адну спецслужбу.

Па-пятае, калі аб’яднанне двух спецслужбаў ўсё ж адбудзецца, то гэта выводзіць на парадак дня пытанне перадачы ад КДБ новай аб’яднанай спецслужбе падраздзяленняў урадавай сувязі. Раней А. Лукашэнка ўжо выказваў незадавальненне якасцю урадавай сувязі.

Таму вышэй ўзгаданыя два кадравых прызначэнні могуць сведчыць аб будучай перабудове сістэмы спецслужбаў Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ